— А мы расу пашылi, — Попiкава жонка паставiла пусты келiх на льняны абрус. — Схадзi, надзень расу.
— Не ўяўляю яго ў расе, — шчыра выказалася габрэйка i ўкiнула курыны пупок у свой шырозны рот.
— Не варта нiкуды хадзiць. — Мужчынскую салiдарнасць праявiў сумнавокi габрэй, яму было няёмка глядзець на чырвонага гаспадара.
Пачырванеўшы, Попiк стаў падобны да маладога Ленiна.
— Другiм разам, — заслiбiзаваў ён. — Лепей раскажу вам пра Д’ябла, пра пякельнае чарноцце Люцыпара, пра Сатану. Думаеце, раса шылася дзеля кар’еры, дзеля цёплага месцейка? Маўляў, хрысцiяне з усяго свету будуць слаць у Беларусь гуманiтарную дапамогу, а я, апрануўшы расу, пачну крупы з кумпякамi пад прыпол хаваць. Зусiм не так. Я ў царкве апынуўся па загаду сэрца, пасля Божага знака. А вестка з нябёсаў была наступная... Неяк пад вясну, напрыканцы лютага, зайшоў да мяне Сусед па лесвiчнай пляцоўцы, як з лiфта выходзiш — дзверы леваруч. Але гэта неiстотна. Сутнасць у суседавай споведзi. Ён тады папрасiў паўшклянкi гарэлкi, каб апахмялiцца, i распавёў пра Люцыпара. Сусед сказаў: "Цёмны Князь заяўляецца штоночы. Ён прыходзiць i душыць мяне. Люцыпар выстаўляе са сцiснутых пудовых кулакоў даўжэзныя ўказальныя i сярэднiя пальцы i пачынае ўцiскаць iмi ў горла мой кадык. Я задыхаюся, задыхаюся i прахоплiваюся, але Люцыпар усё адно стаiць нада мною, ажно пакуль не перахрышчуся!"
Попiк ускiнуў падбароддзе i прадэманстраваў акт душэння.
— А чаму ён прыходзiў да цябе? — у вачах у госцi iскрыўся недавер.
— Не да мяне, а да суседа.
— Я не пра Д’ябла. Чаму Сусед прыйшоў?
— Дык гэта i быў Божы знак! — Попiк ганарлiва паглядзеў на прысутных. — Гэта i пазначыла тое, што я гатовы да чужой споведзi i магу адпускаць грахi. Да таго ж я i сам спытаўся ў Суседа, а чаму ён прыйшоў у мой дом. А той сказаў, што аднойчы, прахапiўшыся пад ранiцу, пачуў голас: "Iдзi да Аляксандра, раскажы яму пра Люцыпара. Ён выслухае, памолiцца i дапаможа".
Вось ён i апынуўся ў нашай варэльнi са сваiм аповедам пра Сатану. Я, шчыра прызнаюся, вельмi не люблю i баюся Д’ябла. Таму прыдбаў дубальтоўку. I малюся я з таго дня штовечар i шторанiцы. Сусед сказаў, што яму лягчэй, i Князь Цемры болей не наведваецца ў снах. Дарэчы, Сусед наш напярэдаднi Раства пахрысцiўся i зрабiў вялiкi падарунак царкве. Толькi я папрашу: нiкому нiколi нi паўслова пра д’яблавы наведваннi. Сусед страшэнна крыўдлiвы.
— А Люцыпар таксама абражаецца? — шыракаротая габрэйка напоўнiла келiхi i чаркi.
— Яшчэ больш абразлiвы за нашага Суседа, — запэўнiла Попiкава жонка.
Попiк кульнуў у сябе чарку i заперажываў: "I нашто пра Суседа расказваў? Якi чорт за язык цягнуў? Дарэмна адкрыўся. Праўду трэба хаваць як найглыбей. А я ўзяў i выклаў запавет чужым людзям, ды яшчэ i габрэям. Яны ж не паверылi. А разнесцi разнясуць па ўсiм Мiнску. I смяяцца будуць з маёй веры, з маёй наiўнасцi, з маёй нярускасцi... Што рабiць?"
Раптам Попiкавы перажываннi спынiў жончын сполах:
— Любы, ты зусiм зялёны! Табе кепска?
— Кепска? Ды я памiраю, — прамармытаў Попiк i, узняўшыся з-за стала, патупаў у прыбiральню.
У яго схапiла жывот i панесла страўнiк.
На унiтазе Попiк праседзеў больш за гадзiну.
Госцi сышлi.
Жонка прыбрала з навагодняга стала i, памыўшы посуд, легла адпачываць.
Попiк прыняў кантрастны душ i таксама лёг, але яму не спалася, розум займалi стракатыя думкi: "Трэба змагацца з Князем Цемры. I перш-наперш з ягонымi служкамi. Хоць бы кнiгi ва ўласным доме перагледзець... Колькi лiтаратараў крэмзала пад дыктоўку Цёмнага Князя? Процьма! I што асаблiва крыўдна, рускiх. А беларускiя пiсьменнiкi ўсе чыста Бога не любiлi. Заўтра ж з ранiцы ўсе кнiгi iншаверцаў у смеццеправод пушчу!"
З багахульнымi думкамi Попiк i заснуў, але не назаўсёды.
Ранiцай у Попiкаву кватэру прыцёгся Сусед з чарговай споведдзю пра Люцыпаравы кiпцюры. Толькi змучаны жыватом Попiк не стаў слухаць Суседа i не налiў яму паўшклянкi гарэлкi на пахмелку. Той малiў, але Попiк стаяў на сваiм. Сусед пакрыўдзiўся, азлiўся, схапiў са сцяны дубальтоўку i стрэлiў у здзiўлены Попiкаў тварык.
Кнiгi беларускiх i рускiх пiсьменнiкаў засталiся на палiцах.
15.12.1994
17 — Спароннiца
Яна зноў, не хочучы таго, панесла. Мужа не было. Жыла яна дваццаты год у iнтэрнаце, таму нi пра якое дзiця i думак не магло быць. А тут, як снег у вераснi, — цяжарнасць.
I было вырашана неадкладна рабiць спарон.
Давялося пайсцi да ветлiвага знаёмага лекара, якi таемна кахаў яе без прызнанняў i назалянняў. Ён лiчыў, што, адкрыўшы хоць раз сваю душу Спароннiцы, дасягне адно таго, што тая болей не прыйдзе. А так патаемныя памкненнi i жаданнi задавальняюцца праз садызм, i хай сабе, бо садызм складае аснову ўсёй хiрургiчнай практыкi. Жахлiвы Джэк-трыбушыльнiк меў пасаду галоўнага хiрурга англiйскай каралевы, пра гэта не варта забываць.