Выбрать главу
Яшчэ раз бедны воўк рвануўся, На спіну раптам павярнуўся, Завыў жалобна і каротка І — шуг пад лёд той, як калодка! І знікла ўсё: жыццё, змаганне І прагавітасць палявання. Міхал стаіць і разважае, А потым голаву ўскідае, Як бы ён хоча запытаць, Хоць тут нікога не відаць: «Ну, што ты скажаш, брат, на гэта?»

ХVІІІ. Зіма ў Парэччы

О добры час дзянькоў прыгожых! Ты знік у хвалях часоў божых І толькі ў думках і ўспамінах Жывеш-гарыш у днях дзяціных. Далёка я ад межаў родных І дзён галодных і халодных Пражыў нямала. Я гадаю, Я родны край успамінаю, Я ім жыву, я ў ім душою І сэрцам кожнаю парою, Як той нявольнік прагне волі, Так прагну я ступіць на ролі Сваіх палеткаў, ніў благенькіх, Дарог і сцежачак крывенькіх, Што гожа ўюцца спомеж жыта
Або срэдзь лесу самавіта. І ўстануць з'явы, як жывыя, Малюнкі сэрцу дарагія, І моцна душу парываюць. «Ідзі да нас! ідзі», — гукаюць. Благаславёны час той будзе, Калі я ў родным сваім людзе Куточак бацькаў прывітаю І радасць жыцця там пазнаю.
О родны край! О край пакуты, Нягодай цяжкаю прыгнуты! Калі ж ты збудзеш тое гора, Што і цяпер там, як і ўчора, Як і даўней, цябе знішчае І горкім смуткам авявае? І ў час вялікі разбурэння Не сцерпіць нават і каменне Тваіх палёў, глухіх абшараў, Дзе след вайны агнём пажараў Пранёсся дзіка і няшчадна, Каб не заплакаць з таго здзеку, Што чалавек — звер чалавеку — Так злосна чыніць, неўспагадна!.. О край мой мілы! Ўсёй душою Хачу злучыцца я з табою, Ў тваіх палях пазычыць сілу, Ў тваёй зямлі сысці ў магілу... Дзяціны час!.. Я памятаю Зімы прыход у нашым краю. Стаіць над лесам шум маркотны; Па небе хмары, як палотны, Паўночны вецер рассцілае, І бель над далямі звісае, І ціха стане на падворку, І лес жалобную гаворку, Свой гоман восені канчае І моўчкі зіму сустракае. А сетка белая гусцее І бліжай, бліжай снегам сее. І вось над хатай, над гуменцам Сняжынкі жвавыя гуляюць, Садок і дворык засцілаюць Бялюткім, чыстым палаценцам. І тут у хаце не ўтрываеш: Кажух на плечы накідаеш, Бяжыш на двор, як той шалёны, Крычыш, гукаеш здавалёны, Зямлі не чуеш пад сабою І ловіш белы пух рукою. Ўгару зірнеш — як рой пчаліны, Снуюцца ціхія пушыны, Ўгары знячэўку штурхануцца, Глядзіш — і ў пары пабяруцца. — О-го-го, брат! — дзядзька кажа. — Цяпер зіма напэўна ляжа! За санкі, Костусь, трэба брацца, Эх, будзеш мець дзе разгуляцца!