Выбрать главу

Hі ў кога ў Баркаўцох агню не было, а ў Заблоцкіх позна гарэў. Чакалі яны ўсёю сям’ёю Савосты з школы.

— Ну як жа ты, Савостачка? — першая папыталася ў яго Прузына, толькі прыйшоў дадому.

— Што як?

— Як жа твой экзамінт?

— Так, як трэба.

— Здаў?

— Здаў. А вы як думалі?

Усе былі рады ў Заблоцкіх. Юстап, Пархім, Прузына. Рад быў і сам Савоста. Толькі не аднакія яны рабілі з сваёй радасці высновы. Пархім бачыць, што больш навінаў не будзе. Чаго яму, скажэце, дома тырчаць? Яму ўвечар на сяло ўлетку штодзень схадзіць трэба. Узяў ён шапку з цвіка, жакетку з шастка ды, надзеўшы, напрануўшы, машэр на вуліцу. (От удаўся валанцай! Ніколі лішняй хвіліны не забавіцца дома. Не дасць прыгледзецца, што ён за хлапец).

— Ну і добра, — па Пархімавым адыходзе казала Прузына. — От грошы злічыць увазнаў і будзе з цябе. А ты цяпер, бацька, пакрысе дакладай да работы. Пакажы, як баранаваць, каб не пушчаў узрэхаў. Пакажы, каб з канём завярнуцца, закіравацца ўмеў. Пакажы, як плуг у руках трымаць, каб роўная скрозь скіба выходзіла.

Але нешта накшае думаў Юстап Заблоцкі.

— Яшчэ паглядзім, — цьмяна і невыразна ён сказаў. — От пасцялі ды кладземся спаць: ужо не цеперся.

Назаўтра з раніцы быў вецер з туманом у Баркаўцох. Людзі ў печах палілі. Слаўся дым па вуліцы, a праз яго, чуць запаметны, ішоў Зубрыцкі па вёсцы. І пытаўся тае раніцы ў людзей настаўнік:

— Дзе тут Заблоцкі жыве?

— Тут два Заблоцкія ёсць. Каторага вам трэба?

— Таго, што сын у школу хадзіў.

— Гэта — Юстапа. To заходзьце онь у гэну хату з прычолкам, — праз дым паказалі Зубрыцкаму аседласць баркаўскога багатыра.

Была таго дня не то нядзеля, не то так нейкае велікаватае свята. А чаму свята? Бо пякліся бліны — першая прыкмета, бо спаў яшчэ ў ложку Пархім — большы Юстапчык. Не будзіў яго гэтага дня стары Заблоцкі. Спагадаў, што позна ўчора гуляў хлопец, ды сам двое сваіх багатырскіх коней на балота завёў.

На гарачыя скавароды налівала Прузына з дзежкі апалонікам цеста, стоячы пры печы.

— Папяку, папяку!.. — гразілі цесту скавароды.

Шмат Прузыне работы было: глядзець у печы бліна трэба, каб не прыгарэў, ды й паслухаць, што настаўнік кажа, хацелася. Пакуль Зубрыцкі Савосту за акзамент хваліў, добрыя, жаўтаватыя бліны скідала Юстапіха.

— Трэба яму даць яек дзесяткі са два гасцінца, — думала багатырка.

Перш па адным бліне раскладала яна на скарачы, што на зэдліку засланы быў, а як крыху прастынуць, тады ў касцёр іх клала. А пачаў Зубрыцкі малёгаць, каб аддалі яны свайго хлопца да Хлюпску ў гарадское, забылася Прузына ладу ды парадку ў блінах глядзець. З чапялою ў руках распачала яна перакорную гаворку.

— Дзе вы бачылі! Ці гэта нашага брата работа над кніжкаю марнець, сухотаў на сваю галаву старацца?! Хай паны вучацца. Яны ўжо да гэтага звыклі. Дзяды, прадзеды іх на навуцы зубы паз’ядалі.

І падгарэў за гэтым разам у Прузыны блін ка скаварадзе, ды так, што мусіла яна яго ў ражку выкінуць.

Пабудзіў Савосту гоман, што быў у хаце. Зірнуў ён, прачнуўшыся, — сядзіць у іх на лаве настаўнік. Прыслухаўся Савоста — пра яго гаворка. Прапаў позны, смачны сон. Не давялося яму ўкрасці сабе ў дня раніцы. Удвух яны з Пархімам спалі, але не аднакі быў у іх сон. Пархім ні паху ад свежага бліна, ні гоману ў хаце — нічога не чуў. За ўчарашні прагуляны вечар хацелася яму нагнаць. Толькі раз за ўсю раніцу на другі бок перавярнуўся, каб вачыма да сцяны, у цямнейшы куток, быць. І спаў. Так другія і пшаніцу прадаўшы не спяць. Пшаніцу прадаўшы баязно, каб хто грошай не падседзеў. А Пархіму што? Ён яшчэ ні сваіх грошай, ні гаспадарскага клопату не меў.

І не блізка была Прузына аддаваць малога ў навуку. Зубрыцкі што ні што, нічога не помач. Не ўгаварыў кабеты. Ужо і адыходзіў ён, а Юстапіха казала:

— От хай жыве, як дзед, бацька жыў. Хай глядзіць гаспадаркі, і добра будзе. А то — дзе гэта відана…

Мелася Прузына даць гасцінца настаўніку. Але зненавідзела цяпер яна Зубрыцкага за яго мову. І толькі сама сабе падумала:

— За што даваць?! А трасцу! Скулу! Не знала б дзіця яго акзаменту, шчаслівейшае б было.

Юстап жа найболей маўчаў гэтай раніцы. Калі і скажа ўрэдкую слова-два, дык ні сюды ні туды выходзіла ў яго. Цяжка было разабраць Юстапаву думку.

— Яшчэ будзем бачыць. Савостава ўсё шчэ наперадзе.

Сядзеў ён на ложку ў запеку. Курыў ды плёваў у гаршчэчак з пілавінамі. Толькі летась палажылі падлогу ў сваёй старой хаце багатыры Заблоцкія. І шанавалі яны яе лепш, як вока ў ілбе.