Выбрать главу
Над ціхай талаю зямлёю Навісла ночка той парою. Было спакойна і лагодна, Як бы сама прырода тая Паважнасць свята адчувае, З людзьмі жыве супольна, згодна. Маўчаць хваіны, ані зыку, Не шэпне гэты бор-музыка, Стаіць маўчком і разважае, Відаць, Вялікадня чакае. «Цяпер і страхі пазнікалі!» На вуха Костусю шапталі Якіясь думкі-весялушкі: «Звяры Вялікдзень чуюць, птушкі, І хвоі гэтыя, і елі, Ліхія людзі падабрэлі, Бо святам божым ўсюды вее; З нажом разбойнік не пасмее Залегчы ў лесе срэдзь дарогі, Бо і заможны і убогі Святы Вялікаднік святкуюць І радасць ў сэрцы сваім чуюць». І гэту згоднасць, радасць свята Ва ўсім Кастусік адчувае: І ў тым, як з дзядзькам размаўляе, На возе седзячы з ім, тата, Чуваць яна ў пытанні брата, І ў гэтым лесе безгалосным, І ў мерным клыгату калёсным; Вось так і чуеш, што й дарога Цяпер паслушна волі Бога, І пераказваюць навіны Калёсам гучна каляіны. Дарога з лесу выйшла ў поле, Калёсы коцяцца паволі, Шуршыць пясочак мнагазначна. Ў сяле на цэркві чуць абачна Блішчыць ліхтарык і мігае, Дарожных погляд прыцягае. Яны лагчынку праязджаюць, Гару сярэднюю мінаюць, Клады з паніклымі крыжамі, Дзе дрэвы голькамі-брыжамі Навіслі ціха над зямлёю, І едуць мернаю ступою. Вось хаты з мроку выплываюць, Агнямі вокны ў хатах ззяюць, І на пясочку блескі-плямы Прыгожа пішуцца скрозь рамы. Яшчэ па звычаю старому Мужчыны сталыя удому Свае літанні адпраўлялі, Пакуты Езуса спявалі. Так і цяпер у Ратуёвых,
Ў Яхіма дзядзькі, ў Базылёвых, Таксама ў Стасечкі і ў Даткі Свае захоўвалі парадкі: Сядзелі згодна і набожна І спеў святы вялі заложна, Вачэй не зводзячы з кантычкі. Часамі тут былі і стычкі, Калі спеў новы зачыналі Ды ў тон агульны не траплялі. — Не так, Андрэй, ты пачынаеш! — Не, гэта ты, Сальвэсь, збіваеш! — Не так, мужчыны, вось як трэба! Пры гэтым чуўся бас Язэпа, Другія голас далучалі, І гуртам зноў яны спявалі За накіроўваючым басам. А падарожныя тым часам На двор да швагра заязджаюць, Ідуць у хату, ўсіх вітаюць. Карусь Дзівак ў сваім кажусе Ляжаў на печы ў цёплым дусе, Як заўжды ў вольную часіну; Ляжаў, курыў і цыркаў сліну З-за белай коміны на хату; І ён таксама рады святу, Але ніяк не мог стрымацца, Каб з печы жартам не азвацца, Абы хто ў хаце паказаўся, І сам ён смехам заліваўся; А цётка Магда не стрывае І Дзівака свайго палае: — Чаго, кацьмак, там заваліўся? Пайшоў бы ў цэркву, памаліўся, Зусім ты Бога адцураўся: Пятнаццаць год як спавядаўся! — А што папу казаць я маю? Я печ на рай не памяняю! — Цьфу, млын пусты! ото завала, Бадай табе было зарвала! — І злосна дзядзьку лае цётка, А ён хіхікае каротка. — Што, дзядзька, пойдзем ў цэркву, можа? — А пойдзем, голубе-нябожа! Антось і Костусь ідуць з хаты. Цянююць вуліцай дзяўчаты, Шчабечуць весела, смяюцца, І хлопцы дзесь перагукнуцца. І ўсе вясёлы, ўсе рухлівы І святам заўтрашнім шчаслівы. А цэрква, макаўка святая, Народу поўна, блескам ззяе. Сярод царкоўкі плашчаніца Стаіць між елачак зялёных. Кабеты, дзеўкі, маладзіцы Ідуць-плывуць да плашчаніцы У хустках белых і чырвоных, Набожна хрысцяцца, ўздыхаюць І лбом данізу прыпадаюць. Направа сталыя мужчыны Стаяць, разгладзіўшы маршчыны. А Чыліноў Алесь надзьмуўся, Ў святыя дзеянні уткнуўся І там, дзе слоў не расчытае, На сажань голас працягае. — Вось Чыліны як дацінаюць! — Чытанне людзі адзначаюць. Народ калышацца, хвалюе, Бы ў цёмным віры вада тая, І ўсё плыве, ўсё прыбывае, А ўлады сну ён больш не чуе, І блізак час святой дзянніцы. «Хрыстос васкрос!» — з гары-званіцы Вяшчае першы звон шчасліва. Народ увесь, бы ў полі ніва Буйнымі гнецца каласамі, Скланіўся ціха галавамі. А пачакаўшы з паўгадзіны, Нясуць жанкі, нясуць мужчыны Кашы, каробкі, паўасміны І ставяць ў рад на цвінтары Ўсе велікодныя дары. Маленне бацька-поп канчае, Ідзе з крапідлам і махае. Заварушыліся каробкі, Кашы, рашэты, паўасміны, — Чакалі доўга той часіны Дзямян, Шабас, Казімер, Сцёпка. Паперлі полем русакоўцы, Бягуць да коней свержаноўцы, Гудуць, склікаюцца, віншуюць, Адны другіх ў галдзе не чуюць, І ўсе спяшаюцца, бягуць, Каб рот свой скорамам заткнуць. Антось з Міхалам тож гатовы. — Святкуйце ж веселы, здаровы! — Усім дабра яны жадаюць І за вароты выязджаюць. А людзі ў хатах не драмалі: Ўжо «алялюя» адспявалі І за сталамі ўсёй сям'ёю Сядзелі — цешылісь ядою. Панукі конік не чакае, І сам ён рыссю запускае, Як бы спяшаецца дамоў Замчаць сваіх гаспадароў.