Але, але, таварыш чытач, — гэта ж на той бок нямецкае вайны.
Чакае — не счакаецца густы мурог, калі яго паложаць адпачываць у пракосы, ломіцца ад знямогі і з роспачы прыпадае да зямлі. Гэта ўдзень, прыгледзеўшыся… А як толькі вечар — цёмна, чорны змрок кладзецца на паплавы. Зірнеш угору — там, дзе разбітае, дзе ў пракосах сушыцца сена хмар на шырокай, як вокам скінуць, блакітнай сенажаці. Там вышай, да сонца бліжай, там многа харашэй. І Пятра туды перш-наперш заходзіла. А калі яго тут, у Баркаўцох, дачакаюць? Пачаць жа сваім одумам касьбу, адмысловага свята не дачакаўшыся, — няможна: на тое даўнейшая бытнасць. А мы гэта забабонамі завём. На Пятра мы не глядзім. Ды чаго там, урэшце, яму было б цягацца ў наш рэканструкцыйны час? Яшчэ б кулацкую агітацыю шырыў у момант абвостранай класавай барацьбы гэты рэлігійны атрыбут.
П’яны, хісткі месяц выйшаў быў на неба за сваёю работаю ў той вечар, у тую ноч. Ды і дзіва няма! Корчмаў, гарэлкі за даўнейшую бытнасцю было чортава гібель. Ручаямі цякла яна ўнізе. А яму, там угары ходзячы, магла галава закруціцца толькі нанюхаўшыся. Дзіва няма, што, хістаючыся, паўзе ён уверх, чапляецца за пракосы, топчацца, дзе разбіта. Нам, цвярозым, смешна. Калі гэта даўней, яшчэ за капіталізмам — то хай сабе! Але ў наш гарачы будаўнічы час мы б іначай глянулі на гэта: ён не таптаў бы наш сацыялістычны мурог — узялі б мы пад суровую самакрытыку такія шкодніцкія праявы! Мы цяпер паглядзелі б, што і там: сапраўды круглы, вясёлы, радасны твар ці, можа, гэта ў яго толькі адна маска? А з старое, капіталістычнае бытнасці мы і пасмяяцца, пакпіць можам. Што больш там на глум ішло, то нам з гэтага лепшая ўцеха.
І чуваць было таго вечара з баркаўское вуліцы:
Дзе там выспішся ў такую відную вясёлую ноч?!
Таго вечара, работы ў руках і розуму ў галаве не меўшы, можна было ўнурыўшыся вуліцу прайсці ды ўсе да адной іголкі пазбіраць, калі дзе рассыпаны былі. Можна было такую людзям ласку зрабіць, каб босых ног сабе не пакалечылі. Такая была відная, месячная ноч. І каб хто таго разу падрадзіўся іголак шукаць, два цені падняў бы з чвыру на вуліцы проці Змышлевічавага двара.
З самага вечара было ціха, а цяпер павеяў вецер.
І беглі, некуды спяшаліся, чэсаныя аб зялёную шчэтку бору, кужэльныя далёкія хмары, доўгія, валакністыя. А за імі ўслед цягнулася зрэб’е, камякамі накіданае кастравае пачассе. Пад яго цяжкую, цёплую хмару праваліўся і астаўся там, як вокам звесці, халодны месяц. І тады папацёмку:
— А дзе ты бачыў?!
— Ты ж казала: адна… — гаварылася ў Змышлевічавых варотах.
Добра тады месяц свяціў, але заленаваўся пад рэшту і ўсяго такі не высветліў. Папацёмку скрыпнулі вароты ў шляхечым таку… Ды не ў памяць Савосту ні гэныя звяглівыя вароты, ні прасторная на аўсянай, мяккай саломе пасцель, дзе ягоныя маладыя леці не давалі маладому Заблоччыку разгарэння. Толькі відныя, месячныя вечары ды два дні з двара цераз усю нашу нешырокую вуліцу і цяпер недзе носіць Савоста ў сваіх успамінах.
XІІ
Мінуліся тыя месячныя вечары.
— Яшчэ, можа, што здумаем. Яго ўсё шчэ наперадзе, — усім, хто што пра Савосту ні пытаўся, казаў Юстап.
І здумаў. Язукову думку нанава перадумаў ён. Па Клемкавай дарожцы пусціў Заблоцкі свайго сына: не мінуў ён хлюпскае пошты. Там і стрэліся неўспадзеўкі Клемка з Савостам.
— А ты што? На сваім хлебе? — папытаў Філончык.
— На сваім…
— Кажаш, гарадское к чортавай матары?!
Нічога не адказаў, змоўчаў Савоста. А далей-болей, штораз лепей ды нарэшце і зусім добра схаўрусавалі яны.
Кінулі Хлюпск дый з’ехалі ўдваіх недзе ў свет.
Пабываў Савоста на далёкай чужой старане, і абрыдзела там яму ўсё чыста. Па сваім баку, па наскіх людзях ён зажурыўся. Свайго роднага пачаў там шукаць.
І ў тым далёкім павятовым горадзе, дзе ён цяпер апынуўся, разам з сонцам, як некалі ў Баркаўцох, прачнецца Савоста. Выйдзе босы са свае кватэры на мурожны двор. Ціха, яркавата і адзінока тады. Тая самая буйная, краплястая баркаўская раса стаіць на мураве. Ды зараз дзевятая гадзіна, зараз канцылярскі, зліты атрамантам стол.
— От дзе, маці, праўдзівы «курч», — сказаў бы ён цяпер Прузыне Заблоцкай.
Яшчэ адзін надвячорак успамінаў Савоста. Перад Калядамі ў адлігу бывае часам ціха, змрочна на дварэ, як у вымытай перад вялікім святам хаце — прасторнай і пустой здаецца яна: раз ступіш, а тры разы твой стук адгукнецца. У такія надвячоркі ў Баркаўцох скрыпяць вілы ў старой Базылёвай студні, дзе на два грунты ваду бяруць. Алесь Стрэмскі — нізенькі вясёлы чалавек — нясе вязку трушанкі з тока цераз вуліцу. А Савоста памаленьку валачэцца дадому з сяла.