Выбрать главу
Праз паўгадзіны ўсе сышліся. Цяпер размовы павяліся Наконт паноў і палявання. Ох, дасць Ракоўскі залівання, Калі панам не пашанцуе І сам глушца не запалюе; Так і ўскіпіць, як рак чырвоны, — Такі ён кручаны, шалёны! Сам вінават — цябе аблае, За няма-што з гразёй змяшае. Ох, і паганая урода, Прышыбла б дзе яго калода! Абрыцкі моўчкі дым пускае І люльку пальцам прыціскае, Аб чымся думае сукрыта; Усмешка нейкая разліта І на твары і пад вусамі. І толькі ўскіне ён вачамі То на таго, то на другога, Ды не прамовіць ён нічога, Бы засмучае штось старога.
— Ўставайце: едуць! — Ўсе ўсхапілісь, Захвалявалісь, захадзілісь, Знакі на грудзях папраўляюць І на спатканне выбягаюць І ўраз спыняюцца, стаяць — Паноў тых трэба прывітаць. Паны ў калясцы пад'язджаюць. Хурман тут лейцы падцінае, Стаенных пару прыпыняе, А пан Абрыцкі з леснікамі Скланілісь нізка прад панамі. Паны чуць-чуць адно зірнулі, На іх увагі не звярнулі, Як бы не людзі то стаялі, І ў свой будан павандравалі. Тут леснікі бягом да брычкі, Бо знаюць панскія прывычкі, Нясуць іх стрэльбы і пакункі, Прылады розныя, ладункі І ў будане іх прыбіраюць, Панам, як могуць, дагаджаюць.
Паны ж не бачаць іх, не чуюць, Бярэ іх нейкі рух, жартуюць; Усё іх цешыць, забаўляе, На лад вясёлы падымае: Будан, агонь, начлег цікавы, Прасцецкі стол, салома, лавы, Таксама цешыць паляванне, — Ім тут цікава ўсё дазвання, Апроч людзей, што ім так дбаюць І ўсе іх глупствы выпаўняюць. Тут быў Ракоўскі, пан ляснічы, З Нясвіжа глаўны кіраўнічы Маёнткаў княжацкіх, пан Свіда, І трэці пан, даўгі, як дзіда, Быў пан Кржывіцкі, равізовы, Яшчэ нябачаны тут, новы. Цямнее ў лесе. Ноч надходзіць, Марозік злёгку націскае. На небе месяц усплывае, Задуму смутную наводзіць І лес маўклівы азірае. Гарыць-дрыжыць агонь шумлівы, А залатыя пералівы, Вуглёў міганне-дрыгаценне Ім ткуць чароўнае адзенне: Шчыты агнёвыя, кароны, То ярка-светлы, то чырвоны. Шугае полымя бурліва, А іскры-зорачкі шчасліва Бягуць-плывуць бліскучым роем Угору ў голькі к тоўстым хвоям І ў верхавінах прападаюць, Бы вочкі плюшчаць, уміраюць. Тут светла, весела, ўсё жыва, А ў лесе цьма ляжыць маўкліва, Глядзіць панура, неласкава, Што не ў свой час ідзе забава. Дрыгучы блеск вакол гуляе, І цьму адгэтуль адганяе, І піша здольныя малюнкі, І фарбаў розныя гатункі Па тоўстых хвоях раскідае, Дзівоты чараў выяўляе.
Сядзяць паны, як страхі тыя, А міны важныя такія, Ўсе непрыступны і ўсе горды, Рашучы погляды і цвёрды, А ў кожным слове, ў кожным руху Відна знявага да «псяюху». «Псяюхі» ж ім усяк слугуюць І для вячэры стол гатуюць, Ў агонь бярвенні падкідаюць І прад панамі выдыгаюць. І вось за стол паны садзяцца, Ім заманулась частавацца; Кілішкі «вудкай» наліваюць І чаркі з чаркамі стыкаюць, Жуюць смажэнне і вяндліну І хваляць добрую часіну. А «вудка» больш развесяляе; Пан равізовы зачынае: «Ешчэ Польска не згінэла, Пукі мы жыемы». Паны адны перад другімі Шыкуюць жартамі сваімі, Свой розум, гонар выстаўляюць І дубальтоўкі выслаўляюць. Ракоўскі, злосны з леснікамі, Зусім не той цяпер з панамі. Паны ў хвальбе не зналі меры, Самім сабе не мелі веры, Ды пра лганнё сваё маўчалі, Не падсяваючы, ўсе лгалі. — А я, — тут Свіда выступае, Ён вус угору падымае І панству кідае з запалам: — Седм вількув забів едным стшалэм! Паны на момант слупянеюць, Жаваць іх сківіцы не смеюць: Загнаў пан Свіда ім загвоздку, Як бы у горла сунуў костку. — Дальбуг, цекаве, даен слово! —