Выбрать главу

ХVІІ. Воўк

Ў будныя дні ўставалі рана: Няма калі хварэць на пана, Няма чаго чакаць панукі, Калі работы поўны рукі — Зноў закладайся на нядзелю. Садзілась маці за кудзелю; Цяплей мужчыны абувалісь, Ў сваю работу запрагалісь. Міхал, пакуль не рассвітае, Ідзе Антосю памагае, Бо трэба кончыць з малацьбою, Каб не карцела над табою. Дарэктар сам з свае ахвоты Ў гумно любіў рабіць налёты, Бо ён быў хлопец працавіты І да работы страх сярдзіты, Хоць быў яшчэ малы і кволы, — Ну, хвацкі хлопец і вясёлы! Ідзе з двара часамі ў хату — Аб чым тут ходзіць Яську-хвату — Ён на дрывотню, бярэ дровы: Ён услужыць усім гатовы, Гаспадарам і гаспадыні, Бо што тут зробіцца хлапчыне? Раз ён абцасам зачапіўся, З дрыўмі знячэўку паваліўся На крок, не далей, ад парога, Але ўсхапіўся, і нічога, І толькі глянуў на абцасы, — Былі ў іх моладасць і часы, Калі рабілі выкрунтасы І на ігрышчы тупацелі, А тут хадзіць больш не хацелі.
Таксама Ўладзя да работы Больш, чым да кніжак, меў ахвоты: Любіў ён з цэпам завіхацца Або па лесе пацягацца, Пабегаць з стрэльбай за лісамі, Ці за куніцай, ці тхарамі. І бацька з гэтым пагадзіўся: Што ж? да навукі не радзіўся, А вось мо з меншых што і будзе, Няхай яны ўжо йдуць у людзі.
Алесь сядзіць, закон чытае Або з сабою разважае, А потым зноў у кнігу ўткнецца
І сам сабе штось засмяецца. У Кастуся «Родное слово»; Ён слібізуе ўсё наново, Але склады штось не выходзяць І хлопца ў злосць адно прыводзяць, Бо Костусь — хлопец нецярплівы, У гнеў прыходзіць абурлівы; Яго падштурхвае спакуса Сказаць знявагу на Езуса, Які прад ім быў намалёван, І Езус быў тут ім аплёван: Чаму ж бо ён не памагае, Калі на гэта сілу мае? А потым злосць яго астыла, Яму і прыкра, і няміла, Ён сам сябе чуць не кусае. Ох, галава яго дурная! І ні на грош няма ёй кошту, Яго хвалілі, а завошта? І хіба ж Бог яго не чуе? Або яму Бог падаруе Вось гэты страшны грэх знявагі? Эх, Костусь, Костусь! ты — брадзяга!
Выносіць сонца дзянёк новы Скрозь гэты лес стары, хваёвы, Дзянёк кароткі, чуць заметны, Але вясёлы і прыветны. Мароз бярэцца, паціскае, Па лесе лускае, гуляе І хусты тчэ на беражку. За ноч падкінула сняжку.
Міхал ідзе ў свае абходы, А холад зімняе пагоды Яго рухавіць і малодзіць, І колькі тут разоў ён ходзіць! Тут кожна сцежка і дарожка Яму даўно-даўно знаёма, Міхал у лесе, як бы дома: Дзе ні ступала яго ножка! Якіх куточкаў тут не знае! Міхал ідзе, сляды чытае! Вось тут танюткі ланцужок Лёг так прыгожа на сняжок — То пара кропак, то дзве рыскі, Відаць, што мышкіны распіскі. Другі малюнак, след — трайчаткі Па лесе кідаюць зайчаткі; А ліс-хітрэц, выжыга чуткі, Па снезе цягне шнур раўнюткі: Слядок з слядочкам супадае, Бы лапка тут адна ступае. Міхал ідзе. У лесе глуха; Дарэмна зыкі ловіць вуха: Вакол маўкліва і маркотна, І лес застыў, глядзіць гаротна, І толькі дзесь у ельняку Шалпоча сойка на суку Ды стукне дзяцел траекротна. Міхал ідзе адзін, пануры, І сам ён хмур, і думкі хмуры, Як гэты лес, снягамі сцяты Або замоўлены, закляты. Ды гэты лес, хоць ён і немы, Але скрозь ціш халоднай дрэмы, Скрозь гэты мёртвы сон зімовы Вядзе з Міхалам казкі мовы. У лесе кожная мясціна — Лужок, палянка, баравіна — Асобны твар і выраз мае І хоць што-небудзь выклікае З таго, што памяць захавала. Так. Тут было ўсяго нямала, Тут частка жыцця леснікова. Ну, хоць бы гэта вось дуброва! Грыбоў улетку тут цьма-цьмушча, Народ сюды йдзе — гушчай-гушча. Тут шум, тут крык, тут гоман, спевы, Аж разлягаюцца ў ёй дрэвы. І вось, бывала, пан прыкажа — Сюды пасходзіцца ўся стража І робіць цэлую параду, Як дзе хітрэй зайсці ў засаду, І ўсё на гэтых людзей бедных, Ўсё з-за паноў тых ненаедных. Садзішся, ловіш. А другая І на білет рубля не мае. І мусіш драць і з беднаты. І вінават не пан, а ты: Не гаспадар злы — кажа ўсякі — А гаспадарскія сабакі... А гэты хвойнік абгарэлы! Напэўна б выйшаў сказ тут цэлы, Калі б ад самага пачатку Апавядаць вам па парадку; Але Міхалу непрыемна, Бо й тут пан лаяўся дарэмна, А ён стаяў, свяціў вачамі Перад людзьмі і леснікамі.