У Рок-спевака быў цёмны настрой. Раздражнялi i бянтэжылi жарты, якiмi музыкi перакiдвалiся з ахоўнiкамi. Рабiлася млосна ад успамiнаў пра сварку з сяброўкаю, якая адбылася за гадзiну да канцэрта. Дзяўчына схавала шпрыц з ампуламi какаiну. I, апрача ўсяго, лiпучая гарачыня. А ягоныя музыкi пiлi колу i бестурботна радавалiся жыццю. Iх iмпэт згас толькi тады, калi першую кампазiцыю давялося пачынаць трэцi раз. Публiка ж паставiлася да правалу найлепшым чынам. Непрафесiйнасць, нязграбнасць, нахабства кумiра яшчэ болей узбудзiлi фанатаў. Рок-спявак толькi напрыканцы другой песнi пачаў трапляць у танальнасць. I чым далей спяваў, тым лепей гучаў боскi голас. Ён лунаў над галовамi юнакоў залатакрылым Анёлам, i душы жывых чулi ягоны поклiч.
Натоўп вар’яцеў i раз’юшваўся. Нарэшце натоўп закiпеў, i пачаўся штурм сцэны. Душачыся, топчучы адзiн аднаго, фанаты лезлi да кумiра. Ахоўнiкi бiлi iх гумовымi дручкамi, лупцавалi кулакамi, мясiлi каленямi i папiхалi чаравiкамi. Аглушаныя, акрываўленыя, абражаныя ахвяры падалi назад у натоўп.
Немаведама чым бы скончылася бойка памiж фанатамi i ахоўнiкамi, каб Рок-спявак не спынiў канцэрт.
— Хопiць! — пачуў ацiхлы стадыён. — Вы прыйшлi не слухаць музыку. Разумею. Вы прыцягнулiся з усiх закуткаў смярдзючага горада, каб павесялiцца, пакайфаваць, папiць пiва, пафачыцца. Якая музыка? Да д’ябла спевы! Галоўнае — паглядзець на дзiвосы. Галоўнае — пабачыць што-небудзь зачаравальнае, чаго больш нiдзе не пакажуць. Што мне рабiць? Я ў вас, вырадкi, пытаюся?..
Стадыён маўчаў. Над галовамi лётаў чорны Анёл злосцi.
— А што, калi я вам, сляпым i глухiм, пакажу фалас? Вы ж гэтага чакаеце! Гэтага? — Рок-спявак выцягнуў з нагавiцаў даўгакрысую кашулю i пачаў танцаваць вакол мiкрафоннай стойкi.
Ён то ўздымаў фалды кашулi, то апускаў iх.
— Вы бачылi? Бачылi? Вось ён, паглядзiце. Гэта найлепшы фалас у свеце. Паглядзiце на яго яшчэ раз.
Натоўп выбухнуў. Пачалася бойка. Музыкi, пахапаўшы iнструменты, паўцякалi. Рок-спявак укленчыў i ашчаперыў галаву рукамi. Гумовы дручок начальнiка стадыённай аховы апусцiўся Рок-спеваку на спiну. Другi ўдар ён атрымаў чаравiкам у скронь. Нi трэцяга, нi астатнiх удараў ён не адчуў. Вярнуўся да свядомасцi толькi пад ранiцу. Ляжаў, апрануты, на ложку ў пакойчыку ў сяброўкi.
— Нашто ты гэта зрабiў? — спыталася яна, убачыўшы, як ён накiроўваецца ў душ.
— Мне было цiкава, што з гэтага атрымаецца. Звычайная цiкавасць!
Распрануўшыся, Рок-спявак прыўзняў накрыўку скрынi пад брудную бялiзну, каб кiнуць туды запэцканую ў кроў кашулю. Там ён i знайшоў шпрыц з ампуламi. Рок-спявак зрабiў сабе ўкол i стаў пад лагодныя струменi. Падвоеная доза какаiну падаравала лёгкую, бестурботную, цiхую смерць.
06.11.1995
37 — Красуня
У горадзе пачалася сапраўдная восень — шарая, з золлю.
Цэлую нядзелю мужчына прасядзеў у кватэры: чытаў, самазадавальняўся i бяздумна пазiраў у тэлевiзар. Музыку слухаць не мог — заганяла ў дэпрэсiю. Тэлефонны нумар старога сябра ён набраў без спадзяванняў.
— Доўга iдзеш да тэлефона, — быццам для сябе, адзначыў мужчына.
— Я не адзiн. — У слухаўцы iнтымна зашалахцела мяккая матэрыя: цi то прасцiна, цi то кашуля, цi то сукенка.
— Прабач. — У iнтанацыi мужчыны чулася расчараванне.
— Сумуеш? Цi з нагоды звонiш?
— Захацелася выпiць.
— Прыязджай. Дарогу ведаеш. Пачастую. Учора печаныя грушы з мястэчка прывёз.
— Еду.
З-пад высокай i халоднай поўнi сыпала драбнюткая iскрыстая iмжа. У прыгарадным аўтобусе было зiмна, няўтульна i, апрача таго, пахла танным адэкалонам. Вузкавокi маладзён у вязанай шапачцы настойлiва патыхаў спiртавым водарам ускраiннай цырульнi. Пасажыраў ехала няшмат: колькi вайскоўцаў вярталася ў ракетную вучэльню, дзве студэнткi абмяркоўвалi прагледжаную ў кiнатэатры меладраму, прапахлы грамадскай цырульняю маладзён i ён — мужчына.
"I куды мяне нясе на ноч гледзячы?" — падумалася яму, калi праходзiў да кабiны.
Кепска паголены шафёр сцiскаў у губах цыгарэту.
— Можна i я запалю? — папрасiў дазволу мужчына.
— Куры! Мне што! Галоўнае, каб пасажыры не бунтавалiся.
Водар кубiнскага тытуню перабiў адэкалонавы дух.
Аўтобус ляцеў праз кастрычнiцкую ноч.
— Хто? — пачуў мужчына з-за гладкiх дзвярэй.
— Хто-хто... Госць у палiто. — У вiтальнi было змрочна, i рукi на прывiтанне мужчынам давялося працягваць наўздагад.
— Праз парог нельга... — Сябар пацягнуў мужчыну ўглыб кватэры. — Распранайся, праходзь. Шчыра скажу: думаў, не прыедзеш. Ноч, золь, халадэча. Так што, даруй, сустракаю без смокiнга.