Дачнiк сыходзiў з гарадка, не азiраючыся, спакойна, з пачуццём выкананага абавязку. У схуднелым заплечнiку ён зносiў сякеру i запальнiчку.
Крышку не дайшоўшы да станцыi, Дачнiк спынiўся. Ён вярнуўся ў лес, каб сякераю выкапаць ямку, ссунуць туды пацямнелую, але па-ранейшаму залатую вiтушку, засыпаць яе пяском, выцерцi аб мяккi мох лязо i схаваць зброю ў заплечнiк. I вось там, над пахаванай у зямлi непатрэбшчынай, наш Дачнiк пашкадаваў, што не прыдбаў зямлi, не пасадзiў сад i не збудаваў дом, якi так прыемна ўзяць i спалiць.
11.06.1995
27 — Акопнiк
Невядома ўжо колькi дзён iшоў дождж. Ён то iмжыў ледзь заўважным халодным пылам, то сыпаўся буйнымi важкiмi кроплямi, але не ацiхаў нi на хвiлiну.
Неба нiбыта сабралася назаўсёды злiцца з зямлёю.
На сподзе глыбокага акопа назбiралася калюжына, поўная рэдзенькага мулу. Пры самай калюзе, на пустых скрынях з-пад снарадаў, сядзеў сутулы Акопнiк у доўгiм шынялi з настаўленым каўняром. Ён курыў.
Коўзаючыся па раскiслай глебе, да акопаў падышоў стрыжаны навабранец.
— Дождж, — натапырыўшы заечыя губы, пачаў ён.
Акопнiк выкiнуў недапалак у брудную ваду.
— Можа пачастуеце папяроскаю? Да смерцi курыць хочацца. Я ўжо i сам не ведаю, калi апошнi раз тытунь нюхаў. — Бледны навабранец прысеў на кукiшкi.
— Знойдзем. — Акопнiк пашкроб чорнымi пазногцямi няголенае падбароддзе. — Спускайся ў акоп. А то рассеўся, як баба.
Навабранец нязграбна саскочыў у ямiну. Акопнiк выцягнуў з нагруднага капшука трафейны партсiгар i дастаў зграбную папяросу. Вастрадзюбае сiняе полымя хуценька зачырвонiла сухi тытунь.
— Салодкi. — Навабранец выхукнуў у марозную цямрэчу цнатлiвы клубочак дыму.
— Заўтра зранку немец пачне наступаць. — Акопнiк схаваў рукi ў кiшэнi. — Зямля прамерзла, i па ёй добра бегчы. Гэта ж не па мулу коўзацца. А так па халадку, па марозе, пасля стограмовiка самае тое ў атаку схадзiць.
— Няўжо заўтра пачнецца? — голас навабранца трымцеў.
— А колькi можна ў адных i тых жа акопах сядзець? Самы час бой распачынаць. Паглядзi, якая поўня ясная, якiя зоры. Усё вiдно, як на далонi. Час надышоў. Я кайзераўцаў ведаю. Спачатку яны газ пусцяць, каб нас прытруцiць i прыдушыць, а потым нацягнуць супрацьгазы i пабягуць штыхамi дабiваць.
— А нам што рабiць? — навабранец пры ўсiм сваiм страху курыў павольна i вельмi ашчадна.
— Чакаць. Надзець супрацьгаз i сядзець. Курыць у супрацьгазе не варта. У цябе, дарэчы, супрацьгаз ёсць?
— Ёсць! Канешне. Новенькi, пад мой памер, я сам падбiраў, каб сядзеў шчыльна, але i не цiснуў.
— Ну дык i праблем няма. Надзенеш супрацьгаз, пачакаеш, пакуль расейскiя свiннi ў атруце пазахлынаюцца, пазадыхаюцца, зойдуцца i, пачуўшы каманду, пабяжыш праз дым i запораш тых, каго не задушыў кашаль. Галоўнае, не трэба шкадаваць педыкулёзных салдат яго iмператарскай вялiкасцi, яны горшыя, чым тыя вошы. — Акопнiк плюнуў на тоўсты лёд калюжыны, што ртутна паблiскваў у месяцавым святле квадры.
Iскрыстыя, дыяментавыя драбочкi сняжынак плаўна апускалiся на сагнутую, шырокую, шынельную спiну Акопнiка.
— А як вы параiце, заяву ў партыю камунiстаў варта напiсаць зараз цi лепей пасля атакi? — навабранец паспрабаваў зазiрнуць у вочы Акопнiку, але не змог: той сядзеў, апусцiўшы доўгiя веi.
— Напiсаць можаш i зараз, — адказаў Акопнiк, не расплюшчыўшы вачэй, — толькi падаваць трэба пасля наступлення. Спачатку варта пару фашыстаў забiць, каб у партыю пайсцi з чыстым сумленнем.
Навабранец зрабiў глыбокi зацяг, i ўсмешка задавальнення зайграла на загарэлым блакiтнавокiм твары, якi пiкантна ўпрыгожвала маленькая ямiнка на круглым падбароддзi.
— Сапраўды, лепей напiшу пасля бою. Прыйду да вас, сяду, закуру i напiшу: залiчыце мяне ў шэрагi сапраўдных сяброў нацыянал-сацыялiстычнай рабочай партыi. — Зграбнае колца дыму паляцела ў цёплае чэрвеньскае паветра.
Акопнiк акуратна падкасаў рукавы форменнае кашулi i сказаў:
— Не хачу цябе вучыць, бо я не настаўнiк i не бацька, каб маралi начытваць, але ведай: перад атакаю не пi. На хмельную галаву памiраць лягчэй. Толькi нашто памiраць, калi ты не жыў зусiм? — Акопнiк выцягнуў са срэбнага партсiгара пругкую папяросу. — Мусульмане вунь зусiм не п’юць, а ваююць дай Бог цi дай Алах як. Хто iх разбярэ. Адно скажу — ваююць.
Навабранец зняў панаму i абцёр буйныя кроплi поту, якiя шчыльна абсыпалi бронзавы лоб.
Немаведама колькi дзён трывала пякельная гарачыня. Людзi звярэлi i вар’яцелi ад бясконцай, безнадзейнай i бессэнсоўнай пыльнай задухi. Над шарымi каменнымi гарамi разлiлося недасяжнае, сiняе, вiльготнае неба.