XXV. Летнім часам
Прайшоў Вялікаднік свяценькі.
Бяруцца людзі за сявенькі,
За плуг, за бораны, за сохі,
Пайшлі разгульвацца патрохі.
Запахла поле зноў раллёю;
Гракі, вароны чарадою
За свежай ходзяць баразною.
Вясёлы шум і пануканне
Чутны да самага змяркання.
А над палямі ў ясным небе,
Як быццам песнямі аб хлебе,
Які даручан гэтай глебе,
Зальюцца жаваранкі хорам,
І песні моўкнуць па-над борам.
А сам той бор глядзіць з усмехам
І ўторыць чуткім сваім рэхам
І спеву-посвісту драздоў,
І громкім трубам пастухоў,
І ціхай дудцы за гарою.
Адна работа за другою
Ідзе-плыве сваёй чаргою
То ў агародзе, то на полі
І не спыняецца ніколі;
І так у клопаце, ў рабоце,
Ці то ў няволі, ці ў ахвоце
Вясна мінецца, прыйдзе лета.
Тады штодня ўставай дасвета,
І агнявокая дзянніца,
Як маладая чараўніца,
Цябе сагрэе мілым смехам,
Авее духам чыстым бораў,
Палёў, лугоў, нябёс прастораў
І сыпне радасць нізкім стрэхам,
Ды толькі будзе той дастойны
Вітаць у ранічак спакойны
Златавалосую багіню,
Той да грудзей яе прыхіне,
Яе пацешыцца красою,
Хто сам абмыецца расою.
За колькі дзён да касавіцы
Касцы заглянуць на паліцы,
Каб малаток знайсці і бабку:
Ідзе работа, не спі ў шапку.
Агледзьце, братцы, добра косы,
Каб не псаваць свае пракосы,
Каб не ўвадзіць людзей у грэх,
Касарства зводзячы на смех.
Пахібка знойдзецца якая,
Наш дзядзька першы не ўтрывае
І на пакошу тыкне пальцам:
Бяда няўмекам і нядбальцам,
Хто шнур зжуе няроўным плехам —
Антось яго ўжо дойме смехам,
Задзене проста за жывое,
Хоць сэрца ў дзядзькі і не злое.
Затое ж дзядзька хват і дока,
Набіў на косах сваё вока,
І калі выбера ён коску —
Не пара іншаму падоску:
І ярка, лёгка, спрытна, гонка;
Другі лягчэй знаходзіць жонку —
Свой вечны лёс, сваю красу,
Чым дзядзька добрую касу.
І паглядзець было цікава,
Як дзядзька шчыра і ласкава
Касу на рынку выбірае!
Якіх ён спроб там не ўжывае!
Спярша агледзіць яе пільна,
З усіх бакоў глядзіць прыхільна
І паступова, па парадку
Як на насок, так і на пятку
І на кляймо, на шыйку тую;
Глядзіць мінуту і другую.
Ды для касы гэтага мала:
Спрабуе кіпцем яе джала
І спробу зробіць над абухам,
Тады паверка йдзе ўжо вухам,
Ці добра звоніць коска гэта, —
У дзядзькі тут свая прымета,
Ды я не ведаю якая, —
І дзядзька косцы загукае:
«Ка-са!» і вуха прыкладае —
Сакрэт знаў дзядзька ў гэтай штуцы:
Каса павінна адгукнуцца;
Калі ж каса не гаваркая,
То дзядзька спосаб яшчэ мае:
Наслініць, выцершы насуха,
Рубец касы, той край абуха,
І ўпапярок у тую сліну
Кладзе саломінку-націну,
І тут каса ўжо, брат, не схлусіць:
Удоўж саломка легчы мусіць.