Ну, Костусь, брат, зрабі ім брыдка:Тут штука проста, вачавідка! —І ўсе на Костуся зірнулі,Але адказу не пачулі.— Кажы смялей! Ну, думаць годзе,Ты ж любіш коўзацца па лёдзе!..— Бадай вы, дурні, пагарэлі! —Прамовіў бацька тут з пасцелі;Ён там драмаў, цяпер падняўсяІ сам у гутарку ўмяшаўся,Каля камінку стаўшы збоку.— Няўжо ж у вас не хопіць клёкуТакое глупства расшалопаць?Па мордзе б, гадаў, вас нашлёпаць,Тады б вы сцямілі навуку,Найшлі б прычыны таго груку!Маўчаць яны, насы спусцілі,Сядзіць дарэктар, як на шыле, —Нагналі ж чэрці ім занозу.— Дык гэта ж лёд трашчыць з марозу! —Алесь і Костусь выпадковаГукнулі разам ў адно слова.Тут бацька зразу адпусціўся,Павесялеў і праясніўся.— Вот малайцы!.. а вы што, цеслі?Гулу вам меншыя паднеслі!Адзін — бальшун, другі — дарэктарІ тлумачэльнік разам, лектар...— Фэ! брыдка вам! — іх дзядзька журыць,А Ўладзя толькі бровы хмурыць.— А-ей, якая мудрасць гэта:Яе забыў я трэцце лета!— О, ты Сальмон у нас вялікі,Як на чытанне, так на лікі,А вось скажы, калі ты кемны:Чаму трашчыць так лёд надземны? —Другая вынікла задача;Пацее Яська, чуць не плача,Сказаць штось хоча і баіццаУтраціць гонар, памыліцца,І Ўладзя вочы апускае.— А справа, бачыце, такая, —Антось тут сам пачаў тлумачыць: —Была паводка гэта, значыць,Вада па лузе разлілася,А потым лёдам занялася,Мароз падскочыў ды прыціснуў,Вада і збегла, лёд павіснуў:Цяпер наніз ён ападае,А лёд таўшчэрны, важкасць мае,А паміж лёду і вадою,Ўнізе пад мёрзлаю зямлёюПустое места астаецца,І вось як глыза садрыгнецца,Яна і грукне, як з гарматы...Ну, зразумелі, небажаты?— І я так думаў, — Ясь азваўся, —Ды толькі выказаць баяўся.— І я даўно ўсё гэта ведаў,Але маўчаў... — Ты, бізун дзедаў! —На Ўладзю бацька напусціўся, —Глядзі: я бачу — распусціўся!Маўчаў бы лепш ды хоць шалопаўДы менш губою гэтай лёпаў...Не будзе сэнсу з цябе, хлопча:У гразь жыццё цябе затопчаЗ тваёй навукай гэтай разам,І будзеш век ты каламазам!— Ну, што ж? і колы мазаць трэба,Абы які кусок мне хлеба, —Тужліва Ўладзя зазначаеІ смех агульны выклікае.— А вось і я пытанне маю!Чакайце ж, я вас запытаю, —Да старшых Костусь прамаўляе,І гнеў ён бацькаў адхіляе:— А што, скажэце, зорка значыць,Якой ніхто мо і не бачыць:Яна маланкай мігатнеццаІ згасне. Дзе ж яна дзяецца?І да зямлі не далятае,А проста дзесь яна знікае?І змоўклі ўсе адразу ў хаце:Як адказаць? З чаго пачаці?— Ага! — тут хлопцы падхапілі. —Цяпер і мы вас ушчамілі.— Што нам з таго, што гінуць знічкі?І клопат будзе невялічкі,Калі прычын іх знаць не будзем:Якая з іх карысць тут людзям? —Бярэ сам бацька перша слова. —І з'ява гэтая — не нова:Яны штоночку вынікаюць,Але без следу прападаюць.То — тайнасць божжа, яго воля.Чаго мы, людзі, мо ніколіІ не дазнаемся, як трэба,Бо то — вялікая вучэба.— Чаму? дазнацца мо і можна, —Гаворыць дзядзька асцярожна, —І пэўна ведае навука,Што астраноміяй завецца,Адкуль тут што і як бярэцца.Замыславатая то штука,А вось, як будзеце вучыцца,То можна сэнсу і дабіцца,Бо помню я, як сам вучыўся,Нам штось пра іх казалі ў школеІ вытлумачвалі даволі,Але цяпер пра то забыўся.— І я, — тут маці засмяялась, —Сказаць хацела, ды збаялась,Якраз як наш дарэктар гэты.Калі стваралісь Богам светы,Па зорцы светлай чалавекуНазначыў Бог святы спрадвеку;Яна жыццём яго кіруеІ лёс яго і смерць пільнуе.Чым больш з людзей хто выдатнейшы,Таго і зоркі блеск яснейшы,І гасне зорачка святая,Калі даручаны сканае:Вось так на небе адначаснаЯна мігнецца і пагасне,Як бы хто з жалю вочкі ўскінеІ невядома дзе загіне.І неба слых тады прыклоніць,І анел слёзку ціха зроніць...Як я была яшчэ малою,То дзед, бываючы ў настроі,Часамі вёў апавяданніАб гэтым зорачным зніканні,Яшчэ казаў: «Калі хто зможа,Пакуль не згасне служка божжа,Задумаць што ў мамэнт бліскання,Таго ўсе споўняцца жаданні».Для хлопцаў гэта тлумачэннеНайболей мела здавалення,І ўсе іх думкі мімаволіБлукалі дзесь у божым полі;Іх захапляў свет безгранічныІ ўласны лёс іх таямнічны.