Усё сваё, усё вядомае.
Гразь. Разводдзе. Па калені боты захлюпаны. А ходзяць… Ходзяць ды гуртам, дружна па падвоканню вясну-красну хваляць. Не век жа разводдзе і ў гразі ж не векаваць. Будзе:
— Вясна-красна на дварэ.
Таму і песні жвавыя, галасістыя трэба. Трэба, каб звінеў яркі, сіберны прастор. І праўда: таго вечара толькі яна ў бары разлягалася.
— Што нам праўда? Калом яна хай пойдзе! — сказаў тады сам сабе Савоста Заблоцкі. — Песень, казак, прывабнага лганства трэба больш, — зусім ва ўпадніцтва падаўся багатырскі сын.
І пасля гэтай яркай, песеннай ночы, напаў рух на людзей. Назаўтра з самай раніцы перайшоў вёску дзесятнік — загадаў на сход, пад карчму: пастуха гадзіць. Паснедалі ды пайшлі мужчыны на сход, а Савоста сабраў усе дармовыя дадаткі, колькі іх у яго было, — аднёс Зубрыцкаму.
— Паглядзі: можа, больш што возьмеш, — набіваўся Савосту настаўнік.
Пакапаўся Заблоччык у яго кніжках. Адны дармовыя дадаткі там.
— Не, — кажа, — цяпер браць нічога не буду. Можа, потым калі…
Паполудні, сход адбыўшы, сабраліся мужчыны ў Шамрука на гумне. Там на ўзгорку ўжо была крыху стужала зямля. Зрабілі котву. Па чарзе кленчылі яны каля лубка, паводле старога звычаю. І былі некаторыя ў гэтым такой практыкі дайшлі, што не толькі самі яе на сваю карысць скарыстаць умелі, але, і на другіх гледзячы, утрываць не маглі, каб добрай парады не даць, куды дзьмуць трэба.
— У пол!
— У насок!
— У пучку!
Як каму: усяк раілі.
Самы апошні прыйшоў на котву Савоста Заблоччык. Пастаяў ён збоку. Паглядзеў на мужчынскую забаўку. Сам сабе ў левы вус — хоць таго вуса і заваду не было — усміхнуўся. «Хто гуляе — той гуляка, а хто стаіць — той разявака», — часта казала Прузына. Упамяць гэта прыказка Савосту. І от, каб у такое нізкае званне, у разявакі, не трапіць, уважыўся ён на простым звычаі, на гэты раз свайго панства забыўшыся, да гурту далучыцца надумаўся. Пазычыў Савоста яйцо. Самым апошнім укленчыў каля лубка — пусціў яго «ў поле».
Шанцавала Савосту ці не, многа ён выкачаў ці й тое, пазычонае, яйцо пракаціў — не вялікая з гэтага цікавасць. Варта толькі сказаць, што была пры тым на котве Шамручыха, бачыла, як Савоста кленчыў на веснюю, не зусім яшчэ стужалую зямлю. І другі раз, як прыйшла яму чарга, знарок з хаты вынесла Шамручыха чыстую анучу пад калені падаслаць, каб не пакуцаў Савоста сваіх вучнёўскіх адменных штаноў.
— A то ў нас, простых людзей, — казала яна, — усё абы-як.
Шанавалі ў Баркаўцох Савосту Юстапчыка за яго маўклівасць, за адзіноцтва. Быў ён вялікі пан у сваіх людзях, што ўсім адмяніўся ад іх.
X
— Ціха, мужчыны! Паслухаем, што тут за рада, — супыніў крыху чаляднік свайго муляра, што разладэдзіўся быў са школьным вартаўніком, сеўшы на століках пярэдніх школьных лавак. Яны ўдвух — муляр з чаляднікам — правілі ў Хлюпскім «гарадском» старыя даўно куравыя печы.
Вартаўніку не цікавы былі настаўніцкія рады. Прыслухаліся яны яму. Пайшоў ён за сваёю работаю, адных муляроў у класе пакінуў. А тыя абодвы сталі пад сцяною. Утаілі дух. І чуюць яны з настаўніцкай інспектараў, добра ім знаёмы голас:
— Панове настаўнікі!..
Далей з яго гаворкі відаць было, што скончыліся ўжо ў гарадскім экзамены. Усе здалі — адзін толькі прыстава сын крыху мыляўся. З прыціскам гэта «крыху» інспектар гаварыў.
— Ды і добра мыляўся, — аднекуль здалёк, з нейкага кутка, аказаўся настаўнік па геаграфіі і гісторыі.
За месяц, што прабылі тут, не толькі ў твар, але і па голасу ведалі муляры настаўнікаў з гарадскога, a чаляднік дык і вучняў апошняе класы знаў усіх пятнаццаць. Любіў ён пакепліваць з іх, як дзе было з рукі.
— Панове настаўнікі!..
На добры лад, казаў інспектар, усіх трэба было б выпусціць. І прыставага сына гэтаксама, каб начальства са школаю ў злагадзе было, каб не задзіралася. Але, казаў, казна гэтага не дазваляе. Ёй не набрацца месца на пятнаццаць чалавек, а дзесяцём месца будзе, і дзесяцёх трэба выпусціць.
— Дык, уважаючы на гэта, нам давядзецца выбраць лепшых, вартнейшых, — скончыў інспектар.
— Усім месца будзе, — зноў чуваць было аднекуль здалёк, з кутка. — На пастухоў ёсць вакансіі.
Далей інспектар чытаў са спіса вучнева прозвішча і па адным перабіраў настаўнікаў:
— Слова мае… — па імя-бацьку называў іх.
На рэдкае рэшата прасявалі настаўнікі сваіх вучняў. Былі яны ў іх: адзін ціхі, другі паслухмяны; у аднаго бацька добры чалавек, у другога — прыемны… Толькі настаўнік па геаграфіі і гісторыі ў адно слова быў уляпіў на гэтым пасяджэнні: