Выбрать главу

Не ўлову, а пераказу чакаў ухвалёны музыка. Чакаў, калі прыйдуць з дому весткі, што паехаў далей сабе патрэбнага чалавека старацца той музыкаў страх. Не лавіць, а каб самога не ўлавілі, рупіла яму. Гэтага баючыся, гатоў быў Вінцэнты праседзець на альховых каранёх суткі-двое…

Гэтак аднаго разу нешта Вінцэнты на гумне рабіў. Бачыць ён, што нейкі чалавек у варотах прывязвае сівога каня. Да гумна плячыма адвярнуўшыся стаяў той чалавек. Не пазнаў яго Вінцэнты: знаёмы, ці блізкі, ці далёкі там быў. Не было калі Заблоцкаму разглядацца, пазнаваць — барзджэй на перадточча ўцёк, за калашнёю схаваўся, пачакаў, пакуль той у хату зойдзе. Не было ў прыезджага чалавека вачэй у патыліцы, а сядзелі яны ў яго, як і ва ўсіх добрых людзей, у лбе, і не згледзеў ён на гумне Вінцэнта Заблоцкага.

От Вінцэнты, не заходзячы ў хату, нічога нікому не кажучы, каля пограба расстараўся сабе кашаля ды махнуў па загароддзі ў графшчыну ў грыбы. Аднак у яго там ляснік быў знаёмы: калі дзе і стрэнецца, не будзе білета пытацца, не здзярэ жакеткі, не адбярэ кашаля, што не мае Вінцэнты ад графа карталюшкі, дзе б адзначана было, што за грыбы, за ягады рубель заплочан у двор гэтага года; не будзе з Вінцэнтам ляснік сваёй службы глядзець, а дружбу ён успомніць: стане ды лагодна, як добры чалавек, пагаворыць; пойдзе, куды ішоў, пагаварыўшы.

Як пайшоў тады ў графшчыну Вінцэнты, дык там, у грыбох, і траха японскае вайны не прахадзіў. Так прыпазніўся ў лесе. Грыбы збіраць — не рыбу лавіць. Любіў наш музыка гэту работу. Да самага змроку па́даў ён па гушчарох, абыходзіў аднаму яму вядомыя грыбныя мясціны, дзе баравікі, як рэшатам накрыць, і каралю сваіх шапак зняць не хочуць: смела і горда трымаюць іх, з густога моху наверх на віднейшае месца павылазіўшы. З аднымі толькі баравікамі нізкімі паклонамі вітаўся Вінцэнты. З моху, з спрадвечнай глушы памагаў ён ім, крамачом, крыху знізу падважыўшы, вылезці, убачыць большы, дальшы свет. Даваў ім Вінцэнты лепшае: адборнае, не чарвівае, маладое таварыства ў сваім кашалі, памаленьку, як добрых паноў шануючы, саджаў іх туды. Усякімі варыстымі грыбамі: суравежкамі, зялёнкамі, лісіцамі, апенькамі не паганіў ён свайго кашаля і баравіковага таварыства. Не браў і казлякоў, махавікоў, бабак, падасінавікаў. Будзе ісці і, калі трапіў яму такі грыб пад нагу, не абміне, растопча.

Да самага змроку забавіўся ў лесе музыка. Шараю гадзінаю выйшаў ён у шчыры бор з маладняку. І не шум баравы яму ў гэтым бары па японскай вайне. Знаёмымі сцежкамі папацёмку пасунуўся ён дадому.

На ўпартага чалавека нарваўся гэтага дня Вінцэнты Заблоцкі. Не ўцёк-такі ад яго просьбы. На сваё гумно прыйшоўшы, бачыць ён: адчынена адна фортка варот у таку. Ідзе ён бліжэй і чуе: нешта ці нехта па-конску хрумкае там, у будынку. Калі ж Вінцэнты, гаспадаром быўшы, абедзве форткі адчыніў, лепш тады і больш пачуў і ўбачыў ён тут. Стаіць у яго таку тая самая, што перша, як адыходзіў у лес у грыбы, бачыў каля сваіх варот, сівая кабыла. Да чужой, здэцца, крыху знаёмай каламажкі прывязана яна, цягае папоўніцы зялёную, толькі што скошаную канюшынную атаву з перадка. Уцякаў Вінцэнты, ажно — на гумне жончын і нечы другі, крыху знаёмы, голас, — сам ён у рукі прыйшоў.

Ды ці мала ў музыкі крыху знаёмых каламажак? Прыгледзеліся яны Вінцэнтаму. Ды ці мала ў музыкі крыху знаёмых галасоў?! Прыслухаліся яны Заблоцкаму.

— Ну й толькі бяды. І паеду, і пайграю… — сам сябе цешыць ён. — Што гэта мне, цяжка?

Ажно, як зайшла Разэля з незнаёмым чалавекам у ток, бачыць Вінцэнты, што і туляцца, уцякаць яму няма ад каго. Той незнаёмы і надта знаёмым зрабіўся. Быў ён не хто чужы: Разэлін брат, Вінцэнтаў швагер Алесь з Копанаўшчыны. Прасіў ён Заблоцкага, каб швагерцы вяселле пайграў, а Разэлю прасіў за свацянку на сястрыно вяселле прыехаць. Прасіў перш Алесь Разэлі, каб яго просьбу пераказала Вінцэнтаму. А потым Разэля Алеся папрасіла яе Вінцэнтага заўтра рана на вакзал падвезці.

— Няма як яму, Алеська, на вяселлі быць. Сягоння казалі: у войска ісці трэба.

Падрадзіўся Алесь зрабіць сястры гэту ласку. Астаўся ён начаваць у Заблоцкіх, каб заўтра рана, з певунамі разам, устаць ды, пакуль развіднее, на вакзале быць. Даўней рэдка калі ездзілі на машыне нашы баркаўчане, — пары не зналі. А наш чалавек надта ж баіцца, каб хаця на тэрмін не спазніцца.

Гэта ж таго дня, як сышоў Вінцэнты ў лес у грыбы, быў надвечар сход у Баркаўцох. Ужо даўно недзе далёка, недзе на свеце было некаму горача ад вайны, як ад добрай, цяжкой работы. А ў Баркаўцох і мала знаку ад таей далёкай калатні. Даняло людзям толькі, як у воласці загад прыйшоў, што адзін год — той, з якога Вінцэнты — бралі ў войска японцаў біць. Прачытаў на сходзе валасны старшыня той загад. Так ён тады яго начытаўся, што аж галава круціцца пачала і ў вачах кругі пасталі. Адны вялікія літары, і то добра падумаўшы, разбіраў даўнейшы баркаўскі валасны старшыня, а такія, як у тым загадзе, у яго ўсе былі падобны адна на адну. Дрэнныя, не памятушчыя меў ён вочы, няскладны, клышаногі язык, але затое прабеглы быў пісар у старшыні. Як толькі большае начальства скончыла чытаць, тады меншае — пісар — чытаную, але не разабраную мову падхваціла: пераказала яно нанава ўвесь загад, сказала па імені, каму з баркаўчан ісці трэба і што заўтра ўсім «памянёным» трэба рана на вакзале быць. Потым яшчэ нагаварыў пісар шмат чаго ад сябе. Самае ж галоўнае — пра шапкі.