Выбрать главу

НЯБЫШЫНА

Акупацыя вачыма падлетка

Kнiгa I. Копыла упершыню была выдадзена за яго кошт у 2009 г. накладам 100 асобнiкаў. Потым яе асобнымі выпускамі перадрукавала газета «Народная воля».

Kнiгa выклікала вялікую цікавасць у чытачоў, а таксама моцную незадаволенасць сярод той часткі нашага грамадства, якая працягвае стаяць на платформе савецкай ідэалогіі.

Новы варыянт кнігі значна павялічаны за кошт 3-й часткі («Рэзананс»), якая адсутнічала ў папярэднім выданні. У ёй аўтар падрабязна разгледзеў зласлівыя выбрыкі сваіх апанентаў і даў вычарпальныя адказы на іх паклёпніцкія выдумкі.

«Замест птушыных песень…»

Словы беларускага мастака Васіля Шаранговіча: «Самая страшная трагедыя, якую толькі можна ўявіць сабе, — гэта трагедыя дзяцей вайны. Чалавек толькі зірнуў шырока расплюшчанымі вачыма на свет — і замест ласкавай матчынай усмешкі ўбачыў чорныя вачніцы смерці, замест птушыных песень пачуў аўтаматныя чэргі», — у якасці эпіграфа вельмі і вельмі пасуюць да кніжкі Іллі Копыла «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Памерам кніжка — невялікая, але аўра кожнай яе старонкі сваёй шчырасцю, сумленнасцю і безагляднай праўдай пагружае цябе ў такі стан, што ты адчуваеш недахоп паветра ў грудзях.

Падзеі, якія абрынуліся на жыццё шасцігадовага хлопчыка, яго сям’і і роднай вёскі Нябышына, ахопліваюць перыяд з 1 верасня 1939 г. (менавіта тады для беларусаў пачалася вайна) па З верасня 1945 года (дата, калі капітулявала Японія і калі сям’я Копылаў атрымала «пахавальную», у якой паведамлялася, што 19 жніўня 1945 г. у Манчжурыі, пад Мукдэнам, загінуў Піліп Копыл — галава шматпакутнай сям’і.

Дарэчы, Піліп Копыл ужо быў непрызыўнога ўзросту і меў кепскі стан здароўя пасля кантузіі на Першай сусветнай вайне (у яго быў дрэнны слых). Адразу пасля адступлення нацыстаў камуністычная ўлада прапанавала яму, не камуністу, аднавіць калгас. Да вайны ён узначальваў калгасную гаспадарку. Але, пачуўшы цяпер ад аднавяскоўцаў: «Піліп. Няўжо зноў у нас будзе гэты ненавісны калгас, уноў галеча? Мы нават пры немцах жылі лепш», — ён катэгарычна адмовіўся ад прапановы ўлады. І вось за гэта Піліп Копыл быў накіраваны «дапамагаць СССР і яго непераможнай арміі дабіваць Японію».

Але вернемся да вогненнай вёскі Нябышына, у якой некалькі хат падпалілі немцы, а рабавалі яе, забівалі і дабівалі яе жыхароў (каб потым не было сведак), дапальвалі разам з людзьмі — паліцаі і былая мясцовая жыхарка са сваім мужам. «Вось такая была вайна: свае жахлівей, чым немцы», — так завяршае аўтар свой жудасны аповед «Трагедыя ў вёсцы».

Тут трэба дадаць, што лёс Нябышына загадзя быў прадвырашаны — спланаваны вышэйшым кіраўніцтвам партызанскага руху яшчэ ў Маскве. А на месцы трагічнай падзеі толькі справакаваны. Такіх жудасных аповедаў у кнізе — безліч. Асабліва ў першай яе частцы, названай — «Такая праўда». Яе складаюць 38 рэпартажаў памяці — дакументальна-мастацкіх запісак. Без перабольшанняў можна сказаць, што «Такая праўда» — гэта сапраўдны шэдэўр. І ён па шчымлівай праўдзе адкрытай душы аўтара, па напоўненасці псіхалагічным, гістарычным і бытавым матэрыялам, па шматсказанасці пры нешматслоўі (кароткасць — сястра таленту), па дакладнасці мовы годна і пераканальна ўпісваецца ў шэраг такіх выдатных твораў, як «На імперыялістычнай вайне» М. Гарэцкага, «Рэпартаж з пятлёй на шыі» Ю. Фучыка, «Дзённік Ганны Франк» Г. Франк. Як і ў пералічаных творах, у «Такой праўдзе» не знойдзеш ні аднаго моманту нейкай позы ці рысоўкі. Там толькі горкая і пякучая праўда.

Другую частку кнігі «Нябышына» складаюць дыялектычна-аналітычныя разважанні пра трагічны лёс Беларусі і беларусаў падчас гітлераўскай акупацыі, паліцэйскага і партызанскага «самадурства і бязмежжа». Гэта частка асноўным сваім генезісам мае тую ж жудасную факталогію, што пададзена ў «Такой праўдзе». Як бачым, эмацыянальнае ўспрыняцце рэчаіснасці падлетка супадае з рацыянальным успрыняццем тых жа з’яў сталага чалавека.

І што паказальна. Гэтыя два ўспрыняцці пад пяром аўтара супадаюць яшчэ і ў сваёй высокай маральнасці, гуманізме. Як тут не ўспомніць эпізод, калі чырвонаармейскі афіцэр прапанаваў дзесяцігадоваму Іллі застрэліць палоннага немца, а падлетак адмовіўся. Праз многія дзесяцігоддзі І. Копыл напіша: «Дзякуй Богу, мая мараль аказалася вышэй за мараль таго афіцэра. Хоць слова „мараль“ я тады яшчэ не ведаў». Ужо тады, як і пазней, яго душа пры розных нялюдскіх умовах жыцця працівілася асатанеласці. І, бадай, І. Копыл першым у нашым сучасным пісьменстве наводзіць на думку аб халакосце, які адбыўся для беларусаў.