Папiўшы са Спароннiцаю гарбаты, лекар прызначыў дзень аперацыi. Жанчына выйшла са спаранарнi з пачуццём гнятлiвае трывогi.
Па дамоўленасцi з лекарам спарон рабiўся пад агульным наркозам.
Спароннiца напружана спала ў гiнекалагiчным крэсле, а ўрач сумленна выскрабаў з похвы тое, што магло б вырасцi ў чалавека. Старанная медсястра дапамагала яму.
За акном аперацыйнай свяцiўся цёплы вераснёўскi вечар. Таму акно было шырока адчыненае, хоць правiлы i забараняюць адчыняць дзверы i вокны падчас аперацыi. Толькi нi ўрач, нi медсястра не лiчылi спарон за сур’ёзную справу. Таму нiхто i слова не сказаў на прыбiральшчыцу, калi тая адчынiла акно. Хто ж будзе абурацца на свежы ветрык, якi крышку астудзiць задушлiвую аперацыйную.
Спароннiца бачыла жахлiвы сон... Нiбыта яна ўзлезла на высозную вежу з негабляваных рэек. Далёка ўнiзе засталася каменная пустэльня, спрэс засланая клубкамi змяюк, гэтых татуiраваных кiшак. I раптам вежа пачала хiлiцца-хiлiцца, жанчына паляцела ўнiз, на камянi, на змяiнае сычэнне. Душа сцiснулася ў грудзях i... пакiнула цела Спароннiцы.
Душа выйшла з раскiданага на гiнекалагiчным крэсле змучанага хiрургам цела. Яна ўсплыла да столi i пачала назiраць за падзеяй. Вiдовiшча акрываўленай похвы, над якой навiсалi лекаравы рукi ў слiзкiх пальчатках, уражвала. Душа Спароннiцы пабачыла згусткi таго, што не стала чалавекам. Яно ляжала ў белым эмалiраваным тазе, запэцканым крапкамi i рагамi крывi. Ад усяго ўбачанага рабiлася прыкра, горка, гiдка, млосна, балюча i невыносна.
Душа Спароннiцы цiхенька выплыла праз акно ў вераснёвую цеплыню i паляцела па-над залацiстымi i рудымi клёнамi ў бок кiнатэатра "Мiр", адтуль — на пляц i далей, над трамвайным дротам, да афiцэрскiх могiлак, дзе панавала цiша.
Магiлы невядомых салдат хавалiся пад бурштынавай таполевай лiстотаю.
Душа Спароннiцы хацела цiхенька палунаць над помнiкамi, каплiчкамi i залатымi царкоўнымi крыжамi, але, пачуўшы далёкае благанне пакiнутага цела, выправiлася назад. Яна вярнулася да шарай трохпавярховай спаранарнi, узнялася над кляновымi шатамi i падляцела да аперацыйнай. Толькi марна. Дубальтовае акно зачынiлi, i за iм лекар бiў Спароннiцу па шчоках. Пераляканая прыбiральшчыца стаяла ў кутку i прыцiскала да чэрава эмалiраваны таз з рэшткамi растрыбушанага зародка.
Душа паспрабавала прайсцi праз акно, але не змагла. Яе кроплепадобны абрыс змянiўся на сферычны i распластаўся па шкле тонкiм каламутным кругам. Давялося адступiцца i, счакаўшы iмгненне, паiмчаць з неверагоднай хуткасцю да ўваходных дзвярэй спаранарнi, якiя, дзякуй Богу i цёпламу вечару, былi наросцеж. Душа праляцела вестыбюль i з лёгкай проймаю ўзнялася на трэцi паверх, дзе, каля ўвахода ў аперацыйную, успатнелая медсястра кацiла грувасткi апарат. Той самы, якiм абуджаюць ледзь жывое цела ўдарамi электрычнага току.
Першы ўдар так таргануў i скурчыў Спароннiцу, што душа ў нямым пераляку затрымцела пад столлю.
Толькi пасля сёмага ўдару душа пераадолела жах i вярнулася ў цела, ад чаго Спароннiца скаланулася i закрычала. Яна скавытала гучна, працягла, не расплюшчыўшы вачэй. Паступова выццё перарасло ў галашэнне па ўсiх памерлых немаўлятках. Слёзы праступiлi з-пад заплюшчаных павекаў.
Спрактыкаваны, абвыклы да ўсяго хiрург сцягнуў гумовыя пальчаткi i сказаў да стомленай медсястры:
— Не трэба грэбаваць сродкамi кантрацэпцыi, асаблiва кандомам.
14.01.1995
18 — Чарапашнiк
Пасля зiмовай спячкi Чарапашнiк прыўзняў над падушкай лабатую галаву i прынюхаўся. У хаце пахла пылам i попелам. Чарапашнiку захацелася есцi, але апетытнага водару харчоў ён не ўчуў.
На вулiцы толькi-толькi пачынала днець, i ў хаце вiсела шэрае сутонне.
Чарапашнiк устаў i прапляскаў босымi падэшвамi па земляным току ў сенцы i далей на двор, да калодзежа. Пiў ён прагна, iмкнуўся наталiць не толькi смагу, але i голад. Тонкiя вадзяныя змейкi струменiлiся па няголеным падбароддзi, абапал кадыка, унiз, пад кашулю. Спустошыўшы паўлiтровую алюмiнiевую конаўку, ён начапiў яе на загнаны ў калодзежную стрэшку цвiк. Жалезны скрыгат канчаткова прагнаў сон.
Павесiўшы нагавiцы i кашулю на штыкетнiк, Чарапашнiк доўга з асалодаю плёхаўся пад рукамыйнiкам, змываў паўгадовае здранцвенне. Абцёршы клубы i торс ручнiком, ён дастаў з кiшэнi сваiх шырачэзных нагавiц грабеньчык i старанна расчасаў русыя кудзеры.
Устала сонца, надышоў час палявання на земнаводных, пачаўся чарапашнiкаў паўгадавы дзень.