У хаце вучням не сядзіцца —
Прайшла ахвота ў іх вучыцца;
І сам дарэктар уздыхае,
На Мікалаўшчыну ківае,
У смутку нейкім часта ходзіць,
Аб доме гутарку заводзіць,
Пускае жарты міма вуха,
Яго не цешыць саладуха,
Якая хлопцу падабалась,
Бо вельмі добра удавалась.
— Сказаць, не кепска тут хлапчыне, —
Прамовіць часам гаспадыня, —
А ўсё ж дамок свой моцна цягне,
І кожны к матцы сваёй прагне.
Прыйшлося ўважыць тут малому
І адвязці яго дадому.
А вучні кніжкі пахавалі
І ўжо Вялікадня чакалі.
Прыйшла вялікая субота,
Даўно прыпынена работа,
І ўжо пад вечар сама хата
Была прылучана да свята:
Лагоднасць, згода і павага
І вельмі сталая развага
Ўвесь гэты дзень тут панавалі.
І блізкасць свята шанавалі
Старыя, дзеці і падросткі
І шуму тут не падымалі,
Як будным днём з-за кожнай косткі.
Алесь, Кастусь і Міхаліна —
Сама найшла на іх часіна —
На працу зранку выйшлі самі
І падмялі двор дзеркачамі;
Пясочку потым накапалі
І сцежкі ім панасыпалі;
І гэты дворык так змяніўся,
Так гожа траўкай заіскрыўся,
Што проста глянуць было люба, —
Хоць ты вядзі яго да шлюба.
Мужчыны загадзя пабрылісь,
Вадою цёплаю памылісь,
Бо трэба ж ім было сабрацца
Паехаць ў цэркву спавядацца.
Хоць і казаў Антось, бывала,
Што тут, у лесе, грахоў мала;
Калі ж часамі грэх налучыць,
Аб ім забудзеш, ён не мучыць
І не пашкодзіць ў справах неба,
Але папу аддаць іх трэба.
І вось пад вечар трохі важка
Загрукацела каламажка,
На свет выходзячы з усмешкай,
Зіму згуляўшы пад застрэшкай.
Антось агледзеў тут прылады,
Калёсам добра даў «памады»,
Густога дзёгцю і варволю,
Каб меней крыўдзілісь на долю;
А напамадзіўшы калёсы,
Паправіў вітыя атосы
І падлажыў у задок сена.
Вясёлы час — павозак змена!
Агледзеў дзядзька ўсю аздобу,
Тады зрабіў павозцы спробу.
Калёсы лёгка закруцілісь,
З вясёлым гукам пакацілісь.
Пайшлі ў хаду раўнютка, гладка,
Як з маслам першая аладка.
Тым часам ў хаце ўсё гатова,
Цяпер за бацькам толькі слова,
Бо ён у лесе прыпазніўся
І вось цяпер яшчэ пыніўся.
А хлопцы зрання рыхтавалісь,
Па добрай згодзе змеркавалісь
І самі зладзілі, вядома,
Хто едзе з іх, хто будзе дома.
— То будзем ехаць — я гатовы...
Ну, аставайцеся здаровы! —
Міхал дамашнім пакланіўся
І шапку зняў, перахрысціўся.
Яму ў адказ дабра жадаюць,
Грахі ўсе чыста адпускаюць.