Як зімою, дык перш вуліцаю, а потым гасцінцам дарога ў школу. А ўвосень, пакуль няма снегу, па загароддзі ў школу многа прасцей і бліжэй.
Выбачайце, таварыш чытач. Можа, вам і нязручна цягацца за маімі абрыджонымі героямі ўслед. Куды яны толькі не звалакуцца?! От як цяпер Савосце: у такую гразкую мясціну ён нас завёў! На загароддзі на заручычах — як у нас завуць, — кудою ён у школу пайшоў, нязвыкламу чалавеку надта ж дрэнна: росна, гразка, абы ступіў — зараз жа рыжая вада з рудою набягае ў твой след. Дрэнна вам, таварыш чытач, ісці за маімі героямі следам — сам гэта ведаю, але нічога іншага парадзіць не магу, — дрэнна, калі вы, часамі, у чаравіках. Сапсуяце дарэшты свой абутак. Не залюбіць ваш хром баркаўскіх заручычаў — гэта добра ведаю — назаўтра ж паколецца, патрэскаецца і на сметнік папросіцца ён у вас. Не толькі хрому, але і панчохам будзе дыхту. Я пэўны, што цераз халяўкі набераце вады поўныя чаравікі.
Выбачайце мне, таварыш чытач! Ну што я зраблю?! Ну чым я тут папраўлю?! Зямлі ж у заколадку не зложыш, каб гразкія, мокрыя мясціны схаваць, каб толькі пасуху хадзіць. Не памыкайцеся пра меліярацыю распачынаць гаворку! Я гэта ведаю. Але вы, мусіць, забыліся, як далёка адышліся мы. Забыліся, што яшчэ перад вайною ходзім мы па гэтых заручычах. Дзе тады, скажыце, тая меліярацыя была?!
А ведаеце, праз каго псуецца ваш хром? Хто тут вінен, калі самакрытычна да гэтага пытання шчыльна — лоб у лоб, як цеслі кажуць — падысці? Mae героі. Цераз лад яны ўпартыя ўдаліся. Не павядзеш іх па навозах, дзе лепшая, сушэйшая дарога, калі яны ведаюць, што тудою далей, кружней.
Ды ўрэшце, гэта як хто хадзіць умее. Вы папсавалі сабе хром, а Савоста ў патапцах — такіх лапцях з сукачоў — перайшоў, як чэрці яго перанеслі: ані ног не папрамочваў. Бо ён дарогу ведае, ведае, дзе ступіць, каб на кладку, што зверху мохам зарасла, трапіць. Ані не знаць кладак на заручычах нам з вамі, а Савоста ведае, дзе каторая ляжыць.
Толькі выйшаў з западзі на ўзгорак Савоста, ажно там пад Заблоцкіх бярозаю стаіць Язукоў Клемка з лемантаром. Прыйшло на Клемку безгалоўе — ненавідная восень. Выганяе бацька з хаты. Нешта ж надумаўся Язук Філончык. З сына чалавека зрабіць захацеў. Ды дзе там з Клемкі чалавек будзе, калі ён, малым быўшы, зашыў сабе розум. Бывала, абы вырваўся гузік, не меў ён моды даць мацеры ўшыць, а сам возьме нітку, сам завалачэ ў іголку і на сабе, нічога ў зубы не ўзяўшы, верне гузік на яго даўнейшае месца. Ушые ды яшчэ і памацуе: ці моцна сядзіць.
Абы прыйшлі пакровы.
— Пайшоў у школу, — чуе Клемка назаўтра ранічкаю.
Далася добра Філончыку школа ў знакі. Кажан год чакаў яго там злосны баркаўскі настаўнік Зубрыцкі, трымаў напагатове лінейку ў руцэ. Не было над яго лепшага майстра лапы даваць.
Штогоду зношвалася ў Зубрыцкага на гэтай рабоце моцная дубовая лінейка. Штовосені перад пакровамі рабіў яму сталяр новае гэта начынне.
Толькі адчыніць, бывала, Клемка Філончык у клас дзверы.
— Ну што, бальшун? — пытае Зубрыцкі, не дасць ён і разгледзецца яму. — Ізноў у першазімцы?
Баяўся Клемка надта ў рукі холаду. Пакуль па пакровах назаўтра пяройдзе ў школу, паробяцца яны ў яго, як карчы. Добра, што Зубрыцкі не толькі настаўнік, але і доктар крыху быў. Умеў ён даць раду мярзлявым рукам. Яшчэ не змоліцца Клемка адказаць, куды ён: у першазімцы ці ў першае гэты год сесці думае, а ўжо настаўнік вітацца ў яго просіць:
— Дай сюды правую!
Толькі неяк не па-людску вітаецца Зубрыцкі. Бярэ Клемкаву руку за самыя пальцы, моцна — каб не вырваў — трымае. Пераверне далонню ўверх, як мага больш выпучыць яе. Тады возьме лінейку з стала. Памаленьку, не спяшаючыся, урэжа Філончыку пару лапаў. Зачырванеецца, гарыць рука, а Зубрыцкаму гэтага мала.
— Левую дай!
І ў тую ўкіне гэтулькі сама лап, каб ў крыўдзе не асталася.
Такую ўжо быў моду паняў баркаўскі настаўнік: перш зрабіць рукі як пампушкі, а тады дасць лемантар у іх патрымаць.
— Ну, чытай! Ма… А як далей?
— Мы-а, ма… — добра пачне Клемка, але да канца гэтай мудрасці ўсё роўна не чытаецца: не знясе гэтага яго зашыты розум.
— Мама мыла раму, — падкажа Зубрыцкі, як збрыдае яму ад Клемкі гэтага хітрага адказу чакаючы. — А што, надаўбень?! Я такі не памыліўся, наперад даўшы гасцінца. От ты цяпер і зарабіў яго.
Паглядзіць настаўнік на Клемкавы рукі: як вараныя ракі яны ў яго.