За гэтыя гады, што мы з вамі ганьдзюрылі, падгадаваў меншага свайго сына Юстап Заблоцкі. Ужо гэты год мае ён выправіць яго ў школу. Дык от зойдзем да іх паглядзець: ці не здарыцца там, часам, якога здарэння.
Калі дзе гадоў колькі забавімся, няма чаго гэтага шкадаваць. Не далей ад дому, а бліжэй пад дом, пад свой час, усё бяромся мы.
VІ
Каму вайна, каму далёкі Амур, а Савосту гулі. Занаравіліся тады былі нешта людзі — не пайшлі ў двор да графа на работу. Hі за якія грошы не хацелі на скарбовым полі класці сваю працу. Дзейкалі, што недзе — не то па лясох, не то па вёсках ходзяць нейкія сацыялістыя. Цікава і боязна людзям было. А малому Савосту ўсё гэта не ў галаве, а як крыху пабольшаў — не ў памяць. Не ў людскія гаворкі ўслухацца, углядацца ў заваруху, а на печы грэцца ён малы любіў. Такое запячкоўскае ў Юстапа ўдалося дзіця. Любіў Савоста ў доўгі зімовы вечар прыскіліўшыся з печы з-за коміну на агонь пазіраць. Цікава яму было, як ад лямпы ідуць вострыя пасмы аж у самае вока. Ды яшчэ, як днее ці вечарэе і няма ў хаце агню, гэтаксама прыскіліўшыся, любіў ён на вазоны ў вокнах пазіраць. Цікава было, як там з лісцяў насатыя ды гарбатыя людзі складаюцца. Сам сабе, адзін знаходзіў забаўку Заблоцкіх малы.
А ўлетку, як ударожыўся на сяло хадзіць, як увазнаў «коні», не то што каб у старэчыя гаворкі, у шэпты пра забастоўкі ды пра сацыялістых услухоўвацца, але і есці кінуў Савоста дадому хадзіць. Прыбяжыць, як выгаладаецца, аддзярэ скарынку ад хлеба — у руку схапіў ды кулём ляціць на вуліцу, на сяло. Няшчасная тады булка хлеба была ў Юстапавых на стале — з абодвух бакоў абадраная.
На другое лета ўжо завялік быў Савоста на «коні». Ужо адгуляў у іх. Рэзаў ён цяпер у «пікара» з ранку да вечара. «Пікар» быў на выгане, свінні пасучы, «пікар» не змяняўся і дадому прыгнаўшы. Гульня не змянялася, а лета на восень змянілася хутка — і не агледзеўся Савоста, калі гэта здарылася. Ды не толькі ён, але і бацькі не агледзеліся, калі надышлі пакровы. Гэта ж свята людзям, у каго малыя ёсць, пра школу рупясць давала.
— Трэба і нам свайго малога выправіць. Як ты думаеш, старая? — папытаўся Юстап у Прузыны, на пакровы снедаць за стол сеўшы. Ён, як не быў п’яны, заўсёды пытаўся ў жонкі парады: як лепей зрабіць. Як сам хоча, так, бывала, зробіць Юстап, але папытае:
— Што ты на гэта скажаш? Як параіш?
— Як сам знаеш. Па мне — выпраўляй сабе, — дала Прузына свой спрадвечны адказ.
Юстапа некалі дарэктары вучылі. Рускія і польскія вялікія літары ён знаў. Так і гэтак, калі дзе надта пільна прыйдзецца, распісацца мог. Некалі, як Юстапа вучылі, дарэктар, як пастух, па чарзе з хаты ў хату, хто гадзіў яго свае дзеці вучыць, пераходзіў. Тыдзень за дзіця дарэктара карміць трэба было. Тыдзень у таго чалавека ў хаце збіралася школа. А тады далей школа і дарэктар ішлі па чарзе. Цяпер жа многа начай было. Паставілі цеслі проці паповага дому школу. Туды штораніцы беглі дзеці з Баркаўцоў і з блізкіх вёсак. Не па хатах ад’ядаць за малых хадзіў настаўнік, а быў яму ў школе зроблены асобны комар, і там ён сабе на казённай пэнсіі быў.
— Ну, Савоста? Як ты на гэта? Пойдзеш вучыцца? — зрабіў прыклёп, папытаўся Юстап у малога.
— Чорт яго! Хто ж тады нам каровы адпасе?! Ды вунь і авечая чарга блізка. Пакуль адбудзеш сваю рату за пятнаццацера штук, дык і ў школу хадзіць будзе не пара.
Добрыя, моцныя прычыны былі ў Савосты, каб у школу не хадзіць. А самую большую, самую мацнейшую прычыну такі ўтаіў малы Юстапчык. Не прызнаўся, што — па праўдзе сказаўшы — ён ужо чытаць-пісаць і ўмеў крыху. Цэлыя тры літары на памяць вывучыў свінні пасучы і так добра ўмеў з іх слова злажыць, што і настаўніку б не было чаго ў Савосты паправіць. А пісаць гэта слова быў так шчыра ўзяўся, што як папаў сцізорык, ніводнай прысады цэлай не асталося. На кожным клёне, на кожным ясені Савосты пісьменнасць была знаць. Толькі не пахваліўся ён бацьку гэтым сваім умельствам. Пабаяўся, каб Юстап не адлупіў папругай за такую навуку.
— Чорт яго пойдзе! — толькі Савоста сказаў.
Але заўтра, на другі дзень па пакровах, як узяліся маці за скарач, бацька за папругу — бачыць Савоста, што большага, лепшага проваду чакаць яму боязно. Абуўся ў патапцы ды паціснуў ціхенька за дзверы.
Школа стаяла на выгане, пры рэчцы. Рабілася гэта, каб настаўнік надта з мужыкамі не братаўся, каб менш яны яму на вочы находзілі, каб надта не загаварыўся з імі, а больш, каб дармовыя дадаткі да «Нивы» чытаў ды на рэчку, на хараство прыроды ўглядаўся. Напроці школы і папоўскі дом быў — акно ў акно. Гэта ізноў з розумам зроблена было: каб часцей пападзянкі ў настаўніка на воку былі, каб — як прачытае адзін дармовы дадатак ды пакуль за другі возьмецца — было яму сякое-такое разгарненне. Трэба ж вымеркаваць так, каб не саўсім здзічэў чалавек у адзіноце, над дармовымі дадаткамі крукам гнучыся.