Выбрать главу

Выбачайце мне, таварыш чытач, за такога героя. Сам бачу — не ўнаравіў.

Спажывец! — кажаце?

А што ж яшчэ будзе, калі па шчырасці прызнацца, што так быў Змітра, снедаючы раніцаю на градавую сераду, за сваёю работаю завінуўся, што ніяк яму жонка з дзвёх скаварод не магла даць запасу. Праўда, крыху дровы былі вінаваты: не гарэлі, а курэлі яны — ведама, падборка, дубчыкі… Не пёкся, а варыўся на іх полымі таўсты кашны блін.

Ды што нам Змітра?! Малы ён прычынец тут. Гэта толькі, што вясна, што сонца, што трава пры самым плоце… А каб нахмурэла, каб пацерушыў дождж, дык і не было б Змітры. Не будзем яго трымаць непатрэбнага — хай ідзе сабе, куды выбраўся, а мы проці яго двара крыху прыпынімся ды ў гаваркой Кацярыны папытаем:

— Ну, як, кабетка, што тут за вашаю бытнасцю робіцца?

Прыпазніліся мы з вамі, таварыш чытач, гэты раз прыйсці ў Баркаўцы. Добра яшчэ, што гаваркая Кацярына нарвалася. А каб не яна, так бы і прайшоў гэты Вялікдзень паўз нашу ўвагу. Ад гаваркой Кацярыны дазналіся мы што:

Некалі казалі — гадавыя святы праўдзяць. Які ты ў гэты дзень будзеш, такім застанешся і на ўвесь год: благое што зробіш — благі, а добрае — добры будзеш без канца-краю. І от баркаўчане, каб ні благімі, ні добрымі не быць (бо ёсць прыказка: не будзь салодкі — a то праглынуць, не будзь горкі — а то праплююць), спяць кажнае гадавое свята з ранку да вечара цалюткі дзень. Усе да аднаго, як пабітыя, спяць на Вялікдзень. Разгавеюцца ды й залягуць у ложак на ўвесь дзень. Дайшлі баркаўчане, што так толькі й можна ад благога й ад добрага ўсцерагчыся. Довяг быў бы ім без работы вялікі дзень. А так, за сном, і не агледзецца, калі пройдзе ён: тут была раніца, а тут і вечар на дварэ.

Праз гэты сон баркаўчане і прачнуўшыся, сонныя, хмурныя, нерухавыя ходзяць. Шчасце й доля іх — усё ў сне затанула. Хіба як высплюцца ў запас, як на шмат год наперад сабе сну прызапасяць… Хіба тады накшае будзе што.

Усмак і ў ахвоту спіцца на печы. Шырокая, прасторная ў багатыроў Заблоцкіх гэта рэч. Атабарыліся яны на ёй усёю сям’ёю Вялікаднем на першы дзень.

— Печка — наша матачка! — казала Прузына, кладучыся з краёчку, каля прымурку.

Закаціўся Юстап пад шасток з цыбуляю.

— А мне там месца пакінулі? — жартаваў Пархім, услед за бацькам лезучы на печ. Сабраў ён анучы, што натрус ляжалі ў кутку, падаслаў, каб у бок горача не было, ды лёг пасярэдзіне на самай гарэні. І такога яны ўтраіх храпунца далі, што ходарам захадзіла Заблоцкіх багатырская хата.

Аднаго Савосту сон не браў. Сеў ён на лаве ў акне ды ўсё на камлістыя кляны перад хатаю, на пустую вуліцу, на стары гучысты вішэннік за Вінцэнтавым токам пазіраў. Але паў-такі туман і на яго вочы. Парабіліся яны ў яго вялікія, савіныя. Было таго дня і надвор’е на Савосту Заблоччыка падобнае: хмурае, ціхае. І заманулася Заблоцкіх вучню нуду разагнаць — пачытаць што. Зірнуў на траму. Адтуль дармовыя дадаткі «Нивы» сваімі жоўтымі, сінімі, зеленкаватымі рубцамі вокладак свецяць. Толькі памкнуўся ён, каб узяць каторы зверху, як зірнула Прузына на хату, пераварачваючыся на другі бок, убачыла кніжку ў Савосты ў руках.

— Палажы назад: сягоння няможна. Вазьмі, калі так рупіць, святое што пачытай.

Паслухаў маткі Савоста — палажыў назад дармовы дадатак. Але святога не ўзяў чытаць: не хацелася. Так Савоста ў журбе і праседзеў да вечара той дзень, а тыя на печы яго праспалі. Далей надышоў вечар ды не абы-які, а той, што з нядзелі ды на панядзелак бывае. Зацягнулася з вячэраю ў Заблоцкіх. Чакаў яе Пархім, большы Савостаў брат, дый не дачакаўся.

— Уліце, — кажа, — мамка, мне чаго паесці.

Пасёрбаў ён крыху локшыны ды пайшоў на вёску, дзе ўжо збіраўся, рахаваўся баркаўчанскі маладзеж. Пакінуў дома меншага брата Савосту. Той на сон пагнаўся і пакінуў хлапцоўскую валачобную весялосць. Савоста не пайшоў.

Ды, іграючы і спяваючы, тыя самі прыйшлі да Заблоцкіх пад акно, як гэта ў іх песні пяецца.

— Да ляцела пава да павістая. Вясна-красна на дварэ. Пагубляла пер’я залацістыя. Вясна-красна на дварэ, —

з гэтага пачалі валачобнікі. Дармо, што тая пава ніколі не лятала тут, што толькі ў гэтай песні і чулі пра яе. А можа, й ляцела калі праз Баркаўцы, але за сном бачыць яе не давялося. Ды, такі, пяюць, так смела пяюць — аж цяжка даць веры, што нязнаная птушка пава ў нас. Чуваць у голасе надзея: а ну, можа!.. Можа, калі і на наш гразкі, скапытаваны двор згубіць пава залацістае пяро.

Прачнуўся Савоста. Падняў галаву, на ўзлакоткі ўзапёрся.