Тэлевiзiйнiк папстрыкаў ледзь жывой запальнiчкай i сказаў:
— Толькi я цябе прашу, без нагоды не чапай Сабачнiка, пакусае...
— Устаўнымi зубамi моцна не ўкусiш.
Тэлевiзiйнiк падзякаваў за гарбату i сышоў з таемнай надзеяй, што казка пра Сабачнiка трапiць у кнiгу.
А вось Збiральнiк сапраўды вырашыў пачакаць якой-небудзь нагоды, i яна неўзабаве надарылася.
Збiральнiк iшоў у букiнiстычную краму "Вянок", дзе сярод тысячы i адной кнiгi прадаваўся i ягоны, зроблены разам з Тэлевiзiйнiкам комiкс "Дзiкае паляванне". Збiральнiк, вядома, не збiраўся купляць сваю кнiжку, ён намерваўся набыць расейскае васьмiтамовае выданне казак Шахразады, расказаных Шахрыяру за тысячу i адну ноч. Iдучы праз рэчку, Збiральнiк убачыў пад мостам няўклюдную постаць у сiнiм плашчы i шэрай, насунутай на бровы кепцы. Збiральнiк пазнаў Сабачнiка. Той крышыў хлеб i кармiў каналiзацыйных качак, якiя лянуюцца лётаць у вырай, а забiваюцца на зiмоўку ў трубы, па якiх цячэ старажытная беларуская рэчка Нямiга, апетая ў "Слове пра паход Iгаравы". Качкi сноўдалi па бруднай вадзе i прагна глыталi пачастунак. Задаволены Сабачнiк ускiдваў галаву i падстаўляў сакавiцкаму сонцу шыракароты твар. Прамянiста паблiсквалi шкельцы люстраных акуляраў i ўстаўныя залатыя зубы.
Сабачнiк паблажлiва шпурнуў галоднаму голубу чорную скарынку, i ў гэтае iмгненне яго трапна накрыў Збiральнiкаў сак.
19.02.1995
21 — Алкаголiк
Пасля работы ў пятнiцу сям’я патомных пралетараў — мацi, бацька i старэйшы сын — заўсёды пiла хлебны самагон.
Пасярод стала ўрачыста ўзвышаўся трохлiтровы слоiк з самаробнай гарэлкаю. Абапал размясцiлiся талеркi, у якiх крохка зелянелi салёныя агуркi, смачна ружавела пакроенае сала, духмяна залацiлася навараная бульба i апетытна чырванела вынятая з баршчу ялавiчына. Хлеб, нарэзаны тоўстымi лустамi, ляжаў на драўляным кружку.
Сям’я адпачывала грунтоўна. Самагон разлiваўся па стограмовiках i выпiваўся без тостаў, моўчкi.
Размовы пачыналiся толькi тады, калi бацька са старэйшым сынам зацягвалiся дзяркатым папяросавым дымам. Гаварылi пра родны гомельскi шклозавод, дзе працавала сям’я. Але гутарка хутка сканчалася, бо сын уладна ўзмахваў ружовымi бабскiмi рукамi, прымружваў вочы i голасна казаў:
— Хопiць тутака ля-ля разводзiць! Будзем пiць, цi што? Спакойна, я налiваю...
Сiвы самагон струменiўся тоўстай блiскучай вяровачкаю ў кантовыя стограмовiкi. Рытуал ахмялення пачынаў новае кола. Так пацiху-патроху шыракагорлы трохлiтровiк паражнеў. I, пэўна ж, раздобраная расчырванелая сям’я спустошыла б яго дарэшты, каб не завiтаў у госцi да бацькоў малодшы сын. Ён больш як год жыў з маладой жонкаю ў асобнай кватэры, але раз на два тыднi, у пятнiцу, пасля працы ў скрыначным цэху, завiтваў да сваякоў, каб прапусцiць шклянку моцнага, як спiрт, самагону.
Сям’я ўзрадавалася госцю. Той акуратна павесiў кепку на пачапельнiк, прыгладзiў пяцярнёю рэдзенькi чубок i, заўсмiхаўшыся, прамовiў:
— Гарэлачку смокчаце пацiхеньку. Паважаю... А я тут крывянкi купiў. Iшоў з работы праз базар, i так мне захацелася свежанiнкi, ажно дыхалку перахапiла. Не вытрываў, пайшоў у мясныя рады i кiло крывяначкi ўзяў. Зараз мацi нам засмажыць каўбасу — так, каб скурка хрумсцела. I мы добра так закусiм.
Госць вывалiў з цэлафанавай торбы на стол важкi газетны скрутак.
— Ты тут асцярожна, глядзi, посуд не пабi. — Старэйшы брат прытрымаў скрутак, пацягнуў да сябе, разгарнуў i прынюхаўся. — Свежая, цёплай крывёю пахне.
— Крывёю, гэта добра, — адзначыў бацька. — Ваш дзед, уга, як кроў любiў. Бывае, заколе кабана, нацэдзiць крывi з-пад сэрца ў конаўку, прысолiць крышку i вып’е са смакам.
— I я б ад шклянкi жывой крывi не адмовiўся. — Старэйшы сын паклаў на талерку скрылiк падфарбаванай буракамi ялавiчыны.
— А я не адмоўлюся ад штрафной чарачкi. Я спазнiўся, i мне лiшняя не зашкодзiць. — Па гэтых словах малодшы з братоў налiў поўны, як вока, стограмовiк i адразу выпiў.