Перад сном яна заўсёды здымае слыхавы апарат.
13.12.1994
16 — Попiк
У Попiкавых жылах цякла няруская кроў. Ён перажываў, хаця ў пашпарце стаяла даволi праваслаўная нацыянальнасць — беларус.
"Але ж не рускi, — сумневы тачылi Попiкаву душу. — Не вялiкi i не абраны. Так, драбяза, смецце, адным словам. I ўсё ж любiмы, блiзкi, родны! Але ж меншы, драбнейшы, другасны. I чаму беларус? Быў бы рускi, i не было б праблемаў. Цi тое толькi здаецца? Праблемы ж i ў рускага ёсць".
Попiк чакаў гасцей, наблiжаўся запознены праваслаўны Новы год, i ён збiраў на стол пачостку.
"Чарачкi, талерачкi, ножычкi, вiдэльцы, келiхi i сурвэтачкi, сурвэткi, сурвэтулечкi. — Попiк прытанцоўваў вакол святочнага стала. — Вiнегрэт — гэта добра з гарэлкаю. Вiнаград пойдзе з добрым вiном..."
Тым часам у варэльнi завiхалася Попiкава жонка, звычайная руская жанчына з круглым тварам i носам-бульбiнай. Яна засоўвала ў духоўку пiрог з курынымi трыбухамi — так званую няню.
"Цi прапячэцца няня? Цi не затоўста наклала бульбяное пюрэ? Бульбяны пiрог — заўсёды загадка. Прапячэцца? Не прапячэцца? Галоўнае, што мы прапяклiся, што саспелi i вярнулiся ва ўлонне нашай царквы. Хоць апiрышча знайшлося, i Попiк мой — дупiк мой — уладкаваўся ў епархiю друксакратаром. Гэта, як нi круцi, галоўная падзея ў мiнулым годзе. Не забыць бы за сталом сказаць што-небудзь у гонар праваслаўя... У, чорт кульгавы лысы!"
Запалка апякла пальцы.
Духоўка ўздыхнула i загула. А Попiк скончыў сервiраванне i ўладкаваўся адпачыць на галандскай канапе.
Попiкава жонка праз тоўстае шкло палюбавалася на няню, што займала пачэснае месца на блакiтнай блясе, скiнула фартух, апаласнула рукi i, зайшоўшы ў залу, прысела да мужа на канапу.
— Стол накрыты, — даў справаздачу рэдкабароды Попiк i заплюшчыў ялейныя вочкi.
— А ты лысееш, — стомленая iнтанацыя надала жончыным словам безапеляцыйнасцi.
"Лысею, старэю, марнею. — Попiк маўчаў i не адплюшчваў вачэй. — Не маладзею... Толькi ўсё адно на 9,5 гадоў нарадзiўся пазней за некаторых рускiх бульбаносак. I не гавару гэтага на свята, а мог бы. Вакол кожнага рускага стаяць 80 % ворагаў, i гэта ворагi з афiцыйнай статыстыкi. А колькi iх на самай справе? 101 %?"
Попiк пагладзiў свой светлы чубок.
Званок заспеў сям’ю на брунатнай канапе.
— Заходзьце, калi ласка, мае дарагiя, — гасцiнна запрасiла гаспадыня губатага госця i ягоную шыракаротую жонку.
Попiк зняў са сцяны паляўнiчую дубальтоўку, патрос у паветры i наставiў рулю на гасцей:
— Узбройваюся! Адны ўзбагачаюцца, другiя ўзбройваюцца...
— Ухваляю! — госць паправiў грабеньчыкам наплоеныя брыялiнам касмылi.
— Чэчэнцы ўзбройваюцца, таджыкi ўзбройваюцца, татары ўзбройваюцца... А чаму мы — рускiя — не павiнны трымаць у доме зброю? — Попiк працягнуў мiлiтарысцкую тэму i пасля першай чаркi. Асаблiвы нацiск рабiўся на злучэнне "мы — рускiя", хоць у пакоi прысутнiчала толькi адна руская жанчына, госцi ж належалi да габрэйскай нацыi.
— Правiльна, дубальтоўка нiкому не зашкодзiць, — падтрымаў iдэю ўзбраення прадстаўнiк старажытнага народа i аблiзаў лiловым языком блакiтнае падбароддзе. — Мусульмане наважылiся ў трэцiм тысячагоддзi кiраваць светам, а гэтага варварства дапускаць нельга. Я не жыдоўскi артадокс i вышэй за ўсе рэлiгii стаўлю рускую праваслаўную царкву, але iсламiсты — ворагi цывiлiзацыi. Дарэчы, я з жонкаю нядаўна пахрысцiўся. I ўсё дзякуючы вам, шаноўныя гаспадары.
Гаспадыня манерна заўсмiхалася.
"Габрэй, жыд, юда лiслiвы, — у думках зласлiўнiчаў Попiк. — Ну чаму даброты так няроўна накройваюцца, наразаюцца, накрышваюцца? Чаму габрэi абраны Богам народ? Чаму Ён пазначыў любоўю iх — насатых, губатых, лупатых i пархатых? А славян зусiм не заўважыў. Цi быў на Галгофе хоць адзiн славянiн? Чаму адным усё, а другiм — нiчога?"
— Няня згарэла! — закрычала гаспадыня i шуснула з-за стала ў варэльню, адкуль пацягнула гарэлай бульбаю.
На дапамогу кiнулiся i астатнiя балявальшчыкi. Пад вохi i ахi iнцыдэнт пагасiўся. На сярэдзiну стала паставiлi авальнае блюда з няняю. У келiхi i чаркi налiлiся хмельныя напоi. А румяная i крышку ўзбударажаная гаспадыня сказала наступнае:
— У святочную навагоднюю ноч я ўздымаю келiх за майго мужа. Я люблю яго не адзiн год, але апошнiм часам ён па-сапраўднаму здзiвiў мяне сваёй шчырай адданасцю царкве. I я вельмi хачу, каб у наступным годзе ягоная самаахвярнасць была заўважаная i ён заслужана атрымаў большую пасаду.
— За цябе, мой любы!
Келiхi гучна чокнулiся.
Попiк пачырванеў i наклаў сабе два вялiкiя скрылi падгарэлае нянi.