— Посцiлка з плоцi, нiчога сур’ёзнага, недарагое задавальненне для самотнага. Калi ёсць жаданне паспытаць, калi ласка. Нарэшце ты вяртаешся ў рэчышча разумнага, рацыянальнага i вечнага. А то — пiсталет, сэрца, смерць, крыўды. Няўжо ты здатны на забойства? Няўжо ты верыш у сваю правiльнасць настолькi, каб забiць?
— Веру i заб’ю! — мужчына сказаў пераканаўча.
— Заб’еш. Правiльна. Некага абавязкова застрэлiш. Можа, сябе цi крыўдзiцеля, а мо — выпадковага чалавека. Хто адкажа? Ты? Не, ты не здатны адказаць за гвалт, бо апынешся або нябожчыкам, або вар’ятам, i цяжар адказнасцi перасунецца на iншых: на таго, хто ўклаў у рукi зброю. Вось так. Не дам пiсталет. I давай забудзем начную мужчынскую размову. Цi ты хочаш нешта дадаць?
— Вядома. — Мужчына расцягнуў пальцамi набрынялыя стомаю павекi.
У варэльню завiтала Красуня.
— Сыходжу. Позна. Спаць трэба. — Яна была наўздзiў свежая, з мокрымi, гладка зачэсанымi валасамi, вiдаць, толькi з душа.
На румяным тварыку не засталося нават ценю дурноты i хмельнае распуснасцi.
— Куды ты на холад пасля купання? — Сябар прыўстаў.
— Прыемна, што захваляваўся. Толькi мне два крокi праз двор перабегчы. Цi ты забыўся, дзе жыву? — Красуня зашпiлiла шкляны гузiк на каўнерыку тактоўна-шэрай сукенкi.
— Калi так, бывай. Нам дагаварыць трэба. — Сябар сеў.
Красуня бязгучна прычынiла непранумараваныя дзверы.
— Не будзе ў цябе, дарагi мсцiўца, зброi. — Сябар узняў келiх i залюбаваўся пералiвамi цёмнага вiна.
— Пабачым... Цi ты мяркуеш, толькi ў вашай вучэльнi крадуць зброю? — мужчына запiў пытанне вялiкiм глытком.
— Зладзейства паўсюдна. Крадуць усё чыста. Вось i жонка ўкрала ў мяне сына. Разышлiся. Надакучылi адно аднаму. Без сварак падзялiлi маёмасць. Сына яна безапеляцыйна пакiнула сабе. I што абразлiва: прывучыла называць мяне Суседам. Сын на ўласнага бацьку гаворыць — стары Сусед. Крыўдна. Да слёз. Здаецца, сапраўды схаплю пiсталет i застрэлю. Толькi што зменiць забойства?
Хто выйграе? Цi, можа, трывала стаiць тое, пад што кроў пацякла? Маўчыш. Правiльна. Разумна. Нiкога не застрэлiм: нi ты, нi я.
Зброi не трэба. Можа, я кепскi сябар, але зброю давядзецца шукаць у iншым месцы.
Бутэльку дапiлi моўчкi.
Мужчына сышоў, так i не пакаштаваўшы печанае грушы. Ён праходзiў праз iскрысты, прыцярушаны золлю двор, калi з дашчанага домiка альтанкi пачуўся голас Красунi.
— Пастой... Я чакала... Замерзла...
Мужчына ўзяў яе адразу, стоячы ў альтанцы, пасярод пустога двара. Блiзкасць была кароткая, але ўсё ж аддалiла мужчыну ад думкi пра самазабойства.
01.12.1995
38 — Галерэйнiк
Мужчына завiтаў у мастацкую галерэю. Ён нейкi час разглядаў карцiны, пакуль не спынiў вока на сцiплым творы з васiльковым вянком.
— Калi ласка, здымiце са сцяны блакiтны нацюрморт. Я вазьму яго, каб падараваць жонцы на гадавiну нашага вяселля, — сказаў наведвальнiк далiкатнаму Галерэйнiку.
— Выдатны густ, — запэўнiў пакупнiка ўважлiвы прадавец. — Сярод выстаўленых карцiн не знойдзеш лепшай, каб падараваць каханай жанчыне. Але не спяшайцеся. — Галерэйнiк зрабiў загадкавы твар i прыцiшыў голас. — У маiм салоне ёсць выдатныя творы. Яны прыхоўваюцца для сапраўдных аматараў высокага мастацтва. Калi вы не супраць, дык пойдзем у мой кабiнет...
Мужчына не чакаў такой увагi i дасцiпнага абыходжання, а таму разгубiўся i маўчаў, не ведаючы, цi спакусiцца на прагляд таемных каштоўнасцей, цi абысцiся "Вянком", намаляваным хай не кiдка, але ж густоўна.
— Не сумнявайцеся, кошт карцiны застаецца той самы, нават меншы. Мая задача — не толькi прадаваць, але i перадаваць найлепшыя творы ў добрыя рукi. Можаце паверыць, часам карцiны сыходзяць за чыста сiмвалiчную цану...
Яны зайшлi ў вузенькi калiдор i спусцiлiся пакручастымi сходамi ў нiзкiя сутарэннi.
— Цеснавата, але што рабiць, арэнда за памяшканне проста касмiчная... Давялося, мiж намi, нелегальна павялiчыць сутарэннi. — Галерэйнiк вёў пакупнiка праз лабiрынты стэлажоў i шафаў, застаўленых самымi неверагоднымi творамi.
Там зiхцелi залатыя унiтазы i срэбныя пiсуары. На кiтайскiх вазах сядзелi парцэлянавыя мядзведзi з залатымi вачыма. У кутку моўчкi ляжаў саракасямiметровы нефрытавы Буда.
— Не здзiўляйцеся. Тут адны муляжы, нiчога сапраўднага, шкло, фарба i папера. Падробкi. Мода. Дзень сучасны. Сюды, калi ласка...
Яны зайшлi ў невялiчкi кабiнецiк. Апрача арэхавага стала, двух крэслаў i сейфа, у iм нiчога i не змясцiлася б.
— Прысаджвайцеся, — Галерэйнiк доўгiм ключом заляскатаў у сейфавых нетрах.
Мужчына адчуў прыгнечанасць.
З сейфа з’явiлася невялiчкае палатно ў букавай асадзе.