Выбрать главу

Канечне, тады рускаму цару, — як пісар казаў, — хацелася японцаў шапкамі закідаць, a то яму тады перад другімі царамі будзе не гонар. Гэта слова добра залавілі баркаўчане, а далей пісаравай мовы яны добра не разабралі — надта ж хуценька гаварыў: ці тыя шапкі будуць казённыя ў войску даваць, ці свае з дому браць трэба — не ведалі.

Вячэраючы, расказала Разэля Вінцэнтаму, што чула на сходзе. А калі яна дзе на якім цераз лад хітрым слове ўвапрэцца, там брат ёй мала чаго лепей паможа.

— Можа, гэтак? — папытае.

Паглядзеў з-за стала Вінцэнты на сваю шапку, што ў парозе вісела на круку. Сам Заблоцкі — мужык, a шапку шляхечую насіў. Малая яна была ў яго. Верху чуць завад. Дзе ты гэтакімі шапкамі японцаў закідаеш?!

На аднаго японца іх трэба незлічоны лік, а дзе тых шапак на цэлае войска набярэшся?!

От каб такія шапкі патрэбны былі, што імі можна б было ад японскае кулі сябе засталучыць! Такой бы шапкі сабе наш чалавек і ў войску б выстараўся і з дому б узяў, каб меў. А то — японцаў закідаць?! Некаму надта галава баліць, што цару не гонар будзе?! Што нашаму чалавеку цар — сват, брат ці за адным сталом гарэлку піў з кім у Воркавай карчме?

V

Невялікая сям’я ў Вінцэнта Заблоцкага. Назаўтра, як прыйшлося развітацца, дык і няма з кім. Адна Разэля. От ужо чацвёрты год па вяселлі пайшоў, чацвёрты год, як Разэля з Ткачышкі на Заблоцкую перабіжмавалася, з Конапаўшчыны асталася сюды, у Баркаўцы. Не было ў іх хаце ні разу смерці за гэтыя гады і ані сям’я не пабольшала. На адны грыбы ды на сваё абрыджонае гранне быў майстар Вінцэнты.

— Аставайся здарова ды не журыся надта, — сказаў ён Разэлі на ад’ездзе.

Селі яны ўдвох з Алесем на воз ды паехалі.

Адна Разэля доўга стаяла ў варотах, уцірала ражком хусткі вільготныя вочы.

А быў якраз ветах. Пад раніцу была відная ноч. Ехалі яны і маўчалі. Вінцэнты пазіраў у адзін бок, Алесь у другі. Першы, унурыўшы ўніз галаву, заўважаў, іншай, лепшай работы не маючы, як вобмацкам пад граззю шукае сабе кола цвярдой дарогі — расхінае гразь на бакі, каб другому, хто потым па гэтым месцы будзе ехаць, спрытней было. Другі на бакі глядзеў, дзе што ў каго пасеяна было: дзе якое ржышча, дзе якая — мяльчэйшая, глыбейшая — ралля.

— Што гэта ў вас за чалавек ёсць, што яго поле аблогам ляжыць? — пытае Алесь, Вінцэнтаву ніву ўбачыўшы. — Хто ён — кравец, шавец ці стэльмах які?

— Ды гэта не хто далёкі — сусед мой. Не шавец, не кравец ён, а закройшчык: кроіць хлеб на лусты, калі ёсць на стале. Праз паганы свой талент ды праз дурную натуру ўрабіць зямлю не паўздужае. У арэнду яе выпусціў. І добры гаспадарок яму ў пасэсары трапіў. Дзірванок. Можа, чулі калі такое прозвішча?

Шмат баек мае Вінцэнты пра свайго пасэсара. Любіць іх час-часом людзям у вясёлай бяседзе расказаць. Згадзіліся яны яму і цяпер, у ранняй дарозе. Хваліць Дзірванка, аж падсмакуе.

— Ого! Што за гаспадарок — Дзірванок! Нізенькі ён такі, шэранькі, як верас, што на дзірванох расце. А працавіты, старанны чалавек. Ніколі не хоча, каб маё перайшло, а мне кожан раз свайго перапусціць.

— Змыліўся Вінцэнты ды чужога, суседава Дзірванка сабе прысвоіў. Ён мне і авечкі на сваёй арэндзе папасе, і хвоек на будыніну загадуе. Згніе хата, дык я з яго дачы дарам бярвення вазьму. А што дровы секчы, дык хоць сягоння едзь. Казаў: «Ні білета, ні платы — нічога не трэба. І аб’езчыка не будзеш чакаць, пакуль адбіць змоліцца. Без ніякага адбою вязі, і ніхто табе слова не скажа».

На баркаўскім чвыраватым полі Дзірван лёгка ў арэнду бярэ. Гадоў на два запусці ніву, дык ён чабаром, верасам яе засее, хвоек панатыкае, а дзе-нідзе і маладзенькіх бярозак к сёмусе на май панасаджае. Гадоў за колькі свой лес загадуе.

Не ў аднаго Вінцэнта хвойнік на нівах, не адзін ён знаецца з Дзірваном. Шмат абложных ніў траплялася ім па дарозе. Але такі Вінцэнтава адмянілася ад усіх. Дзе толькі ёсць яго нівы, адразу кожную пазнаеш. На іх пасэсар такія хвоі пагадаваў, што з гора і на хату дабры, а ў Вінцэнтавых суседзяў усяго на калатоўку.