Выбрать главу
Вось як жывога дзядзьку бачу, Я тут партрэт яго зазначу. Ён невысок, не надта ёмак, Ды карчавіты і няўломак, А волас мае цёмна-русы, І зухаўскія яго вусы Умеру доўгі, густаваты, Угору чуць канцы падняты; А вочы шэры, невялічкі, Глядзяць прыветна, як сунічкі, Але раптоўна і адразу Не расчытаеш іх выразу: То смех, то хітрасць з іх бліскае, То дабрата, але якая! А нос... я глянуць мушу ў неба, Бо не патраплю, як пачаць І з чым нос дзядзькаў параўнаць, Каб выйшаў ён такі, як трэба: Ну, нос кароткі і таўсматы, Ды досыць спрытны, хоць кірпаты.
Антось наш дбалы, акуратны, А пры рабоце які здатны! Што ні замысліць, то ўсё зробіць І так прыгоніць, так аздобіць, Што і для вока нават міла. І ўсё выразна гаварыла, Што ён не толькі гаспадар, Але й прыроджаны штукар, Якіх на свеце не так многа. За дзядзьку людзі просяць Бога: Каму ён толькі не спрыяе, Каго з бяды не вызваляе!
У дзядзькі цэлы спрат запасаў — Не любіць дзядзька пустаплясаў. Вось вы зірніце ў хлеў на вышкі! Там многа яблынін на лыжкі, Там ёсць ігруша і кляніна, Якая хочаш дравяніна: Грабільны, коссі, клёпкі, восі... Няма трайні — йдзі да Антося. І людзі дзядзьку шанавалі, А на кірмашы частавалі. Каса чыя нядобра косіць — Няхай Антося ён папросіць: Антось наладзіць — так дагоніць, Тады пабач, як загамоніць! Каса не косіць — каса брые І шчытнякі бярэ сухія, Бо ў дзядзькі рукі залатыя.
Каб дапісаць партрэт Антося, Скажу: на свеце не знайшлося Ні ўдоўкі-любкі, ні дзяўчыны, Каб палучыць дзве палавіны, Каб разам шчасце здабываць І поруч долю падзяляць. І я тут сам за дзядзьку мушу
Назад старонку адгарнуць, І аб вясне яго ўздыхнуць, І добрым словам яго душу Яшчэ раз шчыра памянуць. Была вясна, было імкненне, І сэрца ведала тамленне, І сэрца водгук сэрца чула, І сэрца к сэрцайку гарнула. Ды толькі ж доля не судзіла, І любка-Наста, яго міла, Што так клялася, цалавала І к сэрцу з жарам прыхіляла, Што так суліла шчасця многа, — Яго змяняла на другога! Антось... Ды што!.. цяпер забыта, Даўно пажалі тое жыта І тыя межы зааралі, Што дзядзькаў смутак калыхалі.
— Ну, хлопцы: зараз дамо жару! Саб'ем пасадаў яшчэ з пару. Снапы ў радочкі палажылі, Так і дзяды яшчэ вучылі, Каб каласы ды з каласамі, А да пярылаў гузырамі. — Ну, грымнем, хлопцы, каб звінела! І пяць цапоў ідуць у дзела! Не малацьба, а бубнаў хоры! Здаецца б, цэпам вадзіў хворы! Бічы кладуцца так рытмічна, Само гудзенне іх музычна; Снапы не ўлежаць, скачуць самі І сыплюць жыта пад бічамі, А дзядзька рэй вядзе, гукае І адным крыкам памагае: — Дай, дай яму, брат! дай з-за вуха! Гэ-гэх, скачы, баба-псяюха! Гудуць цапы ўгары праворна, Ідзе работа дружна, спорна, Аж падшыбае ўсіх ахвота, Бо мае свой захоп работа.
Вось так адно другім мянялась, Затым яно й не прыядалась, Калі было ўсё ўмеру, ўпору, І гладка йшло ўсё тут угору. Таксама вечар свае бавы Нясе з сабой не менш цікавы І асабліва перад святам, Калі, бывала, дзядзька з татам, А з імі часам гэтаксама Язык развяжа свой і мама, Пачнуць казаць свае ўспамінкі, Вясці размовы пра старынкі, Пра незвычайныя здарэнні І ім даваць тут тлумачэнні. Цяпер камінак спачывае, А хату лямпа асвятляе, Але маркотна і тужліва, А цені страшна і маўкліва То затрасуцца, затанцуюць, Як бы каго яны пільнуюць, То заспакояцца зацята, Калі замрэ і сама хата. Тады здаецца, цені тыя Не проста цені, а жывыя, І нібы ў іх ёсць нейка справа, І таямнічна і цікава. Дарэктар к печы прытуліўся, На дзядзькаў твар утарапіўся. — Мне сам казаў Пятрусь Грыхінін, І лгаць жа ён не быў павінен: Дадому ехаў ён з Княжога, Вакол няма нідзе нікога, І ціха ўсё, як бы зацята. Было ўжо трохі пазнавата, А ён на воліках пляцецца, І так яму ўсё штось вярзецца. Вось едзе ён, масток мінае, Аж хтось з-за паляў вылятае, Як жар чырвоны ды вяртлявы, І хвошча пугай ўлева, ўправа І па валах і па Пятрусю. «Вось, — кажа, — я табе спазнюся, Калі ты так запрацаваўся!» І аж да Нёмна за ім гнаўся! — Дарэктар бедны ўвесь жахнуўся, Ад страху нават аж прыгнуўся. — Мабыць, штось ёсць-такі на свеце! — На матку тут зірнулі дзеці. — Свякроў, нябожчыца Анэта, Сама казала мне пра гэта, — Яна была і цётка Рузя, Збіралі шчаўе дзесь на лузе Ды йшлі дадому каля Нёмна. Было зусім яшчэ няцёмна, Вось толькі сонца напалову Зайшло за горку Дземянову, І нікагусенька нідзе! Аж — зірк! на саменькай вадзе Сядзіць хтось, выцягнуўшы ногі, Над самай буктай, такі строгі, Як мае быць, ва ўсім адзенні І курыць люльку ў задуменні. Кабеты ў страсе далей хутка! Назад зірнулі — нікагутка! — А хто ж то быў, цьфу, праваліся?! — Спытаў дарэктар, трасучыся: Яго той страх нашчэнт занудзіў. — Ці не Янчур там рыбу вудзіў, — Азваўся дзядзька не без жарта. А ўсе маўчаць, глядзяць упарта. Да дзядзькі бліжай хлопец жмецца: Яму чорт знае што здаецца.