Выбрать главу

Iмянiннiку споўнiлася дваццаць два. Яго добра падвесялiлi дзве чарачкi каньяку i гара розных падарункаў. Iмянiннiк быў у гуморы, i яму захацелася жанчыны. Ён безразважна накiраваўся да купкi дзяўчат, што перабiралi кампакт-дыскi, i, выбраўшы найпрыгажэйшую, прапанаваў дапамагчы перанесцi акустычныя калонкi. Так ён адлучыў прыгажуню ад сябровак. У вiтальнi Iмянiннiк угаварыў дзяўчыну зачынiцца разам у ванным пакоi, а там дамогся блiзкасцi. Кахацца стоячы нязручна, але Iмянiннiк даволi хутка дасягнуў асалоды.

Ён пакiнуў прыгажуню рабiць водныя працэдуры i вярнуўся да гасцей, што апантана танчылi ў паўцёмным кабiнеце. Iмянiннiк сабраўся далучыцца да вясёлых скокаў, але раптам спахмурнеў i вярнуўся да дзвярэй у ванны пакой. Стукаў ён настойлiва.

— Хто? — пачулася адтуль.

— Адчыняй...

— Нешта забыўся? — аголеная прыгажуня абцiралася ружовым ручнiком.

— Не, я нiчога не згубiў, i майткi надзеў не шыварат-навыварат. — Iмянiннiк прысеў на край ванны.

— Захацелася працягу?

— Так, але iншага. Можаш палiчыць мяне за поўнага вар’ята, але даслухай да канца.

— Вырашыў пазычаць грошы? — прыгажуня ўсцягнула чорныя бiкiнi.

— Якiя грошы? Нiчога не збiраюся пазычаць... А хiба ў цябе ёсць грошы?

— Няма. Толькi так выбачаюцца, калi намерваюцца перахапiць. — Прыгажуня забрала ў станiк акуратныя грудзi.

— Я не выбачаюся, а прашу дазволу. Можна называць цябе Сiзi? — Iмянiннiк зазiрнуў на спод вачэй каханкi.

— Табе не падабаецца маё сапраўднае iмя? — Яна зашмаргнула маланку на спаднiцы.

— Наадварот, вельмi падабаецца — i тваё iмя, i тваё прозвiшча...

— Дык што тады? — жанчына апранула бялюткую, як уяўны снег, кашулю.

— Каханне вымагае змены iмёнаў. Павер. Разам з пачуццямi нараджаюцца словы. Спачатку мне захацелася назваць цябе Сфiнкс. Чаму? Не ведаю! Можа з-за валасоў залацiстых, а можа з-за крылаў, якiя ўявiў за тваiмi плячыма. Толькi Сфiнкса ведаюць. Iмя Сфiнкс — агульнага карыстання. Давялося пераўтварыць Сфiнкса ў Сiзi.

— Мне цяжка будзе прывыкнуць да новага iмя. — Прыгажуня наблiзiла твар да люстэрка i пачала падфарбоўваць вусны.

— Не-не, ты не павiнна нiкому казаць пра тое, што я называю цябе Сiзi, гэта iнтымна.

— Больш iнтымна за тое, чым мы толькi што займалiся? — яна расцягнула вусны i падвяла абрыс верхняй губкi.

— Вядома, больш. Нiякай таямнiцы няма ў тым, што мужчыны сыходзяцца з жанчынамi. Таямнiца ў тым, што яны кахаюць адно аднаго. Дык дазволiш называць цябе Сiзi?

— Я не буду крыўдаваць, калi пачую Сiзi, толькi не рабi гэтага на людзях.

— Канешне, Сiзi.

— Цяпер я выйду першай. А ты зрабi выгляд, што кепска, што апаласкваеш твар i чысцiш зубы. Дарэчы. Твае словы можна лiчыць прызнаннем у каханнi?

— Напэўна, не. — Iмянiннiк засумняваўся, захацелася аспрэчыць сябе i сказаць, што ён прызнаецца ў каханнi, але ж змаўчаў. Прыгажуня пакрыўдзiлася, выйшла з ваннага пакоя i далучылася да танцораў.

Iмянiннiк усiх запрасiў за стол. Госцi працягвалi вiншаваннi i чоканне поўнымi чаркамi ды келiхамi. Святкаванне дня нараджэння неўпрыкмет перарасло ў п’янку. Прыгажуня выпiла столькi ружовага шампанскага, што ўзлезла на стол i сказала:

— Ён прызнаўся мне ў каханнi i папрасiў дазволу называць iнакш...

Жанчына спрабавала згадаць новае iмя, але не змагла. Яна папрасiла Iмянiннiка нагадаць ёй iнтымнае iмя. Але той адмовiўся.

05.11.1995

36 — Рок-спявак

У Рок-спевака быў шаманскi барытон. Падобныя галасы з’яўляюцца раз на сто гадоў.

Тут ёсць падабенства з тым, як пралятае над светам агромнiстая вогненная камета. Людзi спыняюцца, уздымаюць галовы, шэпчуць:

— Зiрнiце! Паглядзiце на дзiва!

А потым ф’ю-ю-юць, i каметы няма. Цiшыня. Цемра. I нiхто нiколi не пабачыць нiчога падобнага. Але тыя, хто бачыў агнiсты палёт, не змогуць яго забыць.

Ноч стаяла спякотная. Стадыён, падрыхтаваны да выступлення Рок-спевака, болей падыходзiў да правядзення палiтычнага мiтынгу анархiстаў, чым для музычнага шоу.

Нiводзiн з гуртоў, якiя павiнны былi разагрэць i разгайдаць публiку, не дайграў свае праграмы да канца. Пакрыўджаныя музыкi пакiдалi сцэну пад свiст, скавытанне i ўлюлюканне раз’юшанага натоўпу.

Народ шалеў у чаканнi кумiра. Падлеткi, не хаваючыся, пiлi алкаголь, палiлi тытунь i анашу, а найбольш адвязаныя мастурбавалi i займалiся сексам з проставалосымi сяброўкамi. Натоўп перад сцэнаю сабраўся настолькi вялiкi i агрэсiўны, што ахоўнiкi i не спрабавалi наводзiць парадку.