— Але ваша маці папрасіла вас нарваць? Праўда?
— Праўда. Вось я і выйшла якраз каля сямі гадзін. Я нарвала кветак з гэтага боку бардзюра, бо наўрад ці хто-небудзь ходзіць тут, і таму не страшна сапсаваць выгляд.
— Ну, ну, а другі раз. Вы сказалі, што выходзілі другі раз?
— Гэта было якраз перад абедам. Я трошкі запляміла сукенку брыльянцінам — каля пляча. Ленавалася пераапрануцца, і ніводная з маіх штучных кветак не падыходзіла да жоўтай сукенкі. Я ўспомніла, што бачыла познюю ружу, калі рвала астры, і хуценька выйшла, знайшла яе і прыкалола да сукенкі.
Пуаро павольна кіўнуў галавой.
— Так, я памятаю, што на вас была ружа ўчора вечарам. Колькі было часу, мадам, калі вы сарвалі гэтую ружу?
— Я проста не памятаю.
— Але гэта істотна, мадам. Падумайце… Паразважайце…
Рут нахмурылася. Кінула на Пуаро быстры позірк і адвяла вочы.
— Я не магу сказаць дакладна, — нарэшце вымавіла яна. — Гэта мусіла быць — о, вядома — гэта мусіла быць недзе ў пяць хвілін дзевятай. Калі я вярталася назад, ідучы каля дома, то пачула гонг, а потым гэты дзіўны гук. Я паспяшалася, бо падумала, што гэта другі гонг, а не першы.
— А, дык вы падумалі гэта — і вы не спрабавалі адчыніць акно кабінета, калі стаялі там на клумбе?
— Калі папраўдзе, спрабавала. Я падумала, яго можна адчыніць, і будзе хутчэй увайсці такім чынам. Але яно было зачынена.
— Значыцца, усё зразумела. Я віншую вас, мадам.
Яна са здзіўленнем паглядзела на яго.
— Што вы маеце на ўвазе?
— Тое, што ў вас ёсць тлумачэнне на ўсё: зямля на вашых туфлях, вашы сляды на клумбе, адбіткі вашых пальцаў на вонкавым баку акна. Усё гэта вельмі падыходзіць.
Перш чым Рут паспела адказаць, па лесвіцы збегла міс Лінгард. На яе шчоках быў дзіўны пурпуровы румянец, і яна як бы нават трохі спалохалася, убачыўшы Пуаро і Рут побач.
— Прашу прабачэння, — сказала яна. — Што-небудзь здарылася?
Рут злосна адказала:
— Я думаю, містэр Пуаро звар'яцеў!
Яна прашмыгнула паўз іх у сталовую. Міс Лінгард павярнула здзіўлены твар да Пуаро.
Ён адмоўна паківаў галавой.
— Пасля снедання, — сказаў ён, — я растлумачу. Я хацеў бы, каб усе сабраліся ў кабінеце сэра Гервазы а дзесятай гадзіне.
Пуаро паўтарыў гэтую просьбу і ў сталовай.
Сьюзен Кардвэл кінула на яго быстры позірк, а пасля паглядзела на Рут. Калі Х'юга сказаў:
— Э? Што за ідэя? — яна рэзка штурхнула яго ў бок, і ён паслухмяна змоўк.
Паснедаўшы, Пуаро ўстаў і пайшоў да дзвярэй. Ён павярнуўся і дастаў вялікі старамодны гадзіннік.
— Зараз пяць хвілін дзесятай. Праз пяць хвілін — у кабінеце.
Пуаро абвёў поглядам усіх. Кола зацікаўленых твараў глядзела на яго. Усе тут, адзначыў ён, за адным выключэннем, і якраз у гэты момант тое выключэнне заплыло ў пакой. Лэдзі Шэвені-Гарэ ўвайшла мяккім плаўным крокам. Яна выглядала змучанай і нездаровай.
Пуаро падсунуў ёй вялікае крэсла, яна села.
Зірнуўшы на разбітае люстра, яна ўздрыгнула і трошкі павярнулася з крэслам убок.
— Гервазы па-ранейшаму тут, — сказала, нібы канстатуючы, яна. — Бедны Гервазы… Неўзабаве ён будзе вольны.
Пуаро адкашляўся і абвясціў:
— Я папрасіў вас усіх прыйсці сюды, каб вы маглі пачуць праўду пра самагубства сэра Гервазы.
— Гэта быў Лёс, — сказала лэдзі Шэвені-Гарэ. — Гервазы быў моцны, але яго Лёс быў мацнейшы.
Палкоўнік Бэры трохі падаўся наперад.
— Ванда… мая дарагая…
Яна ўсміхнулася яму, пасля працягнула руку. Ён узяў яе ў сваю. Яна мякка сказала:
— Ты маё суцяшэнне, Нэд.
Рут рэзка сказала:
— Нам трэба разумець так, містэр Пуаро, што вы канчаткова ўстанавілі прычыну самагубства майго бацькі?
Пуаро адмоўна кіўнуў галавой.
— Не, мадам.
— Дык навошта ўся гэтая валтузня?
Пуаро спакойна адказаў:
— Я не ведаю прычыны самагубства сэра Гервазы, бо сэр Гервазы Шэвені-Гарэ не канчаў жыццё самагубствам. Ён не забіваў сябе. Ён быў забіты.
— Забіты? — Некалькі галасоў рэхам паўтарылі гэтае слова. На Пуаро глядзелі здзіўленыя твары. Лэдзі Шэвені-Гарэ сказала: «Забіты? О, не!» — і паволі адмоўна паківала галавой.
— Забіты, вы кажаце? — гэта загаварыў Х'юга. — Не можа быць. У пакоі не было нікога, калі мы ўламаліся. Акно было зачынена. Дзверы замкнуты знутры, а ключ ляжаў у кішэні майго дзядзькі. Як жа ён мог быць забіты?
— Тым не менш, ён быў забіты.
— А забойца, мяркую, уцёк праз замочную шчыліну? — скептычна заўважыў палкоўнік Бэры. — Альбо вылецеў праз комін?