А тая ранічка на полі
У часе летняга расквету!
Эх, выйдзі ў поле, брат, дасвету:
Не будзеш каяцца ніколі.
Зірні, прыслухайся наўкола:
Як ціхамірна, як вясёла.
І ў кожным дрэве, і былінцы,
І ў малюпасенькай раслінцы,
Ну, ва ўсім чысценька дазвання
Блукае радасць спадзявання.
Куды ні глянь — усё ў настроі
І ў добрай згодзе між сабою;
Само паветра жыва, дыша,
Бы ў ім хтось хвалы жыццю піша,
Праменна-светлы, яснавокі,
І гаснуць-нікнуць ночкі змрокі.
Усход жыве, гарыць, палае,
Слупы-праменні падымае,
Бы тыя рукі блаславення
У часе шчырага малення.
І вось яна, жыцця крыніца,
Сама багіня-чараўніца,
Ўзышла на небе і міргнула,
Расу ў брыльянты абярнула,
Глядзіць прыветна, ўсіх кахае,
Па свеце стрэлы рассыпае
І песціць шчыра ўсіх, як матка...
Хіба забудзеш міг той, братка?
Каб завяршыць малюнак лета,
Каб песня ўся была дапета
На мой манер і на мой лад
І апісаць усё падрад,
Я, адчуваючы патрэбу
Аддаць падзяку зямлі, небу,
Хачу ў парэчанскі лясок
Зайсці яшчэ, ну, хоць разок,
Узяўшы кошык ці каробку,
І ўжо тады паставіць кропку
І кончыць з летняю парою.
Мне не даюць грыбы спакою,
Баравікі мне часта сняцца,
Мне з імі трэба паквітацца;
Я чую — грэх іх абмінуць,
На іх увагі не звярнуць.
Чорнагаловыя, ўдалыя,
Баравічкі мае любыя!
Якою слаўнаю сям'ёю
Вы ўстаяце перада мною!
Я помню летнія часіны
І вас, грыбныя баравіны!
Ранюткі час. Нідзе нікога,
Між дрэў звіваецца дарога,
А па дарозе ты з кашом
У лес шыбуеш ціхачом,
Каб ашукаць жанок руплівых,
Бяссонных, вечна клапатлівых,
І ім на злосць, на зайздрасць тую
Набраць грыбоў капу, другую,
Пакуль агледзяцца яны,
Што там «карэньчыкі адны».
Наладзіў струны лес маўклівы
На лад вясёлы, на шчаслівы;
І толькі сонцаў круг чырвоны
Асыпле золатам кароны
Высокіх хвой у тым бары
І кіне багру па кары, —
Ачнецца лес, звіняць прагалы,
Як мнагаструнныя цымбалы,
І толькі пошчак той якоча,
Пераліваецца, гагоча,
Бяжыць па ўзгор'і між палянак,
Як спеў размашыстых гулянак.
— Марыля, гу! гу-гу, Тацяна!
— Гу-гу, Магдуся! Гу, Мар'яна!
— Антоля! цётка Міхаліна!
— Алеся! Зося! Катарына! —
Па лесе ходзіць пагалосак
Дзяўчат, жанок вакольных вёсак;
Грымяць, трасуцца баравіны,
І бас тут чуецца мужчыны.
Але ўсяго тут цікаўней —
Прынамсі, так было даўней, —
Калі свяржэнскія кабеты
Капэляй прыйдуць у лес гэты,
Ды з іх кабеціна якая
Капэлю згубіць і гукае
І па імёнах называе:
«Каруся, Палуся,
Цацэля, Марцэля,
Алена, Магдалена,
Зося, Антося,
Анэта, Праксэта,
Цётка Югася,
Бабка Кася! Гу-у-у!»
І смешна часам і цікава,
Як бы тут робіцца аблава.
Шнуруюць бабы і дзяўчаты
І кантралююць мох узняты
І тыя кучачкі калюшак,
Дзе грыб схаваў свой капялюшык.
Другая нізенька прыгнецца,
Не ходзіць — поўзае вакол,
Рукою мацаючы дол,
Як бы на клад найшла, здаецца,
І так старанненька шукае:
І пад ядлоўчык заглядае,
Пад верасок і пад хваінку,
Разгорне кожную гарбінку
І моху купінку ўздзярэ —
Ну, ўсё як ёсць перабярэ.
А як надарыцца часамі
Табе, вандруючы лясамі,
Найсці на неруш, дзе ніколі
Ніякай Тэклі, ні Аўдолі
Нага ні разу не ступала
І вока іх не зазірала!
Зірнеш і страчваешся ты:
Сядзяць грыбы, як капыты,
І, разгарнуўшы парасоны,
Глядзяць, бы нейкія персоны,
Крыху сур'ёзны, чуць пануры —
Відаць, не простае натуры.
Якія постаці іх, міны!
А як пралазяць скрозь галіны!
Як пад ядлоўцавыя лапкі
Яны хаваюць свае шапкі!
Стаіш, бы ўкопаны, прад імі
І прагна мерыш іх вачымі,
Яны ж, ну, вочы адбіраюць,
Цябе аж дрыжыкі праймаюць:
Так многа іх, і ўсе таўсматы,
Прыземісты, карэнкаваты,
Чорнагаловы, паўнацелы,
Як тонкі кужаль, знізу белы;
Сядзяць асобна і радамі,
А дзе і зросшысь спарышамі.
Што ні асоба — свой узор,
Свая пасада і свой двор.
Глядзіш на іх — і сэрцу міла,
Як бы з іх сходзіць нейка сіла,
Цябе чаруе, захапляе,
Па жылах радасць разлівае.
Дадому прыйдзеш, ляжаш спаць —
Так уваччу яны й стаяць...
Эх, досвітак маленства, лета!
Вамі навек душа сагрэта!