Выбрать главу

Пакуль Цырульнiк стракатаў нажнiцамi, тэлевiзар пачаў паказваць новы сюжэт пра прусакоў. Хоць экран быў маленькi, жамерыны выглядалi магутна — па кiлаграму кожная. Правiльна сцвярджаў жыхар Пiрэнейскае паўвыспы, авангардыст, лiтаратар i гандляр Гомес дэ ля Сэрна: самыя блiскучыя чаравiкi можна пашыць толькi з барселонскiх прусакоў. Мужчына налюбаваўся бурштынавымi жамерынамi ўдосталь, нават пабачыў прусачыны палавы акт. Па тэлевiзii акт атрымаўся вельмi механiчны, цацачны, мультыплiкацыйны. А яшчэ мужчына наглядзеўся сам на сябе ў сапфiравыя вочы. Блакiтныя, светлыя вочы ў Каталонii не часта сустрэнеш, хiба што ў шэрых, падобных да ваўкоў, высокiх сабак. Скрозь чорныя. Цырульнiк, дарэчы, меў вочы вiльготна-атрамантавыя i добрыя, як у лялечнага быка.

Паабтрасаўшы валасiнкi з паголенай мужчынскай шыi, ён манерна шпурнуў шчотку на палiцу. Наравiстая шчотка скокнула i паляцела на падлогу. Мужчына не стрываў i злосна хiхiкнуў. Цырульнiк зазлаваў, загнаў мыском чаравiка шчотку пад часопiсны столiк i ўзяўся за пульверызатар. Мужчына паспрабаваў быў адмаўляцца. А раптам бутэлечка скочыць на падлогу, i тры днi давядзецца дыхаць сумнеўным водарам. Толькi намаганнi былi марныя. Цырульнiк распырскаў смуродлiвую вадкасць. Мужчына азлiўся i закрычаў. Калматыя рукi спрактыкавана разгарнулi брытву-галяк i ўвобмiльг раскроiлi мужчынскае горла ад вуха да вуха.

— Нельга насмiхацца над старэйшымi, — сказаў каталонскi цырульнiк далёка адкiнутай, мёртвай галаве.

24.09.1995

34 — Тунельнiк

Ён не пракладае тунеляў. Ён працуе ў кавярнi — доўгай, як пенал гiмназiсткi-выдатнiцы. Каб установу не ахрысцiлi "Бар-тунелем", нiкому i ў галаву не прыйшло б называць яго iначай, як бармен. А так уся Барселона кажа: Тунельнiк. I хай сабе. Ён не супраць. Ён паважае клiентаў i любiць свой даўжэзны, як працоўны панядзелак, "Бар-тунель". Ён увiшны. Ён гнуткi, як браслаўскi вугор. Ён увесь час у вiбрацыi, у трымценнi, у напрузе. Тунельнiк вiтаецца з мiнакамi, працiрае танканогiя келiхi, гатуе каву-экспрэс, налiвае мурыну скоч, падае сiвагаловаму мастаку пiва, адмервае прыбiральшчыку бурбон, лiчыць песеты, усмiхаецца суседцы, падмiргвае студэнтцы-кiтаянцы, прытанцоўвае на вытаптаных да белi дошках, насвiствае турэцкi марш i ўсё гэта — адначасна. Ён таленавiты i здатны зрабiць адразу сто адну кавярную справу. Ён — увасабленне гасцiннасцi, ветлiвасцi, зычлiвасцi, удзячнасцi i надзейнасцi, але да пэўнай мяжы. Тунельнiк можа, як захоча, зрабiцца жорсткiм, упартым i неадступным.

Вось ты ўзяў i паквапiўся на ягоную шыракабровую жонку. Ты штодня прыходзiў у "Бар-тунель" выпiць ранiшняе капучына з тостамi. А Тунельнiкава жонка зманлiва падмiргвала з акенца над кавярняю. Яна — вульгарная, як курортная паштоўка, — запрасiла цябе. I ты крадком, як шкодны гiмназiст, праз двор i чорную лесвiцу прабраўся ў цёплы пакойчык — ложак, камiн, рукамыйнiк. Ты спехам скiнуў нагавiцы, хуценька памыўся, выцерся насоўкаю. Ты павалiў чужую жонку на неразабраны ложак. Ты паглыбiўся ў нетры каталонскай жыццядайнасцi. Ты захлынуўся ў асалодзе.

За паглыбленнямi цябе i заспеў Тунельнiк. Пабачыў, спалатнеў, стаiўся. Ён не кiнуўся бiцца. Ён не выхапiў кiнжал i не працяў табе сэрца. Ён не пабег i не зняў з музейнае сцяны алебарду i не рассек шыйных пазванкоў. Ён счакаў, пакуль тваё сексуальнае змесцiва перальецца ва ўлонне спакуснiцы. А потым ветлiва запатрабаваў разлiчыцца. Ён не папрасiў болей, чым даюць звычайнай прастытутцы. Ты радасна развiтаўся з трыма тысячамi песетаў. Усё выдатна. У кожным бармене жыве сутэнёр. Хай сабе жыве.

Ты спусцiўся ў бар, i Тунельнiк запрапанаваў будзённы кубачак капучына за кошт "Бар-тунеля". Ты выпiў. Кава крышку гарчыла i мела прысмак мiндалю. Дробязi. Неiстотна. Тунельнiк усмiхаецца. У яго белазубая ўсмешка. У барменаў павiнны быць iдэальныя зубы i дагледжаныя пазногцi. Тунельнiк з такiх. Толькi чаму ўстанова зачыненая? Дзе наведвальнiкi? Нашто ты пiў горкую каву? Ты не адкажаш. Ты павалiшся на белыя дошкi i памрэш. Тунельнiк атруцiў цябе мыш’яком.

Ён перацягнуў цела ў сутарэннi, а там загарнуў у пыльны мех. З такiм мехам Тунельнiк ездзiць па вугаль для маленькага камiна. Ён любiць увечары пасядзець у крэсле i паглядзець у агонь. Аднаго разу, седзячы з келiхам марцiнi, ён згадае, як уночы вывез цябе ў лес i закапаў. I ад той згадкi ў Тунельнiка пацяплее на душы.

03.10.1995

35 — Iмянiннiк

На дзень нараджэння народу сабралася шмат: поўная чатырохпакаёўка. У гасцёўнi чакаў стол. Госцi належным чынам павiншавалi Iмянiннiка, выпiлi, закусiлi i разбрылiся па кватэры. Хто пайшоў у варэльню палiць, хто пачаў пераабсталёўваць кабiнет у залу для танцаў, а хто застаўся за сталом напампоўвацца алкаголем. Маладыя гады, маладыя жаданнi.