Выбрать главу

XXІІ. На глушцовых токах

Адбыў свой час панура люты. Дзянёк патрошку прыбывае, Прыветней сонейка бліскае, І рве рачулка свае путы. Ідзі, зіма, ідзі ў дарогу: Прайшоў твой час, дзякаваць Богу! Пабач, старая: там, у полі, Чарнеюць леташнія ролі! А ўзгоркі вунь паразумнелі, Бо вельмі значна палыселі. А лес, глядзі, які вясёлы! І дуб смяецца, хоць і голы. Паслухай добра: чуеш песні? Цяпер яны ўжо не заўчэсні, Ужо бо сонейка праменні Гатуюць шлюбныя адзенні І ткуць карону дарагую Вянчаць зямельку-маладую... Пара, зіма, табе складацца І ўпроч з кудзеляй выбірацца!
І вось у дзень адзін прыўдалы Загаманілі перавалы. І гоман, спеў і шум усюды, Як бы ў цымбалікі і ў дуды Зайгралі тысячы музыкаў, Бы іх на баль тут хто заклікаў. Ідзе вясна з цудоўнай лірай; На звон яе зляцеўся вырай, І жыцце ўсюды вынікае, І пташка песню зачынае. — Вясна павінна быць раджайна: Вада шуміць штось незвычайна, Як гром далёкі — густа, глуха І так прыятна нейк для вуха, — Міхась, вярнуўшыся з абходу, Адзначваў добрую прыгоду. А Костусь дома не ўтрывае,
Паслухаць шум той выбягае; І праўда: гук такі цікавы... Як мілы гэтыя праявы!
Аб чым гудзе вада так важна, Так мілагучна, так працяжна? Напэўна, гэтая вадзіца, Мабыць, якая чараўніца, Калі наўперад многа знае І пра раджайнасць нешта бае. І нават тата даў ёй веры. Праз дзень прыйшоў наказ з кватэры, Якога бацька спадзяваўся, Каб у Камлішчы ён збіраўся, Бо ўжо глушцы затакавалі, А іх прад святам палявалі; Але ўпярод, да палявання, У змрок вячэрні і ў світанне Туды на подслухі хадзілі, Глушцоў шукалі і сачылі, Пакуль паны не прыязджалі.
Два буданы ў бары стаялі: Адзін — салаш яловы просты, Другі драўляны і з памостам; І вось, як панства наязджала, То тут яно і начавала. Ляснік у будцы сваёй гнуўся, Хоць да агню ён больш гарнуўся; Але і тут было няміла: Адзін бок мёрз, другі смаліла. Міхал сабраўся, апрануўся
І ў лес павольна пацягнуўся: Ў лясах снягі яшчэ ляжалі, Ды ўжо з узгоркаў саступалі І больш туліліся ў лагчынах Ды па цяністых раўчавінах. Зіма і тут збірала клумкі. Міхал ішоў, з ім йшлі і думкі, А з імі вобразы ўставалі І ў сэрцы водгук выклікалі. І часта хваля абурэння, Глухі пратэст нездавалення Яго ахваціць і ўскалыша І гневу знак ў душы напіша. Панам пацеха і забава, І ў іхнім гусце гэта справа; А ты, як Каін, валачыся, У будане па тыднях гніся, Ды часам пану не ўнаровіш І «пся крэў», «дурня» часта зловіш, З апошніх слоў цябе аблае, А то і горш яшчэ трапляе. Была б свая зямля і хата!.. Ды будзь ты тры разы праклята І служба панская і ласка І доля вечная падпаска! І многа розных дум устане, Пакуль будан той з лесу гляне. Між буданоў агонь палае, Міхала Пальчык там чакае; З другога боку йдзе Гавака, Стары аб'ездчык і служака. Сядзіць Абрыцкі на калодзе І грэе ногі, люльку курыць, Зачаў гаворку, балагурыць Аб рознай рознасці, прыгодзе. Чаго ён толькі не ўспамяне! Каму ў душу ён не загляне! І абгаворыць, пасмяецца; Панам таксама дастаецца, Бо пан Абрыцкі, сказаць смела, Між імі цёрся жыцце цэла; Быў на Палессі, на Валыні — Дзе толькі доля не закіне! Сядзеў з ім поруч Дземідовіч, З другога боку — Астахновіч, Ўжо леснікі немаладыя, І хлопцы сталыя, такія, З якімі можна выпіць чарку, Таксама й ездзіць па іх карку, Чаго Абрыцкі не цураўся.