— Намеснiк iтальянскага пасла, напэўна. Дакладна не скажу, бо магла якая з прастытутак у сумачку ўкiнуць, але найверагодней скраў iтальянец. Мы ж толькi ўчацвярых i былi: я, ён i дзве гулёны.
— Не пашанцавала, — здзеклiва падсумаваў сухарлявы, разлiваючы сухое.
— Мне, канешне, ножыка шкада, толькi Тэхнiку, вялiкаму аўтааматару, яшчэ больш крыўдна за свой аўтамабiль. — Доўгавалосы са смакам зрабiў паўнавартасны глыток. — У Тэхнiка зараз вялiкiя праблемы. А пачалося ўсё выпадкова. Ён спынiўся на сваёй старэнькай "БМВ" каля "Цэнтральнага" унiверсама. Схадзiў па цыгарэты, вяртаецца, бачыць: каля ягонай машыны прыпаркаваўся новенькi, яшчэ з транзiтнымi папяровымi нумарамi, "Опель". У Тэхнiка зайграла кроў. Я не ведаю пра ягоныя стасункi з жанчынамi, але легкавыя аўтамабiлi яўна выклiкаюць у Тэхнiка не толькi эрэкцыю, але i палюцыю. Асаблiвай прыхiльнасцю карыстаюцца менавiта сапсаваныя аўто. А тут якраз аўтааматар узняў капот "Опеля" i нешта спрабуе адрамантаваць. Тэхнiк прапанаваў свае веды, таленты i паслугi. Пры ўсiм пры тым ён у механiзмах найвялiкшы спец. Для яго нават чалавечае цела — нешта накшталт механiзма. Толькi аўтааматар не захацеў падпускаць Тэхнiка да рухавiка. Але той так прасiў-упрошваў, так слаўся-ляпiўся, што ключы ад "Опеля" яму дасталiся. Тэхнiк iмгненна знайшоў пашкоджанне, нейкi шланг перакруцiўся, запусцiў рухавiк i прапанаваў адладзiць машыну. Што трэба падцiснуць, дзе трэба закруцiць, памыць, пачысцiць, шлiфануць. Аўтааматар прыняў прапанову з адной умоваю: пакуль Тэхнiк будзе займацца "Опелем", ён сам паездзiць на "БМВ". Свавольнiк лёгка аддаў "БМВ" у заклад i з’ехаў на чужым аўтамабiлi. "Опель", як высветлiлася ў майстэрнi, быў у выдатным стане. I Тэхнiк пракатаўся на iм два днi, пакуль не спынiлi даiшнiкi i не паведамiлi, што "Опель" крадзены i яго шукае не дашукаецца гаспадар, якi, канешне, ведаць нiчога не ведаў пра абмен каля "Цэнтральнага" унiверсама.
— Ёсць Бог на свеце. — Цыбаты дапiў сваю порцыю.
— Бог шэльму мецiць. — Сухарлявы ўказальным пальцам прыцiснуў акуляры да пераносся. — Гэта яму помста за маю запаскуджаную кватэру. Я зараз, хлопцы, раскажу адну гiсторыю... Толькi напрамiлы Бог не пераказвайце iншым. Бо пачнецца хрэнацень усялякая. А фiгнi хапае i без гэтага. Нiяк не ўпiльнуеш, адкуль на цябе бруд пальецца. Вось i тым разам, з’язджаючы з Мiнска, я аддаў ключы ад кватэры Тэхнiку хрэнаву. Выпрасiў, паскуднiк. Хай, думаю, лiмоннае дрэўца палiвае i котку маю кормiць. Яшчэ i грошы на рыбу пакiнуў шэльме. Камандзiроўка, мiж iншым, прайшла ўдала, i Рым i Ватыкан паглядзеў. А вось на зваротным шляху ў Варшаве здарылася затрымка, нейкi багаж цi-то згубiлi, цi-то не згрузiлi. Не высвятляў, сядзеў у рэстаране i пiў джын-тонiк з лiмонам. Так што дамоў вярнуўся ў гадзiну ночы. Выходжу з таксоўкi, галаву ўздымаю, а ў маiх вокнах святло. Музыку пачуў яшчэ ў лiфце. Добра, што суседзi па дачах раз’ехалiся, бо ўвесь паверх ажно калацiўся ад дэцыбелаў. Вы ж ведаеце, у мяне ўзмацняльнiкi i калонкi — дай Божа. Адчыняю кватэру, i на мяне разам з музыкаю яшчэ i хвалi пахаў абрынулiся. Смярдзела так, нiбыта нехта вядро туалетнай вады на падлогу вывернуў. Так яно i было, толькi не на падлогу, а ў ванную Тэхнiк мой найлепшы ласьён пасля галення вылiў. Дзверы ў лазенку стаялi прачыненыя, каб негрыцянскiя рытмы "REEL 2 REAL" можна было слухаць паўсюль. Пад гучныя выкрыкi "MOVE IT ! MOVE IT!" у лазенцы гарэзiлiся дзве бесшабашныя асобы — Тэхнiк i цыцкатая дзявуля. Пэўна, усе магчымыя варыянты маркiтоўкi яны пераспрабавалi раней, бо ў лазенцы ён рабiў ёй надзвычайную клiзму: устаўляў у дупу душавы шланг i пускаў ваду. Тэхнiк ёсць Тэхнiк, ён i распырсквальнiк з душавога шланга змог звiнцiць. Як? Невядома. Не бачыў. А вось iншага наглядзеўся... Пакуль Тэхнiк па-дзiкунску рагатаў, яна, прысеўшы на кукiшкi, напусцiла проста ў iтальянскую ванну. У мяне мову адняло. Стаяў i глядзеў, як Тэхнiк топчацца ў залацiстай жыжцы. Патупванне белых ступакоў у рэдкiм гнаi да канца жыцця не забуду, як i водар ласьёну, разлiтага на кафлю. I тут мяне прарвала. Я махаў рукамi, адключаў апаратуру, пужаў маркiтуноў электрашокерам, а потым i выцягнутым з антрэсоляў пiсталетам. Сарваным голасам абяцаў усiх раздзерцi на крывавыя шматкi, калi ранiцай у маёй кватэры застанецца хоць бы кропелька гэтага смуроду. Я запатрабаваў стэрыльнасцi. Тэхнiк выбачаўся гiдка i слюнява. Дзявуля зiркала воўчымi вочкамi, але нiводнага слоўца не вымавiла.
Начаваў я ў бацькоў, сказаўшы, што згубiў ключы. Ранiцай кватэра мая зiхцела, вылiзалi ўсё да бляску. I праветрылi. I смецце павыносiлi. Толькi ад успамiнаў не ўцячэш; як згадаю ногi ў жыжцы, млосна робiцца.
— Такiя ўспамiны трэба гарэлкаю запiваць, — сказаў доўгавалосы i пайшоў наведаць склад з трункамi.