Выбрать главу
А новы дзень, даўно жаданы, Ўжо сыпле багру на курганы, І стрэлы-косы залатыя На ўзгоркі падаюць крутыя. А хмаркі ў фарбах златалітых, Ў шаўках агністых, аксамітах, То паасобку, то гурткамі, То залатымі ланцужкамі, Як бы спыніўшысь нерухліва, Усмешкі кідаюць шчасліва, — І ім хацелася, відаць, Святы Вялікаднік вітаць. — Ну, едуць, едуць! — Алесь з хаты Бяжыць да дзядзькі і да таты, І дзеці кінулісь к парогу. — Ну, вось і дома, дзякуй Богу! Прыйшлі у хату, ўсіх цалуюць, З святым Вялікаднем віншуюць; Памылісь борздзенька, садзяцца, Бо час даўно ім разгаўляцца. Абрусам белым стол накрыты, Ўсё мае выгляд самавіты; Мужчыны добры і прыветны. Ніякай цені незаметна. На бэльку кінуў бацька вочы, Бярэ кантычку і гартае, «Вэсолы нам дзісь дзень» шукае.
Хоць спевы слухаць неахвочы, Але трымаюць дзеці згоду, Бо ўжо вялось так год ад году. «Вэсолы» ў «ксёнжцы» дзесь прапалі, Насілу ўдвух іх адшукалі І раптам дружна зацягнулі, Як бы іх пугай сцебанулі; І маці голас далучае І так танютка вырабляе, А гаспадар ўсё болей з баса Утне такога выкрунтаса, Аж сам падзівіцца сабе, І стане горача табе. Антось бярэ больш танкавата Й не адстае ніяк ад брата, А хлопцы толькі усміхнуцца, Але сядзяць, не зварухнуцца. К канцу падходзіць «алялюя», Ў камору маці тут тралюе, Нясе прынадную бутэльку. Кантычка зноў ідзе на бэльку. Відэльцы дружна разбіраюць, І гуртам яйкі ачышчаюць, І па кусочку іх бяруць, Крыху падсольваюць, ядуць. Вось бацька чарку налівае І вочы ўгору падымае. — Дай, Божа, за год дачакаць Здаровым, вясёлым, жывым І новы Вялікдзень таксама спаткаць У добрым здаровейку ўсім, Каб гора і смутку не зналі. — Дай, Божа! — разам адказалі. І пайшла чарка з рук у рукі, Пілі ўсе гладка, без прынукі; Малым папрабаваць далі, Каб весялейшыя былі. А на стале тым — рай, ды годзе, Што рэдка трапіцца ў народзе, Ляжала шынка, як кадушка, Румяна-белая пампушка, Чырвона зверху, сакаўная, Як бы агонь у ёй палае, А ніз бялюткі, паркалёвы; Кілбасы-скруткі, як падковы, Між сцёган, сала і грудзінак Красуе ўсмажаны падсвінак, Чысцюткі, свежы і румяны, Як бы паніч той надзіманы. Муштарда, хрэн — адно дзяржыся, У рот паложыш — сцеражыся! А пірагі, як сонца, ззялі, І ў роце бабкі раставалі. Са смакам елі і багата — На тое ж даў Бог людзям свята.