Выбрать главу
Міхал ідзе, і думкі ходзяць, І ў пункт адзін яны прыводзяць: Каб як зямлі сабе прыдбаць І службы гэтае не знаць, Тады паны ўжо не пашкодзяць. Ды толькі вось дзе закавыка: Купіць зямлю — купіць не лыка, Тут грошы трэба — і не сотка... Эх, брат, рука, рука каротка! Дзе ўзяць? і розум тут не змесціць, Але ўсё ж думку Міхал песціць, Пад самым сэрцам яе носіць, І гэта думка — зямлі просіць! Яна з ім заўжды: ў лесе, дома! Яна яму даўно знаёма, І нават ён, калі прызнацца, Даўно жыве ўжо ў сваёй хатцы. А гэта хата вось якая: Перш-наперш выгляд добры мае; Стаіць пры рэчцы ці крыніцы, На ёй дзве дымніцы-блізніцы З чырвонай цэглы і фарсісты. У хаце ёсць пакойчык чысты, А вокны светлы і панадны, І броўны ў сценах вельмі ладны: Шырокі, роўны, без прыточак, І жоўценькі, як той жаўточак. Хлявец, гуменца — ўсё там нова, І ўсё дакладная будова! Пры доме сад, хоць невялічкі, Ды добры сад, ніводнай дзічкі; І тут навокал тваё поле, — Раздолле тут табе і воля! Працуй, чуць з хаты толькі выйшлі. Але ўсё гэта — толькі мыслі, Эх, гэта толькі мары-кралі! О, каб яны ды праўдай сталі!
У лесе глуха, цесна стала, І смуткам цісне лес Міхала, І нейк маркотна ў гэтым боры, Душа імкнецца на прасторы, І вочы просяць свету, волі. Міхал ідзе туды, на поле, Дзе Нёман, выгнуўшыся дужкай, Абводзіць лес прыгожай стужкай; Але цяпер марозам скован І ад людскіх вачэй захован, І толькі жолаб, нізка ўгнуты, Ды лёд, ад снегу ветрам здзьмуты, Яго дарогу вызначалі.
І ціха ўсё вакол. Маўчалі Пад белай посцілкаю далі. Там, угары, дальш з-па-над Нёмна Сяло глядзела зсіня-цёмна;
Над ім стаяў дым белаваты. Панура ў снезе ніклі хаты. Міхал на горцы прыпыніўся, Стаіць, бы сон яму тут сніўся, І тут усе тыя мясцінкі Яго наводзяць на ўспамінкі. Вот тут калісь — даўно было то — Дзяўчына з іх сяла, Дарота, Купалася раз і ўтанула, І смерць яе тут агарнула. І гэта тут было здарэнне, Калі на бераг, на каменне, Гады два-тры назад, вясною, Яхіма вынесла вадою, Якога тыдняў тры шукалі, Ды не найшлі й шукаць не сталі. Таксама тут і здань здалася — Аб ёй і гутарка вялася, — Што быццам нехта на вадзе, Яшчэ нябачаны нідзе, Сядзеў і з люлькі зацягаўся Ды раптам згінуў, бы распаўся... Таемны вы, зямлі скрыжалі! Чаго ў сябе вы не ўпісалі!
Міхал раптоўна садрыгнуўся, Зірнуў за Нёман і прыгнуўся, З-за хвойкі хціва выглядае І дубальтоўку з плеч знімае, Увесь хвалюецца, дрыжыць: Ваўчуга з сёл сюды бяжыць І проста валіць на Міхала! Аж сэрца ў радасці ўзыграла: «Пастой жа, брат, пастой, ваўчуга! Ужо ж спаткаю, валацуга!» А воўк імчыцца, снег здзірае, І толькі хвост яго мільгае, Відаць, далі яму дзесь жаху. «Ну, брат Міхась, не дай жа маху!» Ён брамкі ў стрэльбе адчыняе, Прыклад падносіць да пляча; «Не так дасі ты стракача!» — Міхал паціху разважае. А воўк ляціць. Вось ён на Нёмне... Вось ён за горкай... не відаць — Ён будзе тут хвілін праз пяць... «Трымайся ж, браце, цэлься, помні!» Міхал замёр, не моргне вока: Развязка скора, недалёка — Вось-вось пакажацца звяруга!.. Ды доўга гэта штось натуга — Няма, а быць ужо пара. Цьфу ты! Што ж гэта за мара? Ўстае Міхал, глядзіць вакола, Як бы што страціў, невясёла, А рукі ўсё яшчэ дрыжаць. Ну, хоць бы, гада, напужаць! І дзе ён дзеўся? дзе, пракляты? Міхала рух бярэ заўзяты, Не возьме тропу ён ніяк, Бяжыць управа наўскасяк: А можа, там яго спаткае, А не, дык снег хоць запытае. Але й туды прабег дарма: Там і слядоў яго няма. Бяжыць назад — няма! — прапала!.. Аж нейкі пот праняў Міхала. Міхал на Нёман тут рвануўся І, як зірнуў, аж здрыгануўся, І ўсё ў ім раптам задрыжала, Аж нават шапка чуць не спала, Калі прычын Міхал дазнаўся: У стрыжаню воўк шалпатаўся! Міхала згледзеў — лясь зубамі! І злосна бліскае вачамі. Міхал хватае дубальтоўку І хоча выстраліць у воўка. А потым стрэльбу апускае І воўка зблізку разглядае. А ён — вось тут, бяры рукамі, Завіс на лапах, як у яме; Стрыжэнь глыбокі, лёд пакаты, А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе кіпцюрамі І носам рые, як зубамі, І ўвесь пружыніцца і рвецца, Але нічога не ўдаецца, І ўсё слабее ў воўка сіла. Ды страшна смерць, усім жыць міла! Ён рэшту сіл ізноў збірае, Мацней на лапы налягае, Ды іх няма за што зацяць, Яны слабеюць, слізгацяць І толькі скробаюць па лёдзе, Перабіраюць край стрыжэню, Няма надзеі нават ценю У той яго бядзе-прыгодзе, — Няма, ваўчок, табе збавення! Дарэмны ўсе твае імкненні! І ненадоўга сілы стане Вясці з вадою тут змаганне. Слабее воўк і абмярзае, А плынь усё больш падбірае, І, барукаючысь з вадою, Ён павярнуўся галавою І ўскінуў погляд на Міхала. Вачамі злосна ўжо не косіць, Глядзіць, як бы ратунку просіць... Цьфу ты! аж шкода яго стала — Так вочы жаласна глядзяць, Ну, вось, дальбог, шкада страляць!