Выбрать главу

— Не-е-е... Сэрца адчувае — зробяць...

Мытнiк i памежнiк вярнулiся праз хвiлiну i загадалi Падарожнiцы разам з рэчамi iсцi за iмi.

Мытнiк крочыў паперадзе, за iм, апусцiўшы галаву, сунулася Падарожнiца, апошнiм iшоў памежнiк.

У вялiкiм будынку гарадзенскага чыгуначнага вакзала iснаваў маленькi пакойчык для абшуквання падазроных пасажыраў.

Менавiта ў такiм беззаконным пакойчыку i апынулася Падарожнiца. Акрамя стала, крэсла i вузкага тапчана на нiзкiх ножках, нiякай мэблi ў пакоi i не змясцiлася б.

Мытнiк сеў на крэсла. Памежнiк прысеў на стол. Падарожнiца засталася стаяць пад голенькай лямпачкаю, што звiсала на белым дроце з высознай столi.

— Прапануем самастойна i без прымусу здаць незадэклараваныя рэчы! — Блакiтнавокi мытнiк, не мiргаючы, глядзеў на Падарожнiцу.

— Няма такiх рэчаў. — Мочка правага Падарожнiцынага вуха ўспыхнула чырванню.

— Добра, запiшам у пратакол, што вы адмовiлiся добраахвотна здаць кантрабанду. Вобыск можам правесцi мы, а можам запрасiць жанчыну-доктара, толькi ў такiм разе вам, грамадзянка... — Памежнiк перапынiўся, зазiрнуў у пашпарт i прачытаў Падарожнiцына прозвiшча, — давядзецца затрымацца на гадзiнаў шэсць. Зараз ноч, а доктарка з’явiцца а восьмай. Выбiрайце...

— Шукайце. — Падарожнiца зiрнула на столь, нiбыта там было выратаванне.

— Адчыняйце валiзку i раскладайце рэчы на стале. — Памежнiк перасеў на тапчан.

Падарожнiца вызвалiла валiзку. Мытнiк пачаў гартаць падручнiкi...

— Чытаць любiм?! Ухваляю.

— Я настаўнiца лiтаратуры.

— Родная лiтаратура, родная мова, патрыятызм, нацыя, традыцыi. — Памежнiк старанна прамацваў кожнае шво валiзы. — Зрэшты, з гэтага i пачынаецца тэрор. Спачатку даюць надрукаваць слоўнiчак, потым — кнiжачку вершаў, потым — культурная аўтаномiя, а за ёю — дзяржаўнасць, незалежнасць. А калi не так, тады — тэрор, кроў, смерць. Можа, я памыляюся, спадарыня Падарожнiца?

— Вы абшукваеце рэчы цi адным разам рэвiзуеце i свядомасць?

— Цiкавы адказ. Толькi ў рэчах мы нiчога крымiнальнага не знайшлi. А таму давядзецца спакаваць iх у валiзу i паставiць у кут. Памежнiк пачаў пасмоктваць кончык асадкi, якой толькi што поркаўся ў чужых майтках.

Валiза перавандравала ў кут.

— Разувайцеся. — У вачах у мытнiка гарэў ледзяны iнтарэс.

— Перапрашаю...

— Не трэба перапрашаць, гэта наша работа. — Памежнiк зазiрнуў у красоўку.

— А цяпер здымiце ўсю вопратку i раскладзiце на тапчане.

Падарожнiца павярнулася спiнаю да памежнiка з мытнiкам i распранулася цалкам. Расклаўшы апранахi, яна адышла ў кут, да валiзы. Каб суняць сорам, Падарожнiца заплюшчыла вочы.

Мужчыны старанна перамацалi кожны лапiк жаночых апранахаў, але чаканага вынiку не атрымалi.

— Вам давядзецца стаць тварам да сцяны, рукi сашчапiць на патылiцы i як мага шырэй расставiць ногi, — будзённа папрасiў мытнiк. — У нас ёсць прыбор, якi фiксуе iншародныя рэчы ў жывым арганiзме. Вось ён...

Падарожнiца азiрнулася i пабачыла невялiкi, крышку даўжэйшы за асадку чорны стрыжань з лямпачкай на канцы.

— Калi лямпачка запалiцца або прагучыць гукавы сiгнал, гэта будзе азначаць, што ў вашым арганiзме знаходзiцца iншародная рэч. I мы будзем вымушаныя працягнуць медычны агляд.

Памежнiк правёў Падарожнiцы стрыжнем ад калена да вагiны. Лямпачка ўспыхнула, i з-пад яе загучала нейкае мышынае папiскванне. Мярзотныя гукi выцiскаў з сябе чорны стрыжань. Менавiта з-за гэтага вiскатання мытнiк прымусiў Падарожнiцу сагнуцца ў тры пагiбелi, а сам, надзеўшы гумовыя хiрургiчныя пальчаткi, працягнуў пошукi кантрабанды ў похве i дупе. Чужародныя рэчы не знайшлiся i ў самых запаветных куточках жаночых органаў. Расчырванелыя дзяржаўныя службоўцы дазволiлi Падарожнiцы апрануцца. Тая не плакала i на развiтанне з мытнiкам i памежнiкам зiрнула на iх звысоку, ганарлiва i з пагардаю.

Вярнуўшыся ў вагон, Падарожнiца папрасiла праваднiцу перасялiць яе ў асобнае купэ, бо бачыць доўгабародага дзеда-прарока не магла.

У варшаўскiм гатэлi Падарожнiца прасядзела больш за суткi, чакаючы, пакуль з яе выйдуць алавяныя шарыкi, якiя яна глынула на мяжы. У тых шарыках былi два дыяменты па карату кожны. За перавоз дыяментаў Падарожнiца заслужана атрымала месяц выдатнага адпачынку на Балтыйскiм моры.

03.07.1996

51 — Вернiк

Вернiк заплюшчыў вочы i ўбачыў царкву. Белая, пераробленая з касцёла, яна ўзвышалася на зялёным грудзе. Вернiк пачаў уздымацца на груд i прачнуўся. Позiрк упiнаўся ў пустую столь. Ад безнадзейнасцi i маркоты Вернiк вырашыў схавацца ў сон. Царква рэанiмавалася. Вернiк зайшоў у храм, набыў свечку, падышоў да калоны, на якой свяцiўся золатам абраз Божай Мацi. Калi Вернiк запальваў свечку, гарачы воск закапаў на пальцы. Ад апёку ён прачнуўся пад высокай гладкаю столлю, але ўставаць не захацеў, лёг тварам у падушку i апынуўся ў тым самым кафедральным саборы. Свечка цiхмяна гарэла пад абразом. З-за калоны выйшаў чырвоны Анёл. Нават крылы ў яго былi чырванапёрыя. Вернiку заманулася пачуць анёльскi голас, i ён зрабiў рукою лёгкi прывiтальны жэст. Чырванакрылы Анёл схаваўся за царскай брамаю. У душы ў Вернiка засталася пустэча. Ранiцай ён наведаў царкву, дзе замест Анёла спаткаў дзяўчынку, прыбраную ў чырвонае. Яна ставiла запаленую свечку пад абраз Дзевы Марыi. Вернiк заплакаў.