Ён крочыў каля дзiцячага садка, у якiм мужчына з жанчынаю выгульвалi чорных пудзялькоў. Мужчына са смакам курыў цыгарэту, пудзялькi нюхалi адзiн аднаму задняе мiжлап’е, а жанчына, прысеўшы на кукiшкi, спраўляла абедзве патрэбы. Вочы ў Мiнака i сабакаводкi сустрэлiся толькi на iмгненне. Мiнаку зрабiлася нiякавата. Ён адвярнуўся i прыспешыў хаду.
Ён нават пачаў пераходзiць на другi бок завулка, але i там яго падпiльнавала нечаканасць. У блакiтнакрылай легкавой машыне, якая не магла праехаць з-за пахавання, на пярэднiм сядзеннi, вывалiўшы з-пад курткi вялiзную цыцку, ружоватварая маладуха кармiла немаўля.
Мiнак збочыў з завулка ў двор, i ягоная спiна схавалася ў клубах духмянага дыму спаленага лiсця.
28.01.1996
40 — Карачун
Надышло 25 снежня, канчаўся найкарацейшы дзень.
У горадзе з вiншаваннямi, падарункамi i застоллямi святкавалiся Каляды. А таму шмат у якiх вокнах мiгцелi вясёлкавымi лямпачкамi навагоднiя ёлкi.
Але — так бывае заўсёды — калi ў адным месцы весела, дык у другiм — сумна i горка. За адным з вокнаў стаяла суцэльная цемра. I ў прапахлай лекамi цямрэчы памiрала хворая на сухоты маладая самотная жанчына.
Яна паспрабавала прыўзняцца на ложку, каб зрабiць глыток астылай мятнай гарбаты, i не змагла. Свядомасць на хвiлю пакiнула яе.
Да прытомнасцi жанчына вярнулася цяжка i першае, што пачула, — грукат уваходных дзвярэй.
Нехта вялiкi i няўклюдны шапацеў, тупаў i натужна соп у маленькай вiтальнi.
Жанчына, зрабiўшы намаганне, павярнула голаў i пабачыла танюткую стужачку залацiстага святла, што ляжала пад дзвярыма цёмнай спачывальнi. Розум вярнуўся ў крышталёвую яснасць, i ад гэтага хворай зрабiлася толькi горай. Страх канчаткова спаралiзаваў змучанае, высахлае, выпетранае цела. Жанчына з жахам пазiрала на светлую шчылiну i не магла адвесцi вачэй.
Тым часам з вiтальнi пачуўся сухi, рэзкi кашаль. Перхаючы, бухаючы i захлынаючыся ўласнымi макротамi, да дзвярэй падсунулася нязваная iстота. Ручка павярнулася. Дзверы расхiнулiся. У жаўтлявым прагале ўзвышалася каржакаватая постаць Карачуна. З жаночых грудзей вылецеў жаласны перадсмяротны стогн.
— Не сiпi. Патрывай. Табе засталося ўсяго нiчога. Прымеш апошнюю пакуту ад рук маiх i пойдзеш вольная ў нябеснае святло. — Шырокi, падобны да дубовага карча, цемнатвары Карачун сунуўся да ложка, ледзь-ледзь перастаўляючы слановыя ногi ў мяккiх бурачках.
Халодныя слёзы заслалi ашклелыя жаночыя вочы.
Карачун узлез на ложак, стаў над пакутнiцаю на карачкi i пачаў цiснуць i ламаць змучанае цела сваiмi наўздзiў цёплымi лапамi.
Не вытрываўшы курчаў i сутаргаў, жанчынiна душа пакiнула цела. Твар у нябожчыцы зрабiўся падобны да васковае маскi. У сцiснутых губах скамянеў увесь жах, якi чалавек адчувае пры сустрэчы з Карачуном.
24.02.1996
41 — Часавiк
Часавiк перакулiў невялiчкi пясочны гадзiннiк i сказаў:
— Жыццё — гэта толькi iмгненне. А калi пасля смерцi цябе чакае iснаванне, дык яно будзе драбочкам у параўнаннi з велiччу вечнасцi, як i ў тым выпадку, калi пасля другога скону ты апынешся ў трэцiм жыццi.
— А што ўкладаецца ў iмгненне, якое вы называеце жыццём? — спытаўся вучань у Часавiка, якi неадрыўна сачыў за струменьчыкам пяску ў настольным гадзiннiку.
— Iмгненне жыцця складаецца з сямi крокаў — як для жанчыны, так i для мужчыны, але ёсць адна рознiца: жанчына ступае сямiгадовымi, а мужчына васьмiгадовымi адрэзкамi часу. Пра першыя, як i пра апошнiя, гады чалавечага iснавання гаварыць не мае сэнсу, бо яны не належаць уласна асобе, iмi распараджаюцца i апякуюцца бацькi, дзяды, дзецi, унукi — адным словам, iншыя людзi.
Таму варта не звяртаць увагi на першы крок i не заўважаць апошнi.
Часавiк замаўчаў.
— Працягвайце, калi ласка, — шэптам папрасiў вучань.
— Зараз, я засяроджваюся, бо ў далейшым аповедзе павiнна быць толькi адна якасць, ён мусiбыць кароткi, як жыццё.
Перакулiўшы, Часавiк зноўку запусцiў старажытны гадзiннiк i прамовiў:
— У 7 гадоў у дзяўчынкi змяняюцца зубы, адрастаюць досыць доўгiя валасы, з’яўляецца вiльгаць ва ўлоннi.
У 8 гадоў у хлопчыка выпадаюць малочныя i вырастаюць сапраўдныя зубы, валасы гусцеюць i цямнеюць, а чэлес пачынае зрэдчас напiнацца i выпускае першую кроплю насення.