Усе мне гавораць: ты павiнен расказаць Слепнiку пра паводзiны ягоных жанчын, ты з iм сябруеш i справы ягоныя вядзеш. А што я магу сказаць сляпому, калi сам клаўся ў ложак з ягонымi жонкай i сястрой адначасна?
09.07.1996
50 — Падарожнiца
Цягнiк таргануўся, забразгаў счапленнямi, спынiўся.
— Зараз пачнуцца непрыемнасцi. — У голасе доўгабародага дзеда гучала асуджанасць.
— Не хвалюйцеся. — Падарожнiца паспрабавала супакоiць суседа па купэ.
— Не за сябе — за вас, прыгожая, перажываю. Што яны мне, старому, зробяць? Нiчога. Еду на пахаванне брата, у Гайнаўку. Вязу беленькую кашулю i бутэльку гарэлкi: каб брат у новай апранасе ў апошнi шлях выправiўся i каб на памiнках белай у чарку налiць, лустай чарку накрыць i слязы не саромецца. Могуць, канешне, гарэлку i кашулю забраць, крыжа на мытнiках няма. Але большага з мяне не возмеш. А вы — маладзiца светлая, iншы падыход пашукаюць да вас. — У дзедавах спачуваннях не чулася цеплынi.
Падарожнiцы ў чыстым купэ цягнiка Масква-Варшава зрабiлася гiдкавата.
— У мяне, як i ў вас, нiчога няма. Я еду чытаць лекцыi лiцэiстам у Бельску. Дзесяць лекцый пра сучасную лiтаратуру. У валiзе, апрача канспектаў i падручнiкаў, нiчога не вязу. А ношаная адзежа, мяркую, памежнiкаў не зацiкавiць.
Сiвабароды дзед заўсмiхаўся металазубым ротам:
— Як сказаць, як зiрнуць на апранахi. — Ён адкруцiў блiскучую галаву кiтайскага тэрмаса i налiў у шклянку густога напою. — Можа, i вам гарбаты?
— Дзякуй, я нi кавы нi гарбаты не ўжываю. Страўнiк. Нервы. Доўга жыць хачу...
— Мой клопат — прапанаваць...
Дзверы купэ заўздрыгвалi ад настойлiвага грукату. Падарожнiца была памкнулася iх адчынiць, але не паспела. Яны ад’ехалi самi, i на парозе з’явiўся зялёнаформенны памежнiк.
— Пашпартны кантроль! — кiнуў ён сувора.
Доўгабароды спрытна выхапiў з кiшэнi пашпарт.
Памежнiк з прафесiйнай цiкавасцю разглядаў фотаздымак.
— Вашыя дакументы! — вялiкая даланя паплыла ў бок Падарожнiцы.
— Грошы, каштоўныя рэчы вы дакладна пазначылi ў дэкларацыi? — голас у памежнiка быў сухi, як дарожны пясок.
— Дакладна. — Падарожнiца iмкнулася надаць свайму адказу спакойную ветлiвасць.
— Наркотыкi, зброя, старажытныя творы мастацтва... — Памежнiк пачаў нядобра паглядаць на белыя каленi Падарожнiцы.
— Адсутнiчаюць. — Голас у Падарожнiцы затрымцеў.
— А чаго вы захвалявалiся?
— Проста так.
— А можа, везяце кантрабанду, а выгляд, як у правiнцыйнай настаўнiцы? Маскарад? — Памежнiк пачаў наязджаць на Падарожнiцу.
— Я сапраўдная настаўнiца!
— Зараз паглядзiм. Купэ не пакiдайце.
Памежнiк знiк. Падарожнiца дастала з сумачкi пушку з-пад лекаў i каўтанула дзве пiгулкi. Не пытаючыся, яна налiла гарбаты i зрабiла колькi вялiкiх глыткоў.
— Не перажывайце, нiчога яны не зробяць. — Яе хваляванне перадалося дзядку.