— Добра, зараз утопiм. Толькi спачатку мы яму рыльца бутэлькi ў дупу ўставiм. Дзеўкi, працуйце. — Завадатарка кiнула бутэльку даўгарукай.
Кудлатая з каратканогай сарвалi з Дамавiннiка апранахi i рассунулi яму клубы, а даўгарукая дзявуля запiхнула ў дупу сваёй ахвяры тоўстае рыльца. На iмгненне да Дамавiннiка вярнулася свядомасць. Ён расплюшчыў вочы. Кудлатая з размаху апусцiла яму на скулу важкую палку. Дамавiннiк ачах. Ягонае раздрыпанае цела было падхопленае за рукi за ногi i вынесенае на ўзбярэжжа. Там Дамавiннiка звязалi парванымi на стужкi апранахамi i кiнулi з моста ў брудную i плыткую ваду, якой, мiж тым, было дастаткова, каб захлынуцца.
Спраўдзiўшы, што цела не ўсплыло, удава дастала са скураной валiзкi плацiнавыя завушнiцы, ланцужок з крыжыкам i пярсцёнак з турмалiнам, каб разлiчыцца з дзявулямi. Завадатарка прыняла каштоўнасцi i навостраным шылам працяла ўдаве скамянелае сэрца.
25.04.1995
25 — Тэхнiк
— Найлепей яму падыходзiць мянушка Свавольнiк, — сказаў цыбаты бамбiза ў расшпiленай на жываце марынарцы.
— Не, на маю думку, яго трэба назваць Тэхнiкам. З-за аўтааматарства. Ён жа за трохсоты "Мерседэс" жонку ў бардэль прадасць. — Доўгавалосы маладзён з хвосцiкам на патылiцы старанна разлiў сухое вiно ў аднаразовыя стаўбункi.
— Калi яго перахрышчваць, дык не ў Тэхнiка i не ў Свавольнiка, бо ён самы сапраўдны кiлаты Сантэхнiк. — Трэцюю мянушку вынайшаў сухарлявы мужчына ў пазалочаных акулярах i ядвабнай кiтайскай кашулi.
Уся тройца прысутнiчала на шумным святкаваннi дня нараджэння. Гулянка ладзiлася на лясной галявiнцы непадалёк ад Мiнскага мора. Iмянiннiк, ён жа — Свавольнiк, Сантэхнiк i проста Тэхнiк, хутка нагрузiўся i знiк у прыбярэжных хмызах разам са смяшлiвай дзявуляю, так што госцi займелi поўную свабоду i неабмежаваны доступ да смажаных курыных кумпячкоў i скрынак з напоямi.
Згаданая тройца зашылася ў зацiшны куток, прыхапiўшы колькi бутэлек французскага вiна, i з асалодаю займалася абгаворамi i пляткарствам.
— I ўсё ж варта пакiнуць толькi адну мянушку — Тэхнiк. У яго, дарэчы, самым непасрэдным чынам вантробы правальваюцца ў машонку, утвараецца вялiзная кiла. I яму даводзiцца самому запiхваць кiшку пальцамi з машонкi ў жывот. — Сухарлявы працягваў распачатую тэму кiлатасцi.
— А хiба можна самому заправiць кiлу? — пацiкавiўся доўгавалосы маладзён у жоўтых ботах-казаках.
— Можна. Прасцей простага. У Тэхнiка гэта атрымлiваецца па-майстэрску. — Цыбаты зрабiў вялiкi глыток чырвонага, намаляваўшы сабе на верхняй губе тоненькiя вусiкi. — Ён нават на пляжы не саромеецца падбiраць i запраўляць сваю гаспадарку. Усе жанчыны азiраюцца. А яму хоць бы што. Шпацыруе, нiбыта ў плаўках не кiла, а паўметровы чэлес хаваецца.
— А ў яго сапраўды вялiкi прэнт? — доўгавалосы дапiў сваю порцыю.
— Сантыметраў дваццаць пяць. Каб не хвароба i схiльнасцi да вычварэнняў, Тэхнiк быў бы першы маркiтун у Беларусi. З-за вычварэнстваў я i аддалiўся, як мог, ад Тэхнiка. Уяўляеце... Ранiца. Толькi-толькi сышлi дзве прастытуткi, з якiмi цэлую ноч мы забаўлялiся, рабiлi ўсё, на што хапiла маёй, як высветлiлася, даволi куртатай фантазii. I стамiўся я так, нiбыта на мне ваду вазiлi. Так што сыход прастытутак быў сапраўднай палёгкаю. Я згатаваў бадзёрлiвы напой — на лыжку кавы кропля вады, i кайфаваў. А гэтая кучаравая жывёлiна, сербануўшы кавы, вырачыла свае пустыя вочкi, аблiзнулася i сказанула: "Зараз бы яшчэ школьнiцу а-та-драць!" У мяне кава праз нос выйшла. "Каб ты здох, юрлiвы трыбух! Каб ты раз выпрастаўся i больш не сагнуўся! Каб цябе чарвякi елi-елi, а потым выплёўвалi". — Я так падумаў, але крычаць не стаў. Проста развiтаўся той ранiцаю i да сягонняшняга дня пазбягаю сустрэч з Тэхнiкам у iнтымнай абстаноўцы. — Цыбаты злiзнуў тонкiм языком намаляваныя на выгаленай губе вiнныя вусiкi.
— У цябе яшчэ добра скончылася, ты толькi каваю папярхнуўся. — Сухарлявы шпурнуў у кусты пустую бутэльку. — У каго-небудзь шнiпар ёсць?
— Вазьмi ножык. — Цыбаты кiнуў сухарляваму швейцарскi сцiзорык.
— У мяне такi самы раней быў, — зазначыў доўгавалосы. — Быў i сплыў. З’ездзiў у лес i не вярнуўся мой ножык. Такiя самыя шашлыкi курыныя смажылi, i нож прапаў.
— Твой нож я не краў. Я свой сцiзорык у Маскве, на Цвярской, у спецыялiзаванай краме прыдбаў. — Iнтанацыi цыбатага набраклi незадаволенасцю.
— А я не кажу, што ты скраў ножык. Я заўважыў толькi падабенства. У твайго, мiж iншым, тронкi шурпатыя, а ў мяне былi гладзенькiя, прыемна ў руку ўзяць.
— А мне даспадобы, калi тронкi шурпатыя i iнструмант з пальцаў не выслiзгвае, не выскоквае. А хто твой нож скраў?