Выбрать главу

29.03.1997

59 — Рызыкант

У начной варэльнi густа напалiлi, хоць дзве сякеры вешай. Памiж Рызыкантам i ягоным братам на засмечаным столiку тырчала недапiтая пляшка. Нядзельныя сабутэльнiкi заглядалi адзiн аднаму ў брутальныя вочы i разважалi.

— Бяром банк?

— Бяром! — запэўнiў брата Рызыкант.

— У Баранавiчах?

— А дзе яшчэ мы зможам сарваць банк, як не ў нашых Баранавiчах?

— Сведак мочым?

— Нiякiх сведак!

— Дзецi?

— Якiя дзецi ў банку?

— Раптам нехта прыйшоў з дзiцёнкам? Трэба адразу вырашыць: забiваем малых цi пакiдаем жыць?

— Мяркуеш, пакiнуць?

— Будуць крычаць.

— Стрэлiш у пашчу, i змоўкне навек.

Апахмялiўшыся панядзелкавым пiвам, браты завiталi ў BELARUSBANK. Рызыкант паспрабаваў пераканаць касiрку мiрна аддаць грошы. Тая залямантавала i непрытомная спаўзла з крэсла. На крык прыскочыў ахоўнiк. Ён стрэлiў у Рызыканта. Брат параненага кiнуўся на ахоўнiка i злавiў кулю ў пераноссе.

— Здохлi? — касiрка ўзнялася з шахматнае падлогi i абцягнула спаднiцу на неабдымных клубах.

— Гатовыя. — Ахоўнiк дзьмухнуў у чарнату рэвальвернае рулi.

Чарната азвалася тугiм свiстам, так адгукаецца недапiтая пляшка.

— Абодва? — грувасткая касiрка з недаверам скасавурылася на скурчанае цела Рызыканта i прапанавала: — Памацай пульс на шыi ў скурчанага.

Ахоўнiк мiрна, нiбыта доктар, нахiлiўся i атрымаў удар шылам у кадык. Сталёвая дзюба прабiла раскормленае горла i спынiлася ў хрыбетцы. Ахоўнiк зарохкаў i схапiўся няпэўнымi пальцамi за лакiраванае дзяржальна швайкi. Выцягнуць шыла ён не здолеў, павалiўся на падлогу, паторгаўся, выпруцiўся i адразу зрабiўся ненатуральна вялiкi, як усе мерцвякi.

Рызыкант паспрабаваў узняцца на локаць, але жыццёвая энергiя пакiнула яго разам з крывёю, што палiлася праз рот на чорна-белую падлогу.

— Што нарабiлi?! — касiрка высмаркалася ў ружовую хустачку i прашаптала: — Зусiм дзецi...

Як i звычайна, панядзелак у Баранавiчах надарыўся нешчаслiвы.

30.04.1997

60 — Попельнiк Шэры

Звычайны Попельнiк вядзецца ў гатэлях найвышэйшага кшталту. З выгляду ён падобны да станiстага маладзёна, чые генеалагiчныя каранi цягнуцца ў арабскiя пяскi паўночнай Афрыкi.

Попельнiк займаецца выключна попелам дый попелкамi. Ён абыходзiць пакоi, калiдоры, прыбiральнi i замяняе поўныя недапалкаў пасудзiны на выключна чыстыя. Найулюбёнейшы занятак гэтай сцiплай iстоты — разносiць па фае круглыя, выдзеўбаныя з шэрага каменю дыскi, да споду ў якiх, каб бясшумна сунуцца па шкляных столiках, прыклеены лямец. Калi ўпусцiш такую рэч на нагу, верагоднасць калецтва i страты пальцаў стопрацэнтовая.

Попельнiк ператварыў працу ў шматгадзiнны, няспынны, грацыёзны танец. Хада нагадвае рух авангардовага балетнага майстра. Каб нехта з абазнаных харэографаў хоць раз пабачыў Попельнiка, дык на сцэне абавязкова з’явiлася б лiрычная мiнiяцюра пра служку, якi вытанцоўвае памiж столiкамi аматараў тытуню.

Нiхто нiколi не заўважаў, каб Попельнiк стаяў, сядзеў цi ляжаў. Вечны рух у мройлiвых пасмах тытунёвага кайфу. Пра што ён думае, здагадацца няцяжка. Агеньчыкi, попел, i нiводнай аддаленай ад тытунёвага тла думкi.

Попельнiк ганарыцца сваiм прызначэннем, здольнасцямi i лёсам. Ён носiць попелкi так, нiбыта мае справу з рытуальнымi, чароўнымi, святымi рэчамi, да якiх дапускаюцца адно царкоўныя iерархi. Гледзячы на такога, робiцца ясным: адлегласць мiж прэзiдэнтам Амерыкi i Попельнiкам меншая, чым рознiца памiж пустой i поўнай сметнiцаю. А ў мастацтве харэаграфii найдрабнейшы Попельнiк не саступiць найбуйнейшаму танцору з Брадвея.

Нiякага харчавання арганiзм Попельнiка не патрабуе. Для нармальнай працаздольнасцi яму дастаткова дзе-небудзь у цiхiм закутку выпалiць раз на дзень ёмiсты касяк з марыхуанаю.

04.01.1997

61 — Дыскатэчнiк Цёмны

Дзевяноста дзевяць працэнтаў Дыскатэчнiкавай постацi складаюць ногi — танклявыя, гнуткiя, нiбыта бамбукавыя. На iх пагойдваецца павучынае тулава з вяровачнымi рукамi, тоненькай шыяю i доўгавалосай галавою. Твар хаваецца за лупатымi цьмяна-фiялетавымi акулярамi.

Штовечар Дыскатэчнiк залазiць на амбон з пультамi, каб запусцiць карусель гукаў i святла. На круглай цыркавой пляцоўцы распачынаецца вiраванне зыркiх, сонечных, вясёлкавых лапiкаў. Змрочны тандэтны iнтэр’ер разгойдваецца, расхiстваецца i пачынае плысцi ў рытмiчным танчаннi.

Дыскатэчнiк, як чараўнiк i бармен адначасна, змешвае кактэйлi з музыкi i агнёў. Яго захапляе неадпаведнасць клiпа на экране, песнi ў дынамiку i мiргання сафiтаў. Спявае мурынка, на сцяне шпацыруюць нямецкiя металiсты, а пад купалам памiргвае святлафор Афрыкi Бамбаты, зялёна-чырвона-жоўта-белы ў чорным тле.