Маладая ягаднiца адчула на сваiм запясцi жалезныя пальцы Сунiчнiка. Дзяўчына тарганулася ў бок воўчага кустоўя, але Сунiчнiк трымаў мёртва. Пераляканая маладзiчка звяла, апусцiлася на асаку i загула.
А ў гэты момант з самых нетраў дрыгвянога балота ўсплыў на паверхню калматы Багнiк. Ён нагадваў гурбу рудога торфу, у якiм ярка свяцiлiся дзве сапфiравыя зорачкi ясных вачэй.
— Ты нашто мяне пабудзiў, Сунiчнiк? — на травянiсты бераг леглi кiпцюрастыя лапы. — Ты ж ведаеш, як я не люблю, калi мяне торгаюць без дай прычыны?
— Нагода, шаноўны Багнiк, ёсць. Я ж нiколi не з’яўляюся без падарунка. Вось i цяпер прывёў ягаднiцу з чыстым целам i наiўнай душою.
— А колькi мне будзе каштаваць твой падарунак? — Багнiк соладка пазяхнуў.
— Дамовiмся. Сто разоў дамаўлялiся i зараз не пасварымся. Дасi пярсцёнак са смарагдам, i дзяўчына будзе тваёю. Не пашкадуеш. Я каштаваў яе сунiцы.
— I што ты, брат мой Сунiчнiк, у пустым зiхценнi каляровых каменьчыкаў знаходзiш? Не разумею. — Багнiк апусцiўся ў дрыгву з галавою, але праз iмгненне зноў ляжаў на паверхнi.
На крывым кiпцюры iскрыўся плацiнавы пярсцёнак з масiўным смарагдам.
— Трымай! — Багнiк пусцiў пярсцёнак у паветра, адкуль яго спрытна вычарпнуў Сунiчнiк.
— Прыгажосць уратуе свет, — сказаў ён i ўздзеў пярсцёнак на безыменны палец левай рукi.
Палюбаваўшыся смарагдам, Сунiчнiк падхапiў на рукi самлелую ягаднiцу i кiнуў у брунатны мул. Тая закалiхавала. Багнiк апусцiўся ў сваё густое царства разам з маладзiцаю.
Сунiчнiк вярнуўся на сонечную галявiну i ўсмак паеў салодкiх ягад з вядзерца.
27.06.1995
30 — Папераджальнiк
Вогненны сабака высока падскокваў i павiскваў.
— Зараз, зараз, — супакойваў сетэра гаспадар, выходзячы з прыбiральнi, — цыгарэты вазьму i пойдзем.
Гулялi доўга. Гаспадар хадзiў па лясных грудах, курыў i любаваўся краявiдамi ружовай i духмянай вечаровай Вiльнi. Сабака гойсаў па лагчынах, шапочучы ў зарасцях папарацi.
Праз гадзiну яны вярнулiся ў Новую Вiльню, каб узняцца на перадапошнi паверх шматкватэрнага гмаха. Яны толькi зайшлi ў пад’езд, як гнуткi сетэр занепакоiўся i колькi разоў варожа гаўкнуў. На сваiм паверсе сабака пачаў люта брахаць i кiдацца на дзверы. Гаспадар завагаўся: адчыняць, не адчыняць. Тут дзверы рэзка расхiнулiся. Чырвоны сетэр скочыў на цёмную постаць, што ўзвышалася ў калiдоры. Агнiстая зорка вырвалася з рукi чалавека ў чорнай масцы. Куля ўвайшла ў сабачую пашчу. Сетэр скруцiўся, тузануўся, заторгаўся i ацiх назаўсёды. Гаспадар хiстануўся, адступiў, прытулiўся спiнаю да сцяны i заплюшчыў вочы. У чалавека адняло мову.
Апрануты ў цёмнае, Папераджальнiк звiнцiў з пiсталета глушыльнае прыстасаванне i схаваў зброю ў нагруднай кiшэнi.
— Гэта вам папярэджанне, — паведамiў ён i пачаў спускацца па сходах.
Чалавек маўчаў, мова не вярнулася.
— Апошняе! — крыкнуў Папераджальнiк на ўвесь пад’езд i выйшаў у лiтоўскую ноч.
26.08.1995
31 — Парасоннiца
Пачало накрапваць. Мужчына ўзняў каўнер. Ён стаяў на трамвайным прыпынку пад лiхтаром i чытаў газету. Ён мог бы перайсцi пад лiпу цi схавацца пад брылём шапiка "Саюздруку", але застаўся на месцы, бо спадзяваўся на хуткi трамвай, якi выверне з-за рога, пусцiць фiялетавую iскру, зазвонiць весела i бадзёра, спынiцца, расчынiць дзверы ў светлы салон, дзе можна будзе сесцi на сухое крэсла i дачытаць артыкул.
Толькi трамвай не прыходзiў i не выварочваў з-за дома, i не расхiнаў запрашальна дзверы.
Дождж гусцеў. Варта было схавацца пад дрэвам цi хоць бы стаць пад газетны шапiк. Але мужчына заставаўся пад высокiм лiхтаром. Так здараецца на прыпынках: стаiш i не можаш варухнуцца, ты ў поўнай залежнасцi ад трамвая, якi прапаў немаведама дзе.
Тыя, што прыходзiлi пазней, станавiлiся або пад купчастую лiпу, або тулiлiся спiнамi да дыктавых сцен шапiка. Мужчына заставаўся пад лiхтаром i змок бы ўшчэнт пад спорным i халодным начным дажджом, каб не Парасоннiца.
Прыйшоўшы на прыпынак, яна адразу схавалася пад густалiстую лiпу, адкуль i заўважыла мужчыну, якi згорбiўся, засунуў рукi ў кiшэнi i зрабiўся падобны да пакрыўджанага пеўня. Парасоннiца пашкадавала яго i разгарнула квяцiсты парасон.