Настане ноч — і ўсюды ціха,
Хіба завые дзе ваўчыха
Сярод трушчобы ў цёмным лесе
Ды гучна лусне гонта ў стрэсе...
Але што гэта? што за гукі?
Адкуль яны? Чые то рукі
Забілі цяжка малатамі,
Як тыя коні капытамі?
Якія там майстры майструюць?
І што куюць? над чым працуюць?
Стаіш і ловіш зыкі тыя,
А луг трашчыць, гудзе і вые;
То рэзкі трэск там панясецца,
Бы чорт лазаты засмяецца,
То заскавыча, то застогне,
Ды так, што ўсё, здаецца, дрогне;
Не то сякера мерна чэша,
Не то хтось кашляе ці брэша.
Гу-гу! — штось гукне, садрыгнецца,
Бах-бах! — на гук той адзавецца
І аж па лесе пойдзе рэхам
Ды зарагоча дробным смехам
То тут, то там ды як засвішча —
Як бы там чортава ігрышча!..
Ўсю ноч, ад рэчкі і па Нёман,
Ушыр, удоўж нясецца гоман
Няўцямны, сцішны і таемны
І разам страшны і прыемны.
А ноч ціхутка; ў багне цёмнай
Пустэлі страшнай і бязмоўнай
Гараць дрыготна, ззяюць зоркі,
Як найдарожшыя пацёркі,
То паасобку, то гурткамі,
То брыльянцістымі радкамі,
І іх пучочкі-златаблёсткі
Наўкола кідаюць пялёсткі;
Яны гараць, жывуць і граюць,
Бы вочкі там чыесь міргаюць;
Ды зрэдку ў небе дзесь далёка
Над лесам тым у момант вока
Мігнецца стужка агнявая —
То знічка згасне залатая.
Вось выйдуць хлопцы гуртам з хаты
На гэты час, як неба шаты
Раскіне гожа над зямлёю
І вее згодаю святою.
— Ша! Ціха вы, не гаманеце!..
О, што ж та дзеецца на свеце?
І хлопцы разам заціхаюць
І на Алеся пазіраюць;
Алесь замёр, здзіўлення поўны,
Глядзіць у луг, стаіць бязмоўны,
У бок лугоў руку трымае.
— Во, во! што, чуеце? страляе!
— Што гэта, хлопцы? вось дык дзіва! —
Дарэктар шэпча палахліва. —
Няўжо з Нясвіжа б'юць гарматы? —
І Яська кінуўся дахаты.
— Ой, дзядзька, цётка! — ён галосіць,
І нейкі рух яго аж носіць. —
Ідзеце борздзенька, ідзеце.
Там штось грыміць, ну, паглядзеце! —
І так завойкаў, так завохаў,
Што ўсіх у хаце напалохаў.
— Ну, я табе, брат, мала веру:
Перабіраеш трохі меру, —
Антось на гэта адазваўся,
Але на двор пашыбаваўся,
Кажух накінуўшы на плечы;
І маці прасніцу да печы
Таксама ставіць, прысланяе,
На двор за імі выпаўзае.
Пасталі ўсе, стаяць маўкліва
І вухам ловяць тое дзіва.
А луг бубніць таемна, глуха,
Як бы ў кадушку б'юць з-за вуха.
— А што, ці чуеце? Што гэта? —
Дарэктар ціхенька пытае;
Самога страх так і шугае.
— Эх, Яська, брат, ідзе камета!
Прапалі мы — сканчэнне света! —
Антось гаворыць, чуць не плача. —
Прапаў ты, Яська-небарача,
І не пабачыш бацьку з маткай,
Хоць папрашчаўся б з роднай хаткай:
Яе ўжо бачыць не надзейся!
— Не, дзядзька, што гэта, не смейся, —
Антося хлопцы абступілі
І разам тут загаманілі.
— Ідзеце ў хату! — кажа маці. —
Калі ўжо гінуць — гінь у хаце.
Адразу хлопцы схамянулісь,
Што ў нечым моцна абманулісь,
І стала болей ім цікава,
У чым тут сіла тая, справа.
Антось у хату йдзе, рагоча,
Тлумачыць зразу ён не хоча:
Ахвоту меў-такі, прызнацца,
Ён трохі з Яські насмяяцца,
А хлопцы голавы ўскруцілі,
Ў хаду ўсе спосабы пусцілі,
Найсці прычыну тую квапяць,
Але на след ніяк не трапяць.
— Ну, дзядзька, годзе ўжо смяяцца;
Самім нам трудна дагадацца,
Адкуль, з чаго такія гукі?
— А ты ж выкладваеш навукі,
І імі розум твой начынен,
Ты гэта ведаць сам павінен:
Які ж з цябе настаўнік, браце?
Не многа ж гэтага багацця
Ў тваёй галоўцы, мой нябожа!..
Ну, хто дарэктару паможа? —
Тут дзядзька вучняў аглядае. —
Напэўна Костусь адгадае...