У хаце стала больш страхліва.
З-за вокан ноч глядзіць маўкліва,
І гэта ноч як бы жывая,
І быццам нешта яна знае,
Але аб тым казаць не хоча,
Бо на размовы не ахвоча.
А на дварэ дзесь каля будкі
Чагось брахнуў сабака чуткі,
Брахнуў і змоўк, бы страшна стала,
І ноч брахаць не пазваляла.
Аслаблі ў Яські ўсе тут гайкі.
— Э, глупства ўсё, не больш як байкі!
Міхась азваўся. — Хто баіцца,
Таму ўсё можа налучыцца.
Нашто вам лепш? тут жыў Пшавара...
Вось раз уночы чуе гукі —
Ў акно малоцяць чыесь рукі,
Малоцяць так, бы ў час пажару.
— Хто там? — Пусці, брат: то я — Сёмка,
Ну, брат, і б'юцца ж чэрці ёмка!
Не верыў я, дальбог, паверу!
На ўласным карку чуў, халеру!
На грэблю я, брат, як уз'ехаў,
Так і засыпаў мне арэхаў!
Я — па кані, ён мне — па карку!
Пасек мне спіну праз браварку!
І толькі тут, вось, адступіўся,
Калі ў дварэ ўжо я спыніўся.
Пшавара з хаты выйшаў босы
Агледзець Сёмкавы калёсы.
І што ж? вось вам і таямніцы:
Ялова лапка ўлезла ў спіцы!
Яшчэ пра страхі вялі мову,
І іх тлумачылі аснову,
І іх істоту разбіралі,
І трохі з Яські жартавалі.
Ўсяго было тут вечарамі,
Калі разыдуцца часамі!
На ўсё была свая прычына
І адпаведная часіна.
Зайшла раз мова аб навуках —
Старых, даўнейшых — і іх штуках,
Аб кнігах з чорнаю пячаццю,
Аб чараўніцтве, аб закляцці,
Аб розных хітрасцях і зману.
— Вось пусцяць нейкага туману,
І чалавек хоць і жывы,
Але стаіць без галавы! —
Гаворыць дзядзька, хлопцам дзіва,
Ўсё іх цікавіць моцна, жыва.
— Я сам такую штучку знаю,
Што без памылкі адгадаю,
Як хто стаіць, ну, хоць бы ў сенях:
Ці на нагах, ці на каленях,
Ці ён там стане, ці ён ляжа!
Вось гэта штука! — бацька кажа.
— І няўжо дзядзька адгадае?! —
Цікавасць Яську забірае,
І не дае ніяк ён веры,
І погляд кідае на дзверы,
Бо хоча ён сваю асобу
У сені вынесці на спробу.
— Ну, Костусь, пойдзем мы з табою?
Ідуць і ў сенях між сабою
Вядуць параду, як пастаць,
Каб бацька ўжо не мог згадаць.
Мяркуюць хлопцы так і гэтак,
Бы вулей ставяць пад паветак;
Урэшце ўсё абмеркавалі,
Хітрэй не трэба, як пасталі:
Адзін прыгнуўся ракушком,
Другі ў падлогу ўпёрся лбом.
— Ну, дзядзька, як мы тут стаіма?
— А так, як цюцькі за дзвярыма! —
Ім бацька з хаты дзесь азваўся,
І раптам дружны смех падняўся.