Выбрать главу
Антось таксама цяпер вольны, Яму — бы празнічак прастольны: Сюд-туд, глядзіш — ён ухадзіўся, Ці з'еў ці не — на луг пашыўся; Цягнуў луг дзядзьку, ім валодаў. Сябра майстэрства і паходаў, Сякерку, вострую падругу, Засуне спрытна за папругу. І Костусь з дзядзькам, як вядома; Хіба ты ўседзіш цяпер дома? А з дзядзькам пойдзеш — так цікава! Яны йдуць бойка і рухава, Бо зімны холад падганяе.
Любота, братцы! снег лятае, Ды так спакойна, так ціхутка! Куды ні глянь — усё бялютка. А тыя лёгкія пушынкі, Здальнейшых ручак кружавінкі, Сухіх чаротаў чуць крануцца, То так жа люба засмяюцца, То ціха-ціха загамоняць, То штось шушукнуць, то зазвоняць. А там, між лесам і табою, Сам Бог паводзіць барадою: Трасецца сетачка сняжынак, Як смех прыгожанькіх дзяўчынак, Што звоніць песняй маладою.
Антось на рэчцы прыпыніўся: Тут першы загарад таіўся Пад гэтым снегам і пад лёдам З адным-аднюткім толькі ходам, І той бучом быў перахвачан — Яшчэ увосень час тут страчан, Палонка лёдам моцна скута, Ды працы тут адна мінута. Палонку дзядзька прасякае, А Костусь, радасны, чакае, І зорыць пільна ён вачыма, Калі той бучык дзядзька ўзніме. А дзядзька — о, ён акуратны! Работнік дзядзька наш выдатны: Ва ўсім парадак і лад любіць І часу дарма ён не губіць! Прасек палонку, крыгу вынуў,
Тады на бучык вока кінуў, Бярэ за палку, падымае І буч на бераг выкідае. І дзядзькаў твар крыху святлее — Была слабая тут надзея; А вось глядзі, там штось шалпоча, — Відаць, іх доля не сіроча! І буч кулём угору ставяць І часу доўга тут не бавяць. Развязан куль. Тут гоман, смех, І рыбу вытраслі на снег. Акуньчык спрытна страпянуўся, Мянёк-завала ўзварухнуўся, Яшчэ мянёк ды пара плотак. Ну, вось табе і заработак! А там яшчэ ёсць загародкі... Не дармы, не, іх пераходкі! Ідуць дадому, разважаюць, Чаго на святы накупляюць, — Антось часамі, як дзіця. Тым часам заўтра і Куцця. Міхал — ужо нейк вайшло ў моду — Ў Нясвіж прад святамі штогоду Вазіў для замкавых паноў Грыбы, і рыбу, і зайцоў.
Куцця. Марозна. Хмурнавата. Сняжок падкідвае заўзята; Снег на Куццю — грыбы на лета, Такая матчына прымета, А сцежкі чорны — ягад многа; Ну, і за гэта хвала Богу. Абегаў Ўладзя раўчавіну, І клін, і пасечку, лагчыну. Па жменьцы ў снег аўса стаўляе — Зайцоў ён гэтым прывабляе, Каб праз акенечка з каморы, Калі прынадзіцца каторы У ночку цёмную хадзіць, Навесці стрэльбу і забіць, Бо тут зайцоў было даволі. І дроў на свята накалолі, Трасянкі загадзя натрэслі, Сянца пахучага прынеслі: Куцці гаршчок ужо ў калена Стаяў на лаве, чакаў сена, І вось цяпер гаршчок з куццёю, Як цар даўнейшаю парою, Ў пачэсны кут, на свой прастол, Стаўляўся з гонарам за стол На гэта сена пад багамі, Ўладар над хлебам і блінамі, Бо ён у гэты дзень — персона! Яго вянчаў абрус-карона: Гаршчок агорнуты пашанай, Хоць ён фаміліі глінянай.
Якія ж матчыны намеры Наконт куцці, наконт вячэры? Ох, гэта дзецям знаць цікава, Калі якая будзе страва, Ў якім ліку, ў якім парадку?
Што на канцы і што ўпачатку? А ў маткі ўсё абмеркавана І ўсё прадумана ад рана. Там, на гары, пад шчытам дзе-та, Быў мак павешан яшчэ з лета — Цяпер у цёрле ён пацёрты. У патайным куце каморы, Як смерць Кашчэя, пад запоры Мядок быў хітра дзесь запёрты, — Цяпер яго насталі часы, Бо ён патрэбен для закрасы, І што кісель той без сыты У вечарок гэты святы?
Маўчком Антось часінай шэрай У ельнячок шмыгнуў з сякерай: Ці ж ён звярэдзіцца, сагрэшыць, Калі малых дзяцей пацешыць І іх ялінкай пад куццю Хоць раз забавіць у жыццю, Калі забавіць толькі зможа? Ялінка ў хаце так прыгожа! І колькі радасці і ўцехі! На ёй валоскія арэхі, А з пазалочанай паперкі Глядзяць панадныя цукеркі; І больш на ёй няма нічога, Ды хіба ж дзецям трэба многа? Даволі з іх і той прынады — Яны давольны, яны рады.