Выбрать главу
І Костусь рады і давольны: Цяпер гулянак свет раздольны, Адкрыты новыя пуціны У круг забаў яго дзяціны, І ён ад радасці трасецца Ды ў мяккім снезе скачанецца. А снег станоўка і заложна Так і шуфлюе. Лес набожна Стаіць, маўчыць і ўсё святлее, Як бы, здаецца, весялее. Назаўтра ўстанеш — свет змянёны, У новых хутрах вербы, клёны, І ўсюды чыста, бель такая, Што проста вочы адбірае. Ў парканах шулы, як салдаты, Стаяць у струнку, зухаваты, Башлык высокі, шапкі новы, «Ура!» гукнуць табе гатовы.
Ідзе з лапатай дзядзька з хаты І адграбае снег заўзята. Ў гумно і ў хлеў праводзіць сцежкі, — Не хоча мець удзень замешкі, Бо ўдзень на рэчку і на тоні Схадзіць рыхтуецца Антоні. Мы знаем, ён — рыбак з уроды, І ўсякіх рыб ён знае ходы, Калі якая нерастуе, Што ёй пад густ, чаго бракуе; І нораў кожнай рыбы знае, Аб іх трактат ён прачытае, Ды так, што люба і паслухаць, Дзівіцца больш ды лоб чухаць. І гэта ўсё не з кніг набрана, Не з слоў вучонага паўпана, Якіх цяпер усюды досыць; Ўсё гэта ўласны розум зносіць, Свая мазолілась галоўка, А не чыя там калатоўка.
Бярэ Міхал свае прылады, Якія стрэльбе датыкаюць; Цяпер зайцы ў лясах гуляюць, Іх упалюеш без прынады, Тым болей што ганчак харошы — Ёсць сэнс прайсціся па парошы.
І чуць што толечкі разднела, У маткі снеданне паспела, Але яе ўсе падганяюць, Барзджэй рассыпацца жадаюць, Каму куды і ў чым хто здольны — Дзянёк прыдасца часам вольны. — Пакінь, Міхась, ты сучку дома, Мо дзе забіўся тхор між лома: Ў карчах на рэчцы следу многа, Іх там пярэсмыкі, дарога. І да тхароў быў дзядзька падак, А тхор цяпер дабёр і гладак: У Свержні Іцка з Моўшам проста Да шкуркі ўліпнуць, як кароста.
А Такса талент такі мела, Што за тхарамі чуць не млела. — Бяры сабе, хай астаецца, — На просьбу бацька паддаецца. І Таксу ў хаце запіраюць, А ў лес Сівалку запрашаюць. Выходзіць бацька першы з дому Мясіць снягі па буралому. На ім кучомка, верх зялёны, Кажух кароценькі, чырвоны, А стан шырокая папруга Сціскае спрытна, лоўка, туга; На меднай спронжцы лось красуе І з жоўтай бляхаю фасуе, А праз плячо паўзверх кажуха Ідзе раменны пас, бы ў зуха; На гэтым паску — знак блішчасты, А на плячах — шнур пакручасты. І вось як бацька выйдзе зрана Ды стрэльбу накрыж перакіне — І ў палясоўшчыцкім ён чыне, Дапраўды, змахвае на пана!
І дзядзька доўга не чакае, Маўчком ён Костусю ківае; А Кастусёк даўно гатовы — У іх раней была намова Схадзіць у луг на азярыны І патрывожыць род тхарыны, На рэчцы загарадзь паправіць І новы буч яшчэ паставіць, За пояс дзядзька закладае Сваю сякерку, Таксу кліча, Кусок аладкі ў нос ёй тыча І вон за дзверы выпускае, А Костусь з торбаю, з лапатай Даўно чакае іх за хатай. Спаткаўшы Ўладзю на дрывотні, Раскажа дзядзька ўвесь парадак, Бо той, наеўшыся аладак, Глядзіць за домам неахвотна. Яму ты слова — ён другое, Заўзята юха, хоць малое. І дзядзька часам загарыцца, Гатоў няўслушніку па пысцы Праехаць шорсткім сваім пальцам, Бо што ты зробіш з падшывальцам? І дзядзька, плюнуўшы сярдзіта, Ідзе, спаткнуўшысь на карыта, А ўслед яму смяецца Ўладзя. — Павыскаляйся яшчэ, гадзе, — Антось яму, — дальбог, вярнуся, Расквасіць кірпу не збаюся!.. Ото «гладыш», абы напроці, Абы нажэрціся! К рабоце І на вяроўцы не зацягнеш, У лес пабегчы толькі прагнеш. Ну, трасцу дам табе цукерку! Гулу падсуну ў табакерку! — Бубніць Антось ужо з сабою, Ідучы скораю хадою. І доўга Ўладзю дзядзька журыць, І Костусь бровы свае хмурыць: І ён на брата сэрца мае, Бо Ўладзя дзядзьку зневажае, А дзядзька поле толькі міне, Глядзіш — і злосць яго астыне. Задраўшы ўгору хвост трубою, Сама давольная сабою, Снуецца Такса між кустамі, Бяжыць і спыніцца часамі, Наставіць вушы, разважае, Вушамі нос свой павярае І ні зрухнецца, бы застыне, І лапу нават чуць узніме. А дзядзька Таксу падганяе: — Шукай тхара! шукай, малая! І Такса кінецца стралою Туды, дзе цэлай чарадою Стаяць алешыны крывыя, Пад іх карчагі патайныя. І часта тут — былі здарэнні — Заб'ецца тхорык пад карэнні. І тут усіх рух апануе. Фатыгі Такса не шкадуе: Дзярэ, грызе, пішчыць, скавыча, Бо знак дае, што ёсць здабыча. І дзядзька ўвесь, як на пружынах, Як дзік, мітусіцца ў галінах, Туды зірне, сюды памкнецца, Ну, на кавалкі так і рвецца. — Ты ж стой, брат, тут! Пільнуй, як вока: Ён тут, галубчык, недалёка! І не пудлуй, не дай, брат, маху, — Валі рыдлёўкаю без страху... — І дзядзька мовы не канчае, Ён кол маланкаю хапае. — Тхор! тхор! Дзяржы яго! — галосіць, Гарачка дзядзьку так і носіць, Бяжыць, тхара ён даганяе, Напагатове кол трымае. За дзядзькам Костусь прэ без духу. — Дзяржы тхара, дзяржы псяюху! — А тхорык бедны ў куст зашыўся, Няма ратунку, ашчарыўся, На Таксу сам ён нападае І чмыс яе грызе, кусае, Пішчыць, дзярэцца, смрод пускае, Але нішто не памагае: Таўкуць калом яго, рыдлёўкай, За шкурку плаціць тхор галоўкай. — Вось гэта, Костусь брат, удача! — І дзядзька рады, чуць не скача І гладзіць Таксачку па вушку, Яе ён лашчыць, як дачушку; Яна ж за гэта ласкі слова На смерць, на ўсё пайсці гатова: Вачамі ў вочы так і зорыць, Віхлястым хвосцікам гаворыць.