Выбрать главу

— Бывае, стаiш на прыпынку пад дажджом i няма дзе схавацца, — загаварыла да мужчыны Парасоннiца. — А твой парасон стаiць дома, каля пачапельнiка, бо ранiцаю i знаку не было на дождж. I хто мог думаць, што ўвечары палье, як з вядра. I давядзецца думаць: столькi навокал людзей з парасонамi, i нiводзiн не падыдзе i не прапануе схавацца. Вы даруйце нахабства, але вам варта стаць пад мой парасон. Ён невялiкi, але захiне ад дажджу.

Голас у Парасоннiцы быў прыемны, аксамiтны, душэўны.

— Дзякуй, не трэба, — прамармытаў мужчына, выцягваючы рукi з кiшэняў.

З завулка, ракочучы i бразгаючы металам, выкацiўся двухвагонны трамвай. Вадзiцель даў пералiвiсты званок. Пасажыры спрытна паўскоквалi ў салоны. Парасоннiца згарнула зiхоткi парасон i запытальна зiрнула на мужчыну.

— Не мой нумар. — Ён адвярнуўся.

Парасоннiца ўзнялася на прыступку. Вадзiцель плаўна пусцiў трамвай у начны дождж.

"Якая нахабная! — падумаў мужчына, вяртаючы рукi ў кiшэнi. — А якi ў яе брыдкi, стары, зморшчаны твар!?"

28.08.1995

32 — Бульварнiк-1

Шторанiцы ён выглядвае ў акно. Цi ёсць сонца? Ён працуе выключна ў добрае надвор’е. Ён актор балета. Яму патрэбны гледачы. А яны бываюць на бульвары толькi ў пагодлiвыя днi. Таму дзень пачынаецца з доўгага пагляду на неба.

Ён уцёк з Беларусi ў Барселону. Назбiраў грошай, перапрадаючы валюту на Камароўскiм кiрмашы. Праз знаёмага мастака знайшоў сквапную iспанку, фiктыўна ажанiўся i перабраўся ў Каталонiю. Атрымаўшы вiд на жыхарства, ён наняў у рабочым раёне маленечкi пакой з варэльняй i душам. А цяпер на золку выглядае ў адзiнае акно. Цi не пайшоў дождж? Калi на вулiцы суха, Бульварнiк бярэ валiзу з тэатральным касцюмам Дон Кiхота i iдзе ў цёмны двор, што каля кiрмашу. За скрыняй з-пад гароднiны ён пераапранаецца ў рыцара маркотнага вобраза i з ног да галавы зафарбоўваецца ў срэбны колер.

Цэлы светлы дзень ён стаiць на бульвары Рамбла i за кiнутую манетку робiць узмах драўлянай дзiдаю.

Штовечар Бульварнiк выграбае са скрынi нажабраванае. Дзелiць грошы на тры роўныя долi: на старасць, на жыццё i на задавальненне.

А радасцi ў яго вельмi простыя. Разам з вулiчным мастаком сербам, якi ўцёк з Боснii, Бульварнiк iдзе ў бар i напiваецца маскоўскай гарэлкi.

22.09.1995

33 — Цырульнiк

Мужчына ведаў: у Каталонii цырульнi значна даражэйшыя за беларускiя. А што хацець? Можна не падстрыгацца, перачакаць, вярнуцца, завiтаць да знаёмай цырульнiцы i ўпарадкаваць фрызуру. Але цырульнiца, дазнаўшыся пра вандроўку, спытае не пра музей сюррэалiста Далi, а пацiкавiцца станам цырульнага майстэрства на мiжземнаморскiм узбярэжжы. I што казаць? Сквапны?

Мужчына прыгледзеў сцiплую, народную, на адно крэсла, цырульню. Ранiцаю там пачытвалi прэсу i галiлiся небагатыя каталонцы. Перад люстэркам увiхаўся толькi адзiн майстар паважанага ўзросту. Шыльда над установаю не абяцала вышчыпвання валасоў на нагах i дадатковых iнтымных паслуг, а гэта супакойвала.

Мужчына зайшоў, вымавiў прывiтанне, сеў на лаўку чакальнiкаў i ўзяў са столiка спартыўны часопiс. Прэсу ён не любiў, але згодна з падгледжаным рытуалам разгарнуў тыднёвiк. Каталонцы, мiж iншым, проста загорнутыя на футболе i страшэнна перажываюць за сваю знакамiтую каманду "Барселона". Таму ён i надаў сабе сур’ёзны i зацiкаўлены выгляд. Аднак усе футбалiсты як былi, так i засталiся для яго на адзiн бестурботны твар. Таму часопiс хутка быў адкладзены. А мужчына пачаў паглядаць у тэлевiзар, што вiсеў над цырульным люстэркам.

Паказвалi кухараў-кiтайцаў. Доўгiмi крукамi яны лавiлi змей, а потым што толькi з iмi не выраблялi. Адсякалi галовы на калодках, лупiлi скуру, рэзалi на кавалкi, варылi, елi самi i кармiлi дзяцей. Вiдэасюжэт захоплiваў.

Тым часам Цырульнiк апрацаваў патылiцу папярэднiку i запрасiў мужчыну ў скураное крэсла. Той заўсмiхаўся i прамовiў загадзя вывучанае па-iспанску: "Падстрыжыце коратка!" Ён быў задаволены, бо не забыўся чужынскiя словы i яшчэ падгледзеў, колькi заплацiў папярэднi клiент — менш, чым меркавалася патрацiць. Цырульнiк ахiнуў мужчыну блакiтным прасцiрадлам i лёгка запстрыкаў просценькiмi нажнiцамi. Так вось, без усялякiх машынак, вастрадзюбымi нажнiцамi i брытвай-галяком, за якiх шэсць-сем хвiлiнаў мужчыну добра, з густам i без напругi падстрыглi.

У самога Цырульнiка, дарэчы, была вельмi ахайная, брунатная ад загару, блiскучая, цалкам лысая галава. А вось рукi мелi кудлатую поўсць, не раўнуючы, як у мядзведзя. Мужчыну i падумалася, а цi не правесцi конкурс на лепшую фрызуру на руках? Распачаць накiрунак. Даць штуршок новай модзе. Чубок на запясцi, прабор каля локця, арнамент па ўсёй руцэ... Мужчына паспрабаваў бы тое на сабе, толькi меў на руках раслiннасцi замала для станоўчага эксперымента.