Выбрать главу
У хаце добры лад і згода, Як патрабуе і прыгода, Паважнасць вечара святога — Не ўчуеш слова ты благога, І ўсе прыбралісь і памылісь, Міхал з Антосем падгалілісь І парасчэсвалі чупрыны. — Ну, засцілайце стол, мужчыны! І стол той гуртам прыбіраюць, Настольнік белы падымаюць, На стол растрэсваюць мурог — На сене колісь быў Сын Бог — І роўным пластам рассцілаюць, Сянцо абрусам закрываюць. За стол садзяцца ўсе ў парадку І прад сабой кладуць аладку, Відэльцы, лыжкі разбіраюць І стравы першае чакаюць. — Ты, брат, глядзі не ашукайся: Не надта зразу накідайся, Бо потым шчыра пашкадуеш, Калі жывот свой напіцуеш: Чым дальш — смачнейшыя патравы, І многа іх, і ўсе цікавы; Я знаю хітрасць гэту ўсю, — Алесь гаворыць Кастусю.
Міхал бутэльку адтыкае, Бо ўжо закуска тут чакае: Стаяць, як горкі, скавародкі, Тут акунькі, мянькі і плоткі, Ды так падсмажаны, што люба — Сама да іх імкнецца губа. Гарэлка, радасць-весялуха, Прыемна булькае для вуха І гэтак вочы прыцягае, Ну, як каханка маладая! — Ну, што ж, Антось, здароў будзь, браце! Няхай дае Бог лад у хаце, Дабра, прыбытку прыспарае, Каб у хляве ды ўсё пладзілась, Каб жыта ў полі каласілась, Няхай раяцца добра пчолы, І самі будзем мы вясёлы; За год дай божа дачакаць Здаровым новы год спаткаць. — Дай божа! — дзядзька адазваўся І сам з прамовай зварачаўся, П'ючы цяпер да гаспадыні, — Падатак кожнай дай часіне, На ўсё гатовы ў кожным часе.
І вось вячэра зачалася! Спыніцца мушу я на квасе: Ён колер меў чырванаваты; Тут быў таран, мянёк пузаты, Шчупак, лінок, акунь, карась, Кялбок і ялец, плотка, язь, Яшчэ засушаныя з лета. Але не ўсё яшчэ і гэта: Аздоблен квас быў і грыбамі, Выключна ўсё баравічкамі; Цыбуля, перчык, ліст бабковы — Ну, не ўясісь, каб я здаровы! Пільнуй, — цішком скажу між намі, — Каб і язык не ўцёк часамі. За квасам елі верашчаку, А потым блінчыкі на маку, А там ламанцы-праснакі З пшанічнай добрае мукі; А макаў сок такі салодкі! Ламанцы ў ім, ну, як калодкі — Так добра макам праняліся, У рот паложыш — абліжыся. За прасначкамі йшлі кампоты, Кісель з мядоваю сытою; Вячэру скончылі куццёю, Але ўжо елі без ахвоты, Абы падатак той аддаць, Стары звычай ушанаваць. І после гэтакай вячэры Жывот выпучваўся без меры, А з-за стала як уставалі, То нават трохі і стагналі.
На першы дзень святых калядак Такі ўжо быў стары парадак — Збіралі сена са стала, Кармілі ім каня, вала І ўсіх жывёлін, хоць па жмені, А на стале, ў драбнюткім сене Здавён-даўна вялося й гэта — Уважна зернетак шукалі І па тых зернетках гадалі, Які зародзіць хлеб налета.

XXІ. Таемныя гукі

Пад іншы год у холад люты, Калі ўсе рэчкі лёдам скуты І ўсё пад снегам качанее, Глядзіш — цяплом табе павее, І з поўдня вецер хмары гоніць, У вокны дождж буйны зазвоніць І з капяжоў руччом сцякае, І снег жыўцом ён паядае. Скідае лес убор зімовы. І шум другі на лад-спеў новы Над борам цягне несканчона. І фанабэрыцца варона: «Вясна! вясна! гразь! гразь!» — спявае, Як бы вясну ўжо сустракае. Паміж алешніку змяёю Крыніца чорнай паласою На свет зірнула, лёд прабіла, Ў старых карчах загаманіла. І палыселі касагоры, Вадою поўняцца разоры, Бяжыць, шуміць вада ў лагчынах. І лёд уздуўся ў азярынах, Дарогі ў полі ўсе псуюцца, Аб крыгі крыгі з шумам труцца, І луг заліт увесь вадою, Як і сапраўднаю вясною. Ды гэта толькі кпіны-жарты: Зімой цяпла чакаць не варта — Зіма свайго не падаруе І злосна ветрам засвідруе Ды так пацягне, так зайграе, Што проста нос табе зрывае. І выюць ў полі завірухі, Як за труною маладухі, На лес накідваюць наміткі І робяць гурбы ўвачавідкі. Варона гонар свой збаўляе, Ды зноў да сметніка вітае, І свой жывот галодны пыніць, На спевы дзюба не расчыніць. Дзярэўі ў белы пух убраны, І снегам «лысіны» засланы; Застылі рэчкі, азярыны Пад гнётам белай кажурыны. Лёд на лугах, як люстра, ззяе, І сонца зрэдку ў ім гуляе...