У 14-гадовым узросце ў дзяўчыны пачынаюцца месячныя, такiм чынам яна робiцца здатная да нараджэння дзiцяцi. I калi ўдары сэрца падчас плоцкае любовi ў яе моцныя i роўныя, дзiця народзiцца здаровае.
У 16-гадовым узросце хлопец страчвае здольнасцi Чараўнiка, канчаткова абрываюцца сувязi памiж ягоным цяперашнiм iснаваннем i мiнулымi жыццямi. Насення ў хлопца выпрацоўваецца шмат. Ён гатовы да кахання i любовi з дзяўчынаю i можа дасягнуць з ёю суладдзя, мiру i шчасця.
У 21 год жаночае цела выспявае цалкам, напаўняецца энергiяй, валасы дасягаюць максiмальнай даўжынi, а ў роце з’яўляюцца зубы мудрасцi.
У 24 гады мужчынскiя цяглiцы робяцца цвёрдыя, косткi набываюць моц, насенне выштурхоўваецца пругка i часта, а ў роце вырастаюць апошнiя зубы.
У 28 гадоў жаночыя цяглiцы, як нiколi, пругкiя, яна з лёгкасцю нараджае дзяцей, а яе ўлонне поўнiцца жыццядайнымi сокамi i святлом.
У 32 гады мужчына дасягае вяршынi ўласнай спеласцi: плоць ягоная моцная. У iм нязгасна палымнее агонь любоўных жаданняў.
Калi жанчыне спаўняецца 35, бiццё сардэчнага пульсу пачынае затухаць, твар пакрываюць зморшчынкi, а валасы губляюць бляск.
Калi мужчыну спаўняецца 40, яечкi выпрацоўваюць меней насення, валасы радзеюць, зубы псуюцца.
У 42 гады ў жанчыны слабне жыццядайнасць грудзей, жывата i похвы. Твар амаль цалкам пакрываюць зморшчынкi, а валасы пачынаюць сiвець.
У 48 гадоў у мужчыны жыццёвыя сiлы моцна змяншаюцца, на твары з’яўляюцца зморшчынкi, а валасы выбельвае сiвiзна.
Калi жанчына пражыве 49 гадоў, месячныя ў яе спыняцца, пульс у вагiне канчаткова ацiхне, i мужчына не сустрэне радасцi ў запаветных веснiцах. Але менавiта ў гэтым веку жанчына набудзе здатнасць да сувязяў памiж яе цяперашнiм жыццём i жыццём будучым, яна займее вартасцi Чараўнiцы. Людзi навокал пачнуць казаць на яе: старая.
Калi мужчына пражыве 56 гадоў, ён перастае выпраменьваць жыццядайную субстанцыю. Хваробы накiнуцца на яго, нiбыта сабачая гайня, вантробы выпетраюць, а сiлы скончацца. Людзi пачнуць называць яго: стары.
Па гэтых словах Часавiк паклаў пясочны гадзiннiк на бок, даючы зразумець, што размова скончылася.
14.02.1996
42 — Вупыр
У тэатры апусцiлася заслона. Скончыўся спектакль "Снежная каралева". Акторы пераапранулiся i сабралiся ў буфеце, каб адзначыць заканчэнне апошняй пастаноўкi ў 1995 годзе. Святкаванне атрымалася шумнае, не раўнуючы, як у пячоры ў лясных бандытаў. Балявалi доўга. Разыходзiлiся апоўначы. Калi пакiнулi буфет i паразвiтвалiся, у тэатральным парку застаўся стаяць толькi адзiн Актор. Зрэшты, у Дзяржаўным тэатры iмя Янкi Купалы, што месцiцца насупраць прэзiдэнцкага палаца, толькi ён i быў Акторам, а не кардоннай дурылкаю, як астатнiя твараробы. Хвiлiн колькi Актор пастаяў на абледзянелых прыступках каля службовага ўвахода, а потым рушыў у грамадскую прыбiральню. Менавiта там ён набыў гарэлку ў прыбiральнiка. З пляшкаю ў кiшэнi Актор пайшоў у сваю бабыльскую кватэру.
На Кальварыйскiх могiлках уладарыў спакой i панавала вусцiш. Нябожчыкi адпачывалi ў залатым пяску пад срэбнымi сумётамi. На базальтавых крыжах iскрылася месяцавае святло. У чырвонай каплiцы, у каменнай труне, чакаў свайго часу крыважэрны Вупыр. Ягоныя вочы былi шырока расплюшчаныя i пазiралi ў бязмежны морак. Ягоныя вусны мелi свежае ружовае адценне ад выпiтай чалавечай крывi. На доўгiх пальцах паблiсквалi вастрадзюбыя пазногцi. Вупыр быў гатовы да выхаду. Як толькi хмурынка прыкрыла месяц, ён адсунуў века труны.
Адсутнасцi Актора на навагоднiм банкеце нiхто не заўважыў. Кардонныя дурылкi меркавалi, што ён з’ехаў у роднае мястэчка на калядныя вакацыi. Таму толькi ў сярэдзiне студзеня, напярэдаднi чарговай "Снежнай каралевы" яго хапiлiся. Як-нiяк, ён iграў ажно тры ролi: найгалоўнейшага з троляў, ляснога бандыта i старэнькую чараўнiцу, што мела цудадзейны сад з вечнымi кветкамi. Дырэктар тэатра захваляваўся, заперажываў i звярнуўся да мiлiцыянтаў, якiя неўзабаве ўварвалiся ў бабыльскую кватэру. Аголены труп Актора ляжаў на разабранай канапе. Поўнае цела жахлiва распухла i пачарнела. Скура пайшла пухiрамi, нiбыта пасля апёкаў. Вялiкiя пухiры патрэскалiся. У шчылiнах жаўцеў гнойны тлушч. Задранае ўгару падбароддзе пакрыла двухтыднёвая шчэць. На прасцiнах, на стале, на падлозе па ўсёй кватэры цямнелi плямiны засохлай крывi. Мiлiцыянты распачалi следства.
Па тэатральным асяроддзi пачалi поўзаць чуткi, плёткi, версii i здагадкi. Намеснiк дырэктара сказаў, што ў нябожчыка былi звязаныя рукi, у роце сядзеў кляп, вочы закрывала клейкая стужка, у вушах тырчалi цвiкi, а пад пазногцямi сядзелi iголкi. Кардонныя дурылкi-мужчыны шапталi, што Актора закатавалi лiтавальнай лямпаю. А кардонныя дурылкi-жанчыны пагаворвалi пра распалены лiтоўнiк, якi ўстаўлялi ва ўсе адтулiны. Тэатральны мастак запэўнiваў даверлiвых асоб у тым, што Актора забiлi беларускiя экстрэмiсты — за адмаўленне садзейнiчаць тэрарызму. Кантралёркi высунулi думку, што пакутнiка замардаваў каханак-гомасексуалiст — за здраду, бо апошнiм часам Актор сiмпатызаваў тэатральнай буфетчыцы. Пра схiльнасцi да мужчынскага кахання казаў i тэатральны крытык, але, на ягоную думку, забойцам была жанчына-крывасмок, бо плямiны крывi засталiся па ўсёй кватэры. Лiтаратурны кансультант меў перакананне, што Актора абрабавалi i замардавалi бандыты. А мiлiцыянты настойлiва паўтаралi гiпотэзу пра кровазлiццё ў мозг. На думку судовых экспертаў, у арганiзме ў нябожчыка знаходзiлася небяспечная колькасць алкаголю, у якасцi доказу фiгуравала недапiтая пляшка гарэлкi i толькi адна чарка. Думак i здагадак было шмат.