Выбрать главу

Эпілог. Травень, 2010

– Павел, вы бачылі, што нарабілі сваім артыкулам?

– А што такое? Я нешта не тое дзесьці напісаў? – Кміціч здзівіўся, бо даўнавата Аляксей Пятровіч не тэлефанаваў яму на мабільнік.

– Чытаю сённяшнюю прэсу. «У цэнтры Оршы на тэрыторыі былога езуіцкага кляштара, дзе цяпер знаходзіцца культурны цэнтр (дзіцячая бібліятэка, выстаўная зала, дом рамёстваў), невядомыя зладзілі раскопкі. Уначы яны падагналі бульдозер з бліжэйшай будоўлі і выкапалі катлаван. Зранку яму пабачылі гараджане, якія праходзілі міма. Супрацоўнікі міліцыі шукаюць зламыснікаў».

– І пры чым тут я?

– А хто напісаў пра французскія скарбы ў падзямеллях у езуітаў?!

З абодвух бакоў павісла няёмкая паўза.

– Я вас прашу, Павел, напішыце, што няма там ніякіх скарбаў даўно. Бо дурняў жа ў краіне нямерана! Палезуць зараз гэтыя «чорныя капачы» шукаць золата французскіх каралёў…

– А скарбаў там сапраўды няма? – асцярожна пацікавіўся журналіст. – Вы правяралі?

У адказ ён пачуў цяжкі ўздых:

– Павел, вы ж, здаецца, разумны чалавек. Сшытак Зана быў у нас з 1927 года. Турма была закрытай установай пад нашым кантролем, куды не было ходу пабочным асобам… Ну няўжо складана скласці два і два?

Кміціч адклаў слухаўку і зразумеў, што гэтыя «два і два» ў яго ніколі не складуцца, пакуль будуць сыходзіць ад такой крыніцы, як Аляксей Пятровіч.