Выбрать главу
Хоць дзядзька наш не паляўнічы, Ды меў ахвоту і да дзічы. І часам, праўда, вельмі рэдка — Я сам у гэтым буду сведка — У лес надумае пайсці, Зайцоў крыху там патрасці — Зайцоў жа там было багата. Вось у нядзельку раз ці ў свята Антось рыхтуе паляванне. Дае ён хлопцам прыказанне, Хоць тыя самі без прыказу Ахвотна годзяцца адразу, А наш дарэктар асабліва. У лес збіраюцца шумліва. — Эх, шкода, брат: няма клякотак! Ну, хоць бы з парачку трашчотак! — Гаворыць дзядзька. — Ну, нічога, І так мы зробім шуму многа І ўсім зайцам задамо страху! — Дае дарэктару ён бляху. — Звані ў яе, бі, чым папала, Абы мацней яна гучала — На ўсю Свяржэнскую граду! — Алесю даў скавараду, Перагарэлую, старую, Ды незвычайна галасную. — Бяры напільнік з рукаяткай, Бубні ў яе наском і пяткай; А Кастусю я дам званок, А ты, бальшун, трубі ў ражок, — Такое справім мы ігрышча, Што лес застогне і засвішча, Ну, нежывы — і той ачнецца, Калі аблава ў нас пачнецца!
Ідуць у лес. Антось зарання Размеркаваў усё дазвання: Адкуль, якую зоймуць лаву, І як вясці самую справу, Куды і як зайцоў зганяць, І дзе ён будзе сам стаяць. Антось пазіцыю займае, Шчаслівых вынікаў чакае, Калі зайцоў пужнуць няждана, І трохі чуе ў сабе пана.
Прачнуўся лес ад бразгатання, Ад таго шуму палявання: І крык, і лямант захаплення, Гудзе лес зверху да карэння. Дарэктар рвецца на кавалкі. Зламаў на блясе ўжо дзве палкі, Дзярэцца нема, лямантуе, — Такі там гвалт — хай Бог ратуе! За пень ён лапцем зачапіўся І змоўк тады, як паваліўся. Алесь грыміць скаварадою І пацяшаецца гудою, На ёй вызвоньвае ён штучкі, Але напільнік выпаў з ручкі, Зляцеў у снег — і будзь здароў...
Нідзе не бачылі зайцоў, І дзядзьку стрэліць не прыйшлося, Але пачулі ад Антося: — Забілі зайца, не забілі, Але ж, брат, гуку нарабілі.

XIX. На рэчцы

Ніхто з дамашніх не згадае, Чым рэчка Костуся зваймае, Якая іх звязала сіла І чым яна так хлопцу міла. Бывала, толькі чуць разднее, Чуць трошкі ў лесе пасвятлее, Глядзіш — на рэчку ён шыбуе І лёд сякеркаю мацуе, То падбяжыць і скаўзанецца, І сам сабе ён засмяецца; То спыніць крок, замрэ, застыне — Такая радасць тут хлапчыне! Лядок закохкае, угнецца І вось-вось зломіцца, здаецца, Але нястрашны і знаёмы Для хлопца гэтыя надломы, Палоскі-стрэлы гаваркія, І моцны скрэпы ледзяныя. Марозік крэпіць, лёд таўшчэе, І рэчка вольная нямее, Да дна вадзіца вымярзае І ходу, бедная, не мае, І цесна там ёй, і няміла Яе халодная магіла; Але дарма: жывую сілу Не запраторыш ты ў магілу, Мароз бязжаласны і люты! Хоць ты звязаў і крэпка путы, Скаваў і рэчкі і азёры І ўсё заціснуў пад запоры, Разлёгшысь лёдам і снягамі Над чыстым полем і лугамі, Ды ты жыцця, брат, не здалееш, Як ты ні дурыш, ні шалееш. Глядзі — скрозь ковы ледзяныя Сачацца кропелькі жывыя, Дарогу новую шукаюць І лёд вадою заліваюць. І праўда: рэчачка-крынічка, Хаця і мелка, невялічка, Але такую сілу мае, Што лёд угору падымае І ломіць глызу, як націну. — Гэ, брэшаш ты, мароз, не згіну Я пад карою ледзяною, Пабарукаемся з табою! — Як бы гаворыць смела, гулка Марозу бойкая рачулка. І між марозам і вадою На гэтай рэчачцы зімою Такія справы вынікаюць, Што надта Костуся займаюць. Калі на рэчку ён ні прыйдзе, Глядзіць — штось новае там выйдзе: То лёд, уздуўшыся гарбамі, Бубніць, як бубен, пад нагамі, То ападзе наніз, угнецца, На дно пластамі пакладзецца, А па кустах, на абалоні, Ціскі парваўшы і супоні, Вада шырока разальецца, І снег на кашу пабярэцца, І як ні гне мароз, ні гладзіць, Але нічога не парадзіць, І чуць ён толькі аслабее, Чуць-чуць адліжкаю павее, Глядзіш — вадзіца лёд злізала, Ў раўку пясочак паказала, І хвалькі жвавыя за хваляй, Як і нябыта, бягуць далей, Пакуль мароз не засярдуе І сілу зноў ён не пачуе, Каб закаваць раўчук праворны За розум надта непакорны.