Выбрать главу

20.02.1997

58 — Людажэр

Ад Палаца мастацтва мужчына спусцiўся праспектам Скарыны на пляц Перамогi, дзе завiтаў у бар-краму "ЗОРКА". Сакаўная прадаўшчыца прывiтальна заўсмiхалася. Мужчына працёр акуляры i заняўся разгляданнем палiцы з алкагольнымi напоямi.

— Вiскi любiце? — спытаў чырванатвары дзядзька, якi, стоячы пры вiтрыне з каўбасамi, пацягваў з пластыкавага стаўбунка гарачы глiтвейн.

— Люблю, — кiнуў мужчына i папрасiў паўнацелую маладзiцу падаць бутэльку бурбону, каб уважлiва прачытаць этыкетку.

— А я на самагоннае пойла глядзець не магу. Нас, вайскоўцаў, напампоўвалi iм у Анголе.

— Да вiскi я прывучыўся ў Егiпце. — Не хочучы таго, мужчына завязаў вузельчык размовы.

— А што рабiлi ў Егiпце? — чырвананосы замовiў наступную порцыю духмянага глiтвейну.

— Тое, што вы ў Анголе, — выказала здагадку беларукая прадаўшчыца, напаўняючы крывавым напоем мяккi стаўбунок.

— Э, не... У Анголе я людзей забiваў. Каўтаў вiскi, цаляў у двухногiх. Пiў i страляў. А калi хацелася закусiць, жор нябожчыкаў. Выбiраў смачных дзяўчат, адкусваў з грудзей смочкi, жаваў, глытаў i запiваў алкаголем. Гнюсны тып, забойца, кат i Людажэр. А ён, — налiтыя глiтвейнам вочы блiснулi ў бок аматара бурбону, — грамадзянiн сцiплы, выхаваны, iнтэлiгентны, у акулярах. Такiя чалавечыны не ядуць, людзей не забiваюць i сусветнай рэвалюцыi ў Афрыку не экспартуюць. Яны п’юць дарагое вiскi з лёдам, будуюць надзейныя грэблi i вывучаюць флору з фаунай. Ненавiджу самагон. Беларускай гарэлкi магу колькi заўгодна выжлукцiць, а ад кроплi бурбону млею.

Мужчына разлiчыўся з апетытнай прадаўшчыцай i схаваў бiклагападобную бутэльку ў кiшэню, каля сэрца.

— Чакай, шаноўны, дык што ты ў Егiпце рабiў? — Людажэр насунуўся на мужчыну.

— Рэстаўраваў старажытныя папiрусы...

— Га-а, што я казаў? — мутнае вока падмiргнула спелай маладзiцы.

Пад задаволены рогат Людажэра мужчына пакiнуў бар-краму "ЗОРКА".