— Дым лепей пускаць не колцамi i клубочкамi, а струменьчыкам, пацiху i ў рукаво.
Навабранец затушыў недакурак аб падэшву запыленага чаравiка, закiнуў у рот белы прамакутнiчак жавальнай гумкi i спытаўся:
— Як вы думаеце, вайна хутка скончыцца?
— Наiўны...
— Чаму наiўны?
— А таму, што калi недавяркi возьмуць горад, дык мы ў партызаны пойдзем, у горы, у лясы, у пушчы, разгорнем тэрарыстычны рух. — Акопнiк строс попел на пругкi лiсток трыпутнiку.
— Дык вы лiчыце, што вайна не скончыцца?
— Каму як... А для мяне вайна не скончыцца нiколi. — Дагледжанымi, мацiцовымi, авальнымi пазногцямi Акопнiк пяшчотна правёў па сваёй добра выгаленай, гладзенькай, блакiтнай шчацэ.
У сонным люстэрку ляснога возера адбiвалiся вострыя вершалiны чорных елак, за якiмi павольна згасала сонца.
— А вы самi адкуць будзеце? — навабранец не сыходзiў, ён хацеў хоць неяк выказаць удзячнасць за падораную папяросу.
— Я? — Акопнiк сцепануў плячыма i зашпiлiў верхнi гузiк шыняля. — Я — тутэйшы.
11.06.1995
28 — Анёл-2
Шыфравальнiк праходзiў вайсковую службу ў горадзе Д.Служба была не вельмi цяжкая, але адказная. Шыфравальнiк выконваў загады з вялiкiм iмпэтам, а таму займеў права на дробныя прывiлеi. Ён мог сам сабе выпiсваць звальнiцельную i хадзiць у горад у любы час. Але Шыфравальнiк не злоўжываў прывiлеямi. Ён хадзiў у горад адзiн раз на тыдзень. Звычайна ён любiў пашпацыраваць па ўзбярэжжы рэчкi Р. суботнiм надвячоркам, калi большасць гараджан поркаюцца ў лапiку зямлi каля лецiшча. Вось у адзiн з такiх цёплых вечароў, калi Шыфравальнiк даядаў улюбёнае марожанае — пламбiр на палачцы, да яго падышоў сiвы, сярэдняга веку мужчына ў масiўных акулярах на храшчаватым носе. Шыфравальнiк не любiў выпадковых знаёмстваў, асаблiва пасля таго, як даў падпiску аб захаваннi дзяржаўных таямнiц. Ён вырашыў не адказваць на прывiтанне незнаёмаму чалавеку, пагатоў рот быў напоўнены марожаным. Толькi маўчанне салдата не засмуцiла гаваркога незнаёмца, якi ўпэўнена працягнуў распачаты маналог. У прыватнасцi, ён прапанаваў пайсцi на цiхую i ўтульную кватэру, дзе можна ў спакойнай абстаноўцы выпiць пляшку гарэлкi. Каб пераканаць негаваркога салдата ў сваёй шчырасцi, незнаёмец раскрыў стары партфель i паказаў бутэльку белай, якая ляжала на скрутку навюткай вяроўкi для сушкi бялiзны.
Пазней Шыфравальнiк не мог растлумачыць, чаму так лёгка пагадзiўся пайсцi на далёкую ўскраiну горада Д. за навязлiвым незнаёмцам.
Яны прыйшлi ў засмечаны двор трохпавярховага пасляваеннага дома, i мужчына прапанаваў салдату пачакаць каля пад’езда, пакуль ён падымецца ў кватэру i паглядзiць, цi не вярнулася часам жонка, якая разам з дзецьмi павiнна заначаваць на дачы. Але ўсялякае здараецца.
Стоячы ў двары, малады салдат убачыў, як у кватэры на трэцiм паверсе загарэлася святло: гэта незнаёмец даў знак, што можна, не баючыся, падымацца i заходзiць. Вось тады Шыфравальнiк i пачуў голас. Гэта быў прыемны барытон, якi вельмi ясна прамовiў, што пад скруткам вяроўкi ў партфелi ляжыць нож. Шыфравальнiк азiрнуўся на голас i ўбачыў невысокага чарнакрылага Анёла, якi iмгненна растаў у паветры. Анёл не сказаў, што сiвы мужчына збiраецца зарэзаць салдата, каб потым запiхваць пальцамi сваю халодную сперму ў левае вуха нябожчыка, размазваючы яе па казялку, мочцы i супрацьказялку. Анёл толькi паведамiў пра наяўнасць зброi ў скураным партфелi. Але гэтага было дастаткова, каб Шыфравальнiк уцёк з двара i хуценька вярнуўся ў вайсковую частку.
Гiсторыя з Анёлам не мела б анiякай каштоўнасцi, каб не пэўныя супадзеннi i акалiчнасцi. Па-першае, за лiтараю "Д" быў зашыфраваны горад Растоў, а за "Р" схавалася цэлая рэчка Дон. Па-другое, у Растове-на-Доне служыў шыфравальнiкам мой добры знаёмы географ, якi сапраўды быў запрошаны незнаёмым чалавекам у госцi. Вось так будучы настаўнiк прыродазнаўства i геаграфii меў выдатную магчымасць наведацца ў кватэру растоўскага Дракулы — спадара Чакацiлы. Таго самага, якi замардаваў паўсотнi чалавек, быў злоўлены, асуджаны i расстраляны.
Шыфравальнiк сапраўды вельмi блiзенька прайшоў ад жахлiвай смерцi, але ўменне пранiкаць у таямнiцы i разгадваць загадкi выратавала ягоную маладую душу, ну i цемнакрылы Анёл дапамог, безумоўна.
19.06.1995
29 — Сунiчнiк
Яшчэ ў ранiшнiм прыцемку вясковыя маладзiцы выбралiся ў ягады. Чэрвень стаяў цёплы, i сунiцы ўрадзiлi як нiколi. Дарогаю дзяўчаты дамовiлiся, што далёка не разыдуцца i ўвесь час будуць перагуквацца. Спярша маладыя галасы гучалi амаль не сцiхаючы, але хутка маладзiцам надакучыла гукаць, бо сакаўныя сунiцы самi прасiлiся на язык. А як ты гукнеш з поўным ротам?