Выбрать главу
Ўжо Костусь двойчы неўзаметкі Саскокваў з печы на разведкі, У вокны доўга прыглядаўся, Ў малюнкі так ён углыбляўся, Што ў іншы свет перабіраўся. На шыбе ўсё: снапкі ржаныя, Чароты хвацкія, буйныя, І розных красак, траў нямала. У душу летам патыхала, А з ім і вобразы другія Ўставалі, сэрцу дарагія. Вось тут лясок, вось крыж пахілы, Як вартаўнік чыёй магілы, На ціхай горцы пахіліўся, Бы аб пакойніку маліўся; Там нібы рэчачка цікава Звілася ў вербах кучаравых... Ўсё так павабна, так прыгожа І так на праўду ўсё пахожа, Што хлопец сам не памятае, Дзе ён і што ён разглядае. — Не стой ты, хлопец, пры аконцы: З акна, як з зяўры, дзьме бясконца! Зноў будзеш кашляць, — кажа маці. А хлопцу ўжо абрыдла ў хаце, Ніяк блазноце не сядзіцца, На рэчцы хоча апыніцца. А тут яшчэ, як на спакусу, Чуць дзядзька з хаты паказаўся, Мароз ужо прымайстраваўся І белым пухам сеў на вусу. І хто з двара ў дом ні прыходзіць, Пра холад гутарку заводзіць: — Ну ж і мароз — аж нос зрывае! А як на ўсходзе чырвань грае! Слупы такія паўставалі, Пажарам страшным загулялі! Такія з'явы ў божым свеце! — Ну, як тут вытрываць, скажэце? Кастусь у запечку стхарыўся, Абуцца ў лапці прымудрыўся, А ў лапцях вушкі скураныя Былі ўжо досыць пажылыя; Цішком сабраўся, апрануўся
Ды ў лес з сякеркаю кульнуўся. А лес, як добры той знаёмы, Стаіць збялелы, нерухомы Абапал рэчачкі сцяною, Над ёю сплёўшыся страхою, Далёка кінуўшы галінкі; А маладзенькія ялінкі Пад белым пухам чуць заметны; Яны так мілы, так прыветны, Бы тыя красачкі-дзяўчаткі, Надзеўшы гожыя апраткі. Затое ж хвоечкі малыя Стаяць, як сіраты якія, Ад снегу выгнуўшысь дугою, На дол прыпаўшы галавою. «Пагнуў вас снег, мае хваінкі! Эх вы, гаротныя націнкі!» — Над імі Костусь разважае, І жаласць хлопца пашыбае. І ён да хвоек падбягае, Сняжок з іх ціха атрасае — І хвойкі зразу ажываюць, Ўгару макушы падымаюць, Спярша павольна, бы баяцца, А потым пойдуць разгінацца. А хлопчык рады і смяецца, Стаіць з мінуту, не схіснецца, Аддаўшысь нейкім думкам-марам, Аж б'ецца сэрца яго жарам.
Але пара, пара за дзела! І ён да хвоек падбягае, Замерла рэчка між лясамі, Бярозы голымі сукамі Спляліся з вольхамі над ёю; Яліны цёмнай чарадою Навіслі густа салашамі. А вось старая дзеравяка Упала ў рэчку, небарака: Відаць, што бура палажыла І мост жывы з яе зрабіла. А лёд, бы мур сцямна-зялёны, Чуць пасярэдзіне падняты, Ляжыць, цяжэрны і зацяты, Вартуе ходы ўсе і гоны, Каб і стрыжэньчык не прабіўся. І вось тут Костусь прыпыніўся, На лёд глядзіць, штось разважае І ў ход тапорык свой пускае. Лядок закашляў, заіскрыўся, На срэбра-друзачкі пабіўся; Ляцяць крупінкі ледзяныя, Бы ўлетку пырскі дажджавыя, І чуць апошні лёд зламаўся, З зямлі клубок вады падняўся І з шумам коціць паўзверх лёду, Пачуўшы волечку-свабоду, Ўсё большы, большы круг займае.. Але што гэта так спявае? Адкуль тут музыка нясецца? Чыя тут песня ў душу льецца? Такога спеву-сугалосся, Што тут над рэчкаю панёсся, Ніхто не зложыць, не зайграе. Ці гэта казку лес складае? Ці даль ачнулася нямая І немасць песняй парушыла, Што спакон векаў утварыла? Ці то нябёсы адамкнулісь І ціха-ціха адгукнулісь Зямлі, ўсяму яе стварэнню? Ці то вясна йдзе ў аддаленні? Вось звоны звоняць ціха, гожа, Спявае жаваранка божа, А ёй утораць пташак хоры На безгранічнай дзесь прасторы, Між мора гэтых зыкаў дзіўных Нясецца ў хвалях пераліўных Здалёку песня салаўіна... Расце, гарыць душа дзяціна І ўсё на свеце забывае І шчасце, радасць спажывае. І хоць дазнаўся ён прычыны, Адкуль той звон і спеў птушыны, Але як стане прыслухацца, Пачне сапраўды сумнявацца, Што гэта іней так з вадою Вядзе размову тут зімою. Дык вось чым рэчка хлопцу міла, Чым так яго прываражыла!